Выбрать главу

Паколькі гаспадарка паменшылася ўтрая, дык Гардзей палічыў за лепшае пашукаць сабе які заробак у Брэсце, бо дома цесць з Зосяю і самі добра спраўляліся. Летам Гардзею знайшлася добрая, на яго думку, пасада памочніка каморніка на складзе вагоннага дэпо. Паколькі каморнік аказаўся не надта пісьменным «васточнікам», але затое адданым рэвалюцыі камуністам з Ленінграда, які прыехаў дапамагаць братам-беларусам усталёўваць новы лад жыцця, дык Гардзей рабіў за яго справаздачы і ўсялякую цяжкую і чорную работу: насіў скрыні, прыбіраў склад, а каморнік выдаваў рабочым спецвопротку і рознае начынне. З месяц Гардзей штодня пасля працы дабіраўся нанач дадому, а потым знайшоў сабе кватэру. Гаспадыняю аказалася ўдава цырульніка, прыемная гладкая маладзіца гадоў сарака з гакам. Дзяцей яна не мела, таму ўзялася шчыра апекаваць свайго кватаранта.

— Муй каханы! Муй пенькны прыйшоў! — такімі словамі звычайна сустракала яго пані Ванда, замілавана складваючы пульхныя ручкі на грудзях, як перад малітваю, а праз тыдзень-два — дык і гарачымі абдымкамі ды пацалункамі.

Гардзей, уражаны такой нечаканай прыхільнасцю, стаў рэдка наведвацца дадому. Занадта прэсным і стрыманым падалося яму каханне Зосі, якая пры бацьку ніколі нават не абняла мужа. Сам жа ён, як яму здавалася, нікога не кахаў. Праўда, аднойчы, калі яшчэ служыў у войску ў Варшаве, убачыў у двары аднаго багатага асабняка дзяўчыну ў блакітным каптурыку і сінім плашчы. І такая яна была прыгожая і пяшчотная, што, здавалася, за яе і жыцця не пашкадаваў бы. Дзяўчына знікла за цяжкімі дзвярыма, якія перад ёю адчыніў лёкай у ліўрэі, аблямаванай залацістым шлякам. Колькі пасля ні прыходзіў да той агароджы Гардзей, дзяўчыну яму больш убачыць не давялося. Ён быў перакананы, што тую юную палячку ён, напэўна, кахаў бы да канца свайго жыцця. Гэта было б не проста існаванне, а свята. Тое, чым цяпер жывілася яго душа, здавалася шэрым і не цікавым, часовым упрыгожаннем будзённасці стала цырульнікава ўдава.

Праз паўгода Гардзей вырашыў, што з Зосяю больш жыць не будзе, а застанецца з Вандаю. Ён захапляўся сваёю пранырліваю гаспадыняю, якая здолела ўладкавацца прадаўшчыцаю ў новую толькі што адчыненую прадуктовую краму і забяспечвала сябе і кватаранта харчамі, якія ўвогуле цяжка было купіць у горадзе. Прыватныя гандлёвыя кропкі былі зачынены, а ўсё, што мелася ў продажы ў дзяржаўных магазінах, скуплялі тыя, у каго былі савецкія грошы. Злотыя нідзе не прымалі. Тутэйшае насельніцтва, калі і хацела купіць якія тавары, дык не мела чым заплаціць.

Сказаць Зосі пра сваю новую сям’ю Гардзей не адважваўся, хоць зрэдку наведваўся дамоў, каб пабачыцца з сынам і завезці яму якога гасцінца. Але ўсё гэта было не так важна, калі-небудзь яна і сама дазнаецца. Такім чынам, Гардзееў лёс павярнуў у новае рэчышча, аднак здарылася непрадбачанае. Аднойчы, калі ён прыйшоў на працу, загадчык склада сказаў яму, што яго тэрмінова выклікаюць у аддзел кадраў.

У аддзеле кадраў Гардзея чакала непрыемная навіна. Дзябёлая маладзіца, з шэрым невыразным тварам і з дрэнна прамытымі чорнымі валасамі, зачэсанымі на прабор і закручанымі ў куксу на патыліцы, паклала перад ім на стале працоўную кніжку і загад, сказала:

— Пазнаёмся.

Гардзей прабег вачамі напісанае ў загадзе і зразумеў, што ён звольнены з працы як чалавек палітычна ненадзейны і шкодны для савецкай улады.

— Гэта хлусня! Я сядзеў у польскай турме за стварэнне камсамольскай ячэйкі і ўдзел у падпольнай працы! — абурана запярэчыў Гардзей.