— Не смейся, я перакананы, што нас Расія выратуе!
— Выратуе! А для чаго? Падумай сам, чаму была зачынена кампартыя Заходняй Беларусі? Выходзіць, што ты са сваімі камуністычнымі ідэямі ўжо непатрэбны! Калі так, ты можаш стаць першым ворагам Савецкай Расіі!
— Гэтага не можа быць! Я рызыкаваў жыццём дзеля перамогі справядлівасці і дабра ва ўсім свеце.
— А свет жыў і не заўважаў тваіх намаганняў, хіба толькі дэфа цікавілася табой, — засмяяўся Гардзей.
— Заўважаць і ацэняць, не сумнявайся!
— А што ты запяеш, калі сюды прыйдуць немцы? Якія знішчаюць камуністаў і яўрэяў.
— Гэта будзе жах, — уздыхнуў Яўсей. — Але я перакананы, што немцы сюды не дойдуць.
Гардзей памаўчаў, усміхнуўся сваім думкам і сказаў:
— Я помню немцаў, якія стаялі у Крачках у Першую сусветную. Вядома, і яны былі розныя. Вунь, узяць тых, што жылі ў маёй хаце ды ахоўвалі чыгунку. Дык адзін, яго звалі Вілі, вучыў мяне нямецкай мове. Пакажа рэч, скажа, як называецца, а я за ім паўтараю. Калі ад’язджалі, мне карову падаравалі. Хвалілі мяне, што адзін вяду гаспадарку. Маіх сясцёр малалетніх кватаранты частавалі чым-небудзь смачным. Карацей, былі яны як і ўсе людзі.
— А карову тую яны ў некага адабралі. Такога ж, як мы з табой. Можа, нечых дзяцей толькі яна і карміла. І яшчэ скажу: не могуць рабаўнікі і забойцы быць людзьмі, — упэўнена адказаў Яўсей.
— А ты ведаеш, здаецца мне, што мяне і цябе вучылі ў войску забіваць. Усе вайскоўцы патэнцыяльныя забойцы. А ўсе мужчыны — вайскоўцы. Але вось што страшна, Яўсей. Нешта ў нашым чалавечым асяродку адбываецца не так.
Гаворка іншы раз канчалася мірна, іншы раз суразмоўцы разыходзіліся расчараваныя і злосныя з-за таго, што не маглі адстаяць сваю думку, абгрунтавана і доказна зрабіць прагноз развіцця палітычных падзей на будучыню. Вядома, кожны гаварыў так, як думаў і лічыў сваё ўспрыняцце і разуменне жыцця ці не адзіна правільным.
Гардзей уважліва чытаў газеты, якія толькі ўдавалася здабыць; калі наведваўся ў Брэст, слухаў у знаёмага яўрэя радыёпрыёмнік «Тэлефункер» і прыходзіў да высновы, што без вайны не абыдзецца, занадта напружанае становішча склалася вакол Польшчы. Немцы толькі шукалі зачэпку, каб рушыць сваё войска на ўсход. Пра гэта сведчылі падзеі ў Гданьску ды і шмат іншых правакацый. Гардзей па-свойму рыхтаваўся да магчымай вайны, якая магла дакаціцца і да Крачак. Ён мала займаўся гаспадаркаю, скупляў у вяскоўцаў бычкоў і перапрадаваў яўрэям, запасаўся соллю, запалкамі, газаю, крупамі, гарэлкаю. Яўрэі лёгка давалі тавары напавер, прадчуваючы час выпрабаванняў і разумеючы, што са звычайнага пакупніка спагнаць доўг лягчэй, чым з якой улады, якая, калі ёй трэба, можа канфіскаваць усё чыста і дзякуй не скажа.
У пачатку верасня да Крачкаў даляцела вестка пра тое, што Германія напала на Польшчу. З захаду ў Брэст і Жабінку пацягнуліся бежанцы — людзі з разгубленымі і ўстрывожанымі тварамі. Гардзей узіраўся ў іхнія вочы і занепакоена думаў, што, магчыма, і ягонай сям’і давядзецца перажыць нешта падобнае. Трэба быць гатовым да ўсяго, а гэта азначала, сушыць сухары, прыкопваць дзе-якую маёмасць.
Праз тыдзень нямецкі самалёт скінуў некалькі бомбаў на Брэст, загінулі людзі. Тры дні ішлі баі за крэпасць. Неба грукатала і набрыняла чырванню, водгулле яго далятала да Крачкаў, трывожыла і палохала вяскоўцаў невядомасцю. Нехта з крачкаўцаў бачыў немцаў у Берасці, нехта — у Жабінцы, казалі, што паводзілі прыхадні сябе спакойна, нікога не чапалі, пераважна сачылі за працаю чыгункі. Пасля прыйшла навіна, што і Савецкі Саюз уступіў у вайну і рушыў сваім войскам насустрач нямецкаму. Людзі пачалі чакаць добрых перамен: усё ж такі прыйдуць вызваліцелі з краіны, дзе няма прыгнятальнікаў, і прынясуць братэрскую любоў і роўнасць, дадуць сялянам зямлю і волю.
Гардзей пад уплывам агульнага настрою ў Крачках таксама пачаў спеліць надзею на лепшыя зрухі ў сваім жыцці. Якія яны будуць, не ведаў, але спадзяваўся, што спатрэбяцца дзяржаве ягоны розум і жаданне працаваць на агульную карысць.
2
Як толькі крачкаўская моладзь даведалася, што Чырвоная Армія ўжо ў Баранавічах, адразу распачала падрыхтоўку да сустрэчы вызваліцеляў: у канцы вёскі з боку Жабінкі хлопцы паставілі трыумфальную браму, дзяўчаты ўпрыгожылі яе дзеразою і познімі восеньскімі кветкамі, вывесілі чырвоныя сцягі. У гэтай справе самы актыўны ўдзел бралі былыя падпольшчыкі Яўсей Пух і Іван Валошчык, да іх далучыліся Серафім Барэйша, Марфа Хвясюк, а таксама цікаўныя падлеткі з Крачкаў ды Сцяблова.