Выбрать главу

3

Невялікі атрад чырвонаармейцаў усё ж зазірнуў аднойчы ў Крачкі. Камандзір ехаў на кані, астатнія вайскоўцы ішлі пешкі. Крачкаўцы сабраліся вакол гэтых здарожаных людзей, разглядвалі іх, іхнія чубатыя шапкі з чырвонымі зоркамі.

Сярод вяскоўцаў былі Гардзей і Марк, да іх падышоў Яўсей Пух, павітаўся.

— Ну, вось і дачакаўся ты, Яўсей, вызваліцеляў, — сказаў Гардзей. — Як яны табе?

— Сокалы!

— Нешта гэтыя сокалы надта здарожаныя, — заўважыў Марк.

— Пераможцы, — адказаў Яўсей. — А ты чуў, што немцы палякаў у Берасці і пад Кобрынам так пабілі, што тыя не ведалі, куды бегчы. Цяпер возьмуць нас у Савецкі Саюз, і зажывём мы ў міры і згодзе роўныя сярод роўных.

— Чаму гэта нас, як дзеўку-векавуху, абы-хто павінен забіраць? — спытаў з усмешкаю Гардзей. — Ці не можам мы самі жыць самастойна? Было ж ужо! Жылі! Ад мора да мора цягнулася наша зямля!

— Савецкі Саюз — такая дзяржава, што кожны палічыць за гонар быць у яе складзе. Толькі дурань можа адмаўляцца ад такой прапановы, — запярэчыў Яўсей.

— Я часам слухаю радыю і дзіўлюся, колькі ў асяродку саветаў ворагаў народа развялося. А ці не можа быць, што яны і ў нас пачнуць ворагаў вышукваць?

— Гародзіш абы-што, — абурыўся Яўсей.

Іхнюю гаворку перарваў гармонік. На вуліцу выйшаў Сымон Чмель, заспяваў прыпеўкі:

Не судзіце, добры людзі, Што я абшарпаўся, Мой татулька такі быў, Я ў яго ўдаўся.

З натоўпу выскачыла Марфа і пусцілася ў скокі. Перад ёю ўзнік чарнавусы чырвонаармеец і пайшоў паўкругам упрысядкі. Танцоры расчырванеліся, усміхаючыся адно аднаму, здаецца, нікога і не бачылі вакол, столькі жарсці, упэўненасці і сілы было ў іхніх рухах. Чырвонаармеец сцягнуў чубатую шапку, агаліў чарнавалосую галаву. У адказ і Марфа сарвала з галавы паркалёвую хустачку і, размахваючы ёю, усё прытупвала ды кружылася вакол смуглявага напарніка. А гарманіст тым часам сыпаў прыпеўкамі, голас ягоны быў моцны, гарэзлівы.

А, мілашачка мая, Стаў я разжывацца. Прадаў сенцы, купіў дзверы, Буду зачыняцца.

— Марфа нідзе не разгубіцца, — заўважыў Марк.

— Ёй няма чаго губляць, акрамя свайго Якуба, які абрыд ёй, як вашывы кажух, — сказаў Гардзей.

— Агонь-баба! — з задаволенаю ўсмешкаю прамовіў Яўсей.

— Зараз рэвалюцыю зробіць з гэтым чарнявым ды кучаравым, — засмяяўся Гардзей.

— Для паляпшэння Якубавай пароды — не шкодзіла б, — азваўся Марк.

Тым часам да гарманіста падышоў чырвонаармеец, нешта сказаў — і гармонік сціх. Камандзір ускочыў на лаўку, дзе сядзеў Чмель, абдымаючы гармонік, звярнуўся да прысутных:

— Таварышы! Непераможная Чырвоная Армія на штыках прынесла вам свабоду! Я віншую вас са святам вызвалення. Цяпер у вас пачнецца новае светлае жыццё! Я жадаю вам плённага і шчаслівага будаўніцтва.

