Выбрать главу

— Хрол Еўграфавіч, можна да вас?

— Заходзь, Эсфір, заходзь.

— Я не адна.

Сакратарка прапусціла ўперад Кірылу, потым увайшла сама, паклала перад начальнікам заяву і сказала:

— Дапамажыце гэтаму сімпатычнаму дзеду, Хрол Еўграфавіч. Дабро дабром вяртаецца.

Яна выйшла нетаропка. Начальнік узяў Кірылаву заяву, пачытаў, моўчкі ўстаў, пачаў перабіраць папкі з паперамі. Нарэшце разгарнуў адну, пачаў чытаць:

— Значыць так. Барэйша Кірыла Іпатавіч, жыхар вёскі Сцяблова, дом нумар дваццаць пяць. Два кані, чатыры каровы.

— Прозвішча маё, а гаспадарка і адрас чужыя. Я на хутары каля Крачкаў жыву. Адзін у мяне конь і карова адна. Прыязджайце, паглядзіце, калі не верыце. Са мною жывуць яшчэ дачка з мужам і ўнук. Чатыры душы, неяк жа трэба жыць і харчавацца.

Кірыла нават сам здзівіўся, як асмялеў, разгаварыўся з чужым чалавекам, ды яшчэ начальнікам. А зрэшты начальнікамі ж не нараджаюцца, імі становяцца.

— Добра, разбяромся, — спакойна адказаў гаспадар кабінета. — Можа, і ў госці наведаемся, каб гаспадарку агледзець.

— Калі ласка, прыязджайце, буду рады, — гасцінна адказаў Кірыла. — І падатак кулацкі здыміце з мяне. Які ж я кулак? Перажыў эвакуацыю, бежанства. Вярнуўся на голае месца, пачаў з нічога.

— Добра, добра, разгледзім, дзед, тваю заяву, не хвалюйся.

Кірыла падзякаваў, развітаўся і выйшаў з кабінета заспакоены тым, што добра пагаварыў з чалавекам. Едучы з Жабінкі дамоў, ён падганяў свайго рахманага каня і ўсё згадваў гаворку з начальнікам ды раздумваў, хто ж прыпісаў яму чужую гаспадарку? Хто гэты вораг? І што яшчэ ад яго можна чакаць? Каб ведаць, дык пайшоў бы, проста пагутарыў з чалавекам, спытаў, за што той трымае злосць на яго, за што помсціць? А так, можа, і век зжывеш і не даведаешся, хто цябе хоча са свету звесці. Можа, гэта ўсё з-за Гардзея робіцца? Хоць і разумны хлопец, а неасцярожны, лёгка ворагаў нажывае. Сябе самога не ўбярог, хваробу такую страшную знайшоў. Не здарма ж кажуць, як захоча Бог пакараць, дык розум адбярэ.

— Ох, грахі нашы цяжкія! — уздыхнуў Кірыла. — Дня не пражывеш, каб не саграшыць. Я ўжо і ворагаў сабе навыдумляў. А гэта, можа, проста нейкая памылка атрымалася. Памылка! Але ж магла каштаваць мне жыцця. Хіба ж я выжыву ў той Сібіры?

Стары пакашляў у кулак, паглядзеў навокал і здзівіўся, што так вось, разважаючы сам з сабою, непрыкметна даехаў да Крачкаў. Пачалі сустракацца знаёмыя людзі, і ён вітаўся з кожным ветліва і падкрэслена, але і пільна ўзіраўся ў вочы. Можа, менавіта гэты чалавек за нешта не любіць яго і гатовы адпомсціць намоваю.

Каля свайго двара стаяла Марфа з дзіцем на руках. Кірыла зычліва павітаўся з ёю:

— Добры дзень, Марфачка. Я думаў, ты ўвесь час цяпер у сельсавеце засядаеш. А ты каля сваёй хаты.

— Здароў, дзядзька Кірыла. Засядаю я, калі паклічуць. А так дома ўпраўляюся. Адкуль едзеш?

— Нешта ў сельсавеце наблыталі, мяне кулаком запісалі. Ездзіў скардзіцца.

Марфа здзіўлена ўтаропілася ў старога.

— Чаго маўчыш? Можа, ведаеш, хто мяне падвёў пад дурнога хату?

— У вас свой дурань у хаце завёўся. Як ваш шаленец, ці ачуняў?

— А табе што за клопат?

— Ды нічога. Так сабе. Не ведаю я, хто цябе ў кулакі запісаў, а каб ведала, дык не сказала б. Гэта справа дзяржаўная. Як дзяржава робіць, так і трэба.

— Дзяржава робіць? — абурана перапытаў Кірыла. — А вы што робіце ў сваім сельсавеце? Для чаго вы там? Каб сумленных людзей злачынцамі рабіць? І з якога гэта часу ў гаспадарцы сталі лішнімі карова ды конь?

Ён не стаў чакаць адказу і працягваць гаворку, а сцебануў каня і паехаў дадому. У свядомасці ягонай закралася здагадка, ці не Марфіных гэта рук справа? Казалі ж людзі, што некалі Гардзей да яе заляцаўся. Невядома, што між імі было, а вось чамусьці, мусіць, трымае яна злосць на Гардзея да гэтага, вось і помсціць ягонай сям’і. Цяпер яна ў сялянскім камітэце. Там яны, самахоць, каб за што-небудзь адпомсціць, сябе паказаць, да чаго хочаш могуць дадумацца, якія заўгодна спісы складуць. Эх, людзі, людзі! За ўсё ж давядзецца адказваць перад сваім сумленнем і перад Богам!

Дома Кірылу нецярпліва чакалі дачка і брат, хваляваліся, бо ўжо нямала каго з вяскоўцаў абвясцілі кулакамі і гразіліся вывезці немаведама куды.

— Ну, што табе сказалі? — спытаў Карп.

— Паабяцалі, што разбяруцца, — адказаў Кірыла, стараючыся не паказваць трывогі, і дадаў: — Я ўсё думаю, хто ж гэта мог мяне ўнесці ў спіс? Гэта ж нехта з нашых людзей. Жабінкаўскае начальства мяне не ведае.

— Вядома, нехта з нашых, — пацвердзіў Карп. — Запісалі адзін раз, яшчэ колькі хочаш разоў запішуць.

— А можа, і ўсё будзе добра, — сказала Зося і абурылася, — як людзі граху не баяцца?