Пасля наведвання доктара Гардзей паспакайнеў і драмаў, седзячы на лаўцы. Зося нават падумала, можа дарэмна яго выпраўляюць у псіхбальніцу, можа гэтая хвароба і сама пройдзе? На вакзале было шматлюдна, таўкліся нейкія мужчыны і жанчыны, не тутэйшыя — ці бежанцы, ці тыя, што ехалі з Савецкай Расіі, каб тут знайсці новае месца для працы. Апрануты былі хто ў што, сустракаліся тут і дарагія суконныя апраткі і нешта накшталт рабочай уніформы. Тутэйшых было мала, яны вылучаліся адзеннем з палатна сваёй работы, паводзілі сябе сціпла, бо кожны ў крамным адзенні ім уяўляўся па ранейшай звычцы панам.
Незадоўга да прыходу цягніка людзі заспяшаліся на перон. Зося разбудзіла Гардзея. Ён расплюшчыў вочы, няўцямна зірнуў на жонку, быццам не пазнаючы, потым падняўся і спытаў:
— Што мы тут робім?
— Зараз паедзем у бальніцу.
Твар Гардзея нервова перасмыкнуўся. Ён спытаў:
— Ты захварэла? Чаму мне гэтак блага?..
— Гардзейка, гэта ж ты захварэў. Паедзем цябе лячыць, — пяшчотна і спакойна адказала Зося, каб не вывесці яго з раўнавагі. Пойдзем на перон, зараз будзе наш цягнік.
Муж паглядзеў на яе з недаверам, але пайшоў да выхада. Зося ў напружанні чакала цягніка. Калі людзі стоўпіліся ля ўвахода ў вагон, яна трымаючы Гардзея пад руку, супакойвала сябе і яго:
— Не спяшайся. Без нас цягнік не пойдзе. Усё будзе добра.
Муж слухаўся, стаяў спакойна, пакуль не падняўся ў вагон і раптам кінуўся да акна і пачаў стукаць кулакам.
— Што ты? Што з табою? — закрычала Зося, цягнучы мужа за сарочку!
— Там Пух! Я яго бачыў!
Праваднік накінуўся ззаду на Гардзея, зваліў яго на падлогу.
— Не чапайце яго! — закрычала Зося. — Ён душэўна хворы!
— Ён яшчэ і хворы! — абурыўся праваднік. — Мы яго зараз звяжам, хутка супакоіцца.
Гардзея звязалі і паклалі адпачываць. Знясілены чарговым прыступам хваробы, ён сапраўды хутка заснуў. У Баранавічах увайшлі пагранічнікі і пачалі правяраць білеты. Спачатку Зосю і Гардзея завялі ў аддзяленне міліцыі, трымалі да раніцы ў пакоі, падобным на турэмную камеру з закратаваным акном пад столю, а потым іх разлучылі. Ёй паабяцалі, што хворага ў псіхбальніцу завязуць самі, а яна няхай вяртаецца дамоў.
Выйшла Зося з аддзялення міліцыі, раздумваючы, што ж ёй рабіць далей? Усе грошы, якія мела пры сабе, аддала Гардзею. Выручыла яе тое, што па даўняй бежанскай звычцы надзела на сябе дзве сукенкі. Адну яна зняла ў прыбіральні, пайшла на рынак, што мясціўся побач з вакзалам, і прадала там нейкаму вайскоўцу, прасіла грошай не шмат, толькі пару рублёў, каб хапіла даехаць да Жабінкі, а ён вельмі ўзрадаваўся нечаканай удачы — з радасцю танна набыў яе сукенку.
7
Дома Зосю сустрэў устрывожаны бацька і сказаў, што яго памылкова запісалі ў кулакі і наклалі кулацкі падатак.
— Чаму ж яны так зрабілі? Мы ж збылі ўсю жыўнасць, — абурылася Зося.
— У іх, ці бачыш, нейкія старыя звесткі.
— Дык едзь у Жабінку да начальства і скажы ім, няхай прышлюць камісію, правераць, якія мы тут кулакі.
— Баюся я, дачка, начальства. Якая ім справа да простага чалавека? Яны ж, можа, і размаўляць са мною не захочуць.
— Не захочуць і не трэба. Напішам ім заяву, што ты не кулак. Няхай разбіраюцца, але заяву завязеш сам, аддасі ў рукі і чакай, што скажуць.
— Хіба што так, — згадзіўся бацька. — А нешта мне ўсё ж трывожна.
— А калі цябе вышлюць за свет? Тады не будзе не страшна?
— Страшна жыць, дачка, страшна. Усё жыццё перакалоцішся як рыба аб лёд. даруй божа. Адно выратаванне смерць.
— Што ты, бацька, раней часу паміраць сабраўся?
— Я сваё аджыў. Што там з Гардзеем? Серафім расказваў.
— Не ведаю, бацька. Забрала яго міліцыя, абяцалі завезці ў бальніцу самі. Далей Баранавіч нікога не пускаюць. Мяжа, як была, так і стаіць на месцы. Адчуваў ён сябе блага. Не ведаю, што там з ім будзе.
— Усё ў руках Боскіх, будзем спадзявацца на лепшае.
На другі дзень Кірыла павёз заяву ў Жабінку. Пахадзіў па будынку райвыканкама, спыніўся ля дзвярэй старшыні, каля якіх стаяў стол сакратаркі, паклаў перад ёю заяву.
Дзяўчына прабегла паперу вачамі і сказала:
— Вам трэба ў той кабінет, пойдзем, я вас правяду.
Яна падвяла Кірылу да адных дзвярэй, пастукала ў дзверы, ёй ніхто не адказаў, яна адчыніла іх, заглянула ў пакой і спытала: