— Яны ж бязбожнікі, — адказаў Карп.
— Звычайна людзей арыштоўваюць і забіраюць па начах. Баюся, што прыйдуць па мяне, а заадно і Зосю з малым схопяць, — сумна сказаў Кірыла. — Для мяне гэта будзе двайная пакута. Можа, трэба было б ёй пажыць дзе ў каго? Мо да Паўліны пойдзеш, дачка, га?
— Да Паўліны не пайду, — цвёрда адказала Зося. — Лепш з табою.
— Са мною табе нельга. Вернецца Гардзей, а цябе няма. Сыну бацька трэба, — Кірыла з пяшчотаю зірнуў на ўнука, які бавіўся на запечку.
— Няхай Зося з сынам начуюць у нас, яна ж нам не чужая, — прапанаваў Карп. — Ці згодная, Зося?
— Згодная, але бацьку шкада. Як ён тут адзін?
— Дык ты ж цэлы дзень будзеш дома, толькі начавацьмеш у нас. Што тут такога? Раней жа ты ад усялякіх нягодаў у нас хавалася.
— Было, было, — цёпла ўсміхнулася Зося, згадаўшы далёкае юнацтва і тыя свае мітрэнгі, калі яна шукала смерці, нават хацела ўтапіцца.
— Дык і прыходзь сёння ж, будзем чакаць. Можаце нанач і карову з канём у мяне ставіць.
— А калі і па цябе прыйдуць? — выказаў сумненне Кірыла.
— Пакуль я лічуся серадняком. А на цябе кулацкі падатак усклалі, гэта як першае папярэджанне, — адказаў Карп.
Кірыла цяжка ўздыхнуў, памаўчаў, потым узняў вочы на дачку, сказаў:
— Як ехаў з Жабінкі, сустрэў Марфу. Нейкая яна злосная. Мо ты, Зося, з ёю пасварылася за што?
— Не сварылася я з ёю і не мірылася. Яна, па ўсім відаць, на Гардзея зуб мае.
— Няўжо яна магла? — здзівіўся Карп.
— Чаму б і не? Яна ж цяпер начальства, у сялянскі камітэт уваходзіць.
— Дык і наш Серафім там жа, — нагадала Зося.
— А што той Серафім? Ён як цяля дурное. Трымаюць яго там для прыліку, — сказаў Карп. — Бач якая гадаўка! Нічога, гэта ёй бокам вылезе.
«Вось што надумала Марфа, мяне з бацькам выслаць у Сібір, каб з Гардзеем застацца, — разгневана падумала Зося. — А куды яна свайго Якуба падзене? Ці пры камунізме і мужы будуць агульныя? Не дачакаецца. Гардзей мой! Нікому яго не аддам! Што ад зайздрасці з ёю робіцца! Але Бог усё бачыць!»
8
Кірылу забралі цёмнай снежаньскай ноччу. Як гэта здарылася, на Карпавым хутары не чулі і не бачылі. На снезе каля Кірылавай хаты засталіся сляды ад санных палазоў, якія вялі да Крачкаў, напэўна, павезлі яго спярша ў Жабінку. Калі ранічкай Зося, як звычайна, прыйшла дамоў, у хаце ўсё было перавернута дагары нагамі. Канфіскавалі швейную машынку, выграблі ўсё аддзенне са скрыні, а таксама забралі сала з кубла і кумпякі з вышак. Нават курэй пералавілі ўсіх да адной. У куратніку толькі там-сям бялела выскубанае пер’е. Зося аглядала гаспадарку, галасіла і праклінