Выбрать главу

Нехта з мужчын сказаў:

— Няма тваіх крыўдзіцеляў тут, ідзі дахаты, Гардзей.

Гардзей раптам супакоіўся, аціх і пакорна пайшоў у суправаджэнні Зосі і Серафіма, быццам прыступ вар’яцтва адступіў і даў яму магчымасць хоць нядоўга пажыць цвярозым розумам. Аднак гэты спакой вярнуў хвораму адчуванне болю. Ён абхапіў галаву рукамі і закрычаў:

— Трымайце маю галаву! Яна зараз разляціцца на дробныя кавалкі! Трымайце мяне! Трымайце!

Зося з Серафімам падхапілі Гардзея пад пахі і павалаклі ў бок хутара. Ён хістаўся, плёўся, як п’яны, і ўвесь час скардзіўся на боль у галаве.

— Нічога! Нічога! — супакойвала мужа Зося. — Зараз запражом каня і паедзем у Жабінку да доктара. Ён дасць табе ад галавы лекаў, і ты ачуняеш. Ціха! Ціха! Не крычы!

— Ад вар’яцтва няма лекаў! Мяне атруцілі! Я ім адпомшчу! — Гардзей зноў пачаў вырывацца з рук.

— Ціха! Ціха! Не смяшы людзей! Маўчы! Няхай ворагі не радуюцца нашай бядзе. Тых, хто нашкодзіў табе, пакарае Бог. А ты супакойся, пойдзем дахаты, там цябе сынок чакае, — упрошвала мужа Зося, і ён аціх, скарыўся яе цёплым рукам, ласкаваму голасу, яе просьбе не гнявіць Бога і не смяшыць людзей.

6

Серафім, не шкадуючы каня, імчаў у Жабінку. За яго спінаю курчыўся на возе Гардзей, абхапіўшы галаву рукамі, побач з якім сядзела Зося і ўгаворвала мужа, як малое дзіця, каб ён не нерваваўся, патрываў боль, хутка яны прыедуць да доктара, і той дасць рады. Гардзей сапраўды аціх, быццам задрамаў. А Зосі згадаўся сон, які прысніў бацька, пасля таго, як яна з Гардзеем пачала жыць разам. Прыснілася бацьку, што перад хатаю вырас дуб з падсохлаю вершалінаю. Сон аказаўся як у руку. Хоць і спачувала Зося Гардзею, аднак не магла дараваць таго, што ён застаўся нанач невядома з кім, замест таго, каб ехаць да сям’і. «Гэта яго Бог пакараў, што зусім ад дому адбіўся, — думала яна. — Затое цяпер ён ужо будзе са мною. Бог усё бачыць і вучыць некаторых разумнікаў, як трэба жыць. А тым, хто не слухаецца Божага голасу, пасылае немач, каб астудзіць гарачую галаву».

Каля амбулаторыі Зося пабудзіла Гардзея і сказала:

— Прыехалі ўжо, пойдзем да доктара.

— Дзе? Дзе той доктар? — закрычаў Гардзей, саскочыў з воза і пабег уздоўж вуліцы, Зося і Серафім кінуліся ўслед за ім.

Наўрад ці ўдалося б ім затрымаць дужага мужчыну, апантанага хваробаю, які не надта разумеў, што з ім робіцца, а кіраваўся логікаю парушанай свядомасці, каб ён не ўбачыў будынак, дзе раней мясціўся пастарунак, а цяпер знаходзілася Жабінкаўскае аддзяленне міліцыі, і не ўбег туды і не пачаў крычаць, што тут знаходзяцца душагубы, якія пры Польшчы яго гнаілі ў турме, а цяпер наогул вырашылі звесці са свету. Тры міліцыянеры накінуліся на Гардзея, ды ён раскідаў іх і пачаў ламацца ў нейкія замкнёныя дзверы. Адзін з міліцыянераў моцна стукнуў яго па паясніцы — Гардзей войкнуў і прысеў, і тады ўсе трое накінуліся на яго, звалілі на падлогу, скруцілі. У гэты момант прыбеглі Зося і Серафім.

— Што вы робіце? Ён жа хворы! Ён вар’ят! Спыніцеся! — закрычала Зося, адцягваючы міліцыянераў.

Міліцыянеры пакінулі Гардзея ў спакоі, цяжка дыхалі. Адзін спытаў:

— Як прозвішча?

Зося хуценька сказала, як завуць мужа, дзе жыве, дзе працуе, расказала пра хваробу, якая ўсчалася нечакана.

— Завядзіце яго да доктара, няхай агледзіць і дасць заключэнне. Калі гэта не вар’ят, вядзіце сюды. Мы з ім хутка разбяромся, хто такі, — сказаў адзін міліцыянер, відаць, старшы.

Зося і Серафім падхапілі Гардзея пад пахі, два міліцыянеры ішлі ззаду, суправаджаючы іх. Хворы хапаўся рукамі то за галаву, то за грудзі, скардзіўся, што душа яго палае, прасіў піць. Зося супакойвала мужа, як магла, маўляў, галоўнае — дайсці да доктара, а там усё вырашыцца.

Доктар пажадаў застацца з хворым сам-насам, а хвілін праз дваццаць выйшаў з пакоя з супакоеным Гардзеем, падаў Зосі нейкія паперы, сказаўшы:

— Гэта накіраванне ў псіхіятрычную бальніцу. Вам трэба везці яго ў Баранавічы.

— Доктар, мы ж не гатовыя... Не думалі... Можа, можна дома. Нейкія там лекі. — з мальбою ў вачах спытала Зося.

— Нельга. Яму патрэбна лячэнне ў стацыянары. Патрэбныя добрыя спецыялісты.

— Дык ён сапраўды вар’ят? — спытаў адзін з міліцыянераў.

— Душэўна хворы, — падкрэслена адказаў доктар. — Дапамажыце, калі ласка, хвораму і ягоным родзічам сесці на цягнік, пра гэта я вас прашу асабіста.

Міліцыянеры ніякавата паціснулі плячыма і пайшлі ўслед за Гардзеем, якога Зося і Серафім павялі пад рукі да выхада.

На вакзале сапраўды спатрэбілася іхняя дапамога. Міліцыянеры загадалі расступіцца чарзе, і Зося купіла білет сабе і Гардзею на цягнік. Серафім бязладна таптаўся каля сястры. Яна сказала яму, каб ехаў дамоў, бо на вакзале столькі набрыдзі, яшчэ, крый божа, хто каня ўкрадзе. Брат уздыхнуў з палёгкай і пайшоў. Пайшлі і міліцыянеры.