Далей камандзір пачаў хваліць савецкі лад жыцця і расказваць пра поспехі, якіх дасягнуў савецкі народ, пра бязмежныя перспектывы новых здзяйсненняў і перамог. Калі прамоўца скончыў гаварыць, на ягонае месца ўскочыў малады хлопец са Сцяблова Леванюк і пачаў дзякаваць вызваліцелям за тую ласку, якую яны зрабілі.

— Дзе гэта ён навучыўся так спрытна гаварыць? — здзівіўся Гардзей.

— Мая школа! З паўгода быў у мяне камсамольцам, пакуль партыю не распусцілі, — з гонарам адказаў Яўсей.

— Можа былым партыйцам цяпер пасады будуць даваць? — пацікавіўся Марк.

— Не ведаю, — паціснуў плячамі Яўсей. — Адзін сябар з Берасця казаў, што да былых капэзэбоўцаў новая ўлада ставіцца з насцярогаю.

— Эх, Яўсей, казаў я табе, што мы нікому не трэба, а нашая ахвярнасць — тым больш, — з усмешкаю заўважыў Гардзей. — Як былі мы нічым, так і застаёмся.

— Ты памыляешся, не можа быць, каб новай уладзе не спатрэбіліся адданыя людзі, — упэўнена адказаў Яўсей.

— Зрэшты, напэўна, палякаў зараз пагоняць з цёплых месцаў, дык мо нам што-небудзь дастанецца. Пайду я, хлопцы, няма ахвоты слухаць гэтага самавука, — грэбліва кіўнуў Гардзей у бок Леванюка.

4

Новая ўлада паціху ўсталёўвалася. У Сцяблове адчынілі сельсавет у хаце заможнага чалавека, нядаўна вывезенага невядома куды. Старшынёю прызначылі «васточніка», чалавека пахмурнага, насцярожанага, які прыехаў аднекуль з Расіі. З ранку да вечара гарлала чорная талерка радыё, прымацаваная на слупе; над дахам сельсавета развяваўся чырвоны сцяг; а ў памяшканні вісеў плакат з партрэтам Сталіна, які пільна прыглядаўся са сцяны да кожнага прысутнага. У склад сялянскага камітэта ўвайшлі крыклівая Марфа, безгалосы Серафім, паслужлівы Леванюк і яшчэ некалькі непісьменных сялян. Гардзей назіраў збоку за тым, што адбывалася, і здзіўляўся сваёй наіўнасці. У глыбіні душы ён усё яшчэ спадзяваўся: аднойчы згадаюць пра тых, што сядзелі ў турмах, якія імкнуліся змяніць да лепшага жыццё тутэйшага люду. Аднак таемныя яго спадзяванні былі дарэмныя. Наступіў новы час. Новыя людзі імкнуліся стаць гаспадарамі жыцця. А калі пайшла пагалоска пра тое, што вывезлі ўсіх асаднікаў, леснікоў і таго-сяго з больш багатых сялян, нават Марка збіраюцца раскулачваць за нявыплачаныя падаткі, Гардзей зразумеў, што трэба сыходзіць у горад. Там людзям пры ўсялякай уладзе жывецца лягчэй. Адпрацаваў належныя гадзіны, атрымаў заробак, і жыві сабе, як хочаш. Зрэшты, у хаце Кірылы Гардзей лічыўся толькі прымаком. Гаспадарка ж была даволі вялікая: тры каровы, пара коней, чатыры адкормленыя парсюкі. Усю гэтую жывёлу трэба было тэрмінова збываць і рабіцца бедняком, пра гэта і сказаў зяць цесцю. Той спачатку заўпарціўся, а потым згадзіўся з Гардзеем і здаў у нарыхтоўчую кантору жыўнасць, пакінуўшы сабе самае неабходнае, дзякуючы чаму разлічыўся з падаткамі і трапіў у лік сераднякоў.