— Усе вы цяпер патрыётамі сталі! А сам выбіраўся радным у гміну! Хацеў утаіць гэта ад савецкай улады! Мы ведаем усё пра ўсіх! Скажы дзякуй, што не паслалі туды, куды Макар цялят не ганяў! А мы яшчэ і разлік табе даём! Ідзі ў бухгалтэрыю і атрымай.
Гардзей пакінуў кабінет, трымаючы ў руцэ загад і яшчэ не верачы таму, што з ім здарылася, аднак у касе яго ўжо чакаў поўны разлік. Ён згроб у кішэню грошы, якія яму дала касірка, і выйшаў на вуліцу. Хацелася хутчэй удыхнуць свежага паветра, пабыць аднаму, каб асэнсаваць непрыемную падзею. Ніяк не мог зразумець, чаму так здарылася, што ён быў ненадзейным для палякаў, а цяпер стаў такім і для саветаў, хоць з ахвотаю працаваў і, зрэшты, быў задаволены жыццём.
Гардзей рушыў уздоўж рэек, раздумваючы, што ж яму рабіць далей: заставацца з Вандаю і паспрабаваць пашукаць новую працу, ці... Але з тым запісам, які яму зрабілі ў працоўнай кніжцы, напэўна, яго нікуды не возьмуць. Адразу ўзнікла пытанне: гэта кляймо на ўсё жыццё? За што? Гардзей адчуў нязвыклую стому ў нагах і накіраваўся ў будынак вакзала, каб там пасядзець у зале чакання і ўсё як след абдумаць. Раптам яго нехта паклікаў. Ён азірнуўся і ўбачыў Яўсея Пуха і Івана Валошчыка, пастаяў нерухома, пакуль хлопцы падышлі і павіталіся з ім за руку.
— Ты чаго такі прыгаломшаны? — спытаў Яўсей.
— З працы звольнілі, палічылі, што палітычна ненадзейны, — адказаў Гардзей.
— Знайшоў пра што бедаваць! На наш век працы хопіць, — ляпнуў яго па плячы Валошчык.
— Не, ты не разумееш, што адбываецца. Я ў польскай турме сядзеў, здароўе губляў, жыццё, лепшыя гады кату пад хвост, а яны. — горача запярэчыў Гардзей. — Гэта несправядліва!..
— Знойдзем табе справу, трымайся мяне. І ўсё будзе выдатна, — супакоіў Гардзея Яўсей.
— А што ты ўжо такі вялікі начальнік?
— Працую следчым па асабліва важных справах. Лаўлю бандытаў, жулікаў, спекулянтаў. Ат, рознай набрыдзі наехала ў Брэст, што выдаюць сябе за бежанцаў. Уяўляеце, у аднаго багаценькага аўтамабіль канфіскавалі, дык ён ходзіць да нас, скардзіцца і піша заявы. Думаю, што яго і самога хутка возьмем за каршэнь, каб не надакучваў.
— І ты задаволены такою працаю?
— А чаму ж не? Зарплата добрая, кватэру далі як адказнаму і важнаму работніку. А зрэшты, чаго мы тут стаім? Пайшлі да мяне, адзначым улазіны, — гасцінна запрасіў Яўсей.
— Я дахаты сабраўся, амаль месяц сына не бачыў, — пачаў аднеквацца Гардзей.
— Заўтра ж нядзеля. Паедзеш і пабачыш. Нікуды твой сын не дзенецца. Пайшлі... Пасядзім цёплым мужчынскім гуртам, успомнім маладосць. Калі яшчэ такі выпадак надарыцца?
Гардзей паглядзеў на хлопцаў і згодна махнуў рукою, маўляў, колькі таго жыцця, і тое абы-якое.
— Мо ў складчыну купім якую пляшку? — спытаў Валошчык.
— Нічога не трэба, у мяне ёсць што выпіць і нават на закуску сала знойдзецца, — сказаў Яўсей. — Трымаю недатыкальны запас. Часам вярнуся з задання, у вачах чорныя плямы скачуць ад стомы, дык вазьму стограмовачку — і ад сэрца адляжа.
— А што? Страшна бывае? — спытаў Валошчык.
— Усяляк бывае: і страшна, і паскудна, і агідна... Але не будзем пра дрэннае.
— Мо сярод следчых чуваць што пра Мацея? Як ён там перайшоў мяжу ды ўладкаваўся, — раптам згадаў Гардзей.
— Нічога не чуў, але, хлопцы, паміж намі, кажуць, перабежчыкаў расстрэльвалі, — адказаў Яўсей шэптам.
— За што? — здзівіўся Гардзей.
— Быў бы чалавек, а артыкул для пакарання знойдзецца...
Пачутае збянтэжыла і ўстрывожыла Гардзея: няўжо так? Што ж гэта робіцца на свеце?..
Яўсеева кватэра была недалёка ад вакзала, у тым самым будынку, дзе раней Гардзееў знаёмы яўрэй прадаваў бакалейныя тавары. Маёмасць у гандляра забралі, а яго з сям’ёю некуды выслалі.
Новы гаспадар адамкнуў дзверы невялікага пакоя, у якім стаялі незасланы ложак, абшарпаны стол і пара табурэтак. Пры сцяне мясцілася вялікая скрыня, размаляваная кветкамі. Шырокім жэстам гаспадар запрасіў гасцей:
— Заходзьце ў маю хату, чым багаты тым і рады. Сядайце, каму дзе зручна.
Яўсей дастаў са скрыні пляшку гарэлкі, тры шклянкі, паклаў на стол кавалак сала, бохан хлеба, дзве цыбуліны, ляпнуў у ладкі:
— Балюем!
— Балюем! Яшчэ як! — бадзёра падхапіў Валошчык.
Першы раз паднялі шклянкі за здароўе і сустрэчу. Пасля трэцяга тоста на стале з’явілася яшчэ адна пляшка. Паплылі ўспаміны пра маладосць і маленства. Усе пра нешта гаварылі, і хоць, здавалася, што ніхто нікога не слухаў, ім было добра сядзець разам сярод ночы і згадваць той час, які назаўсёды прамінуў, і была надзея, што наперадзе іх чакае нешта яшчэ больш цікавае і светлае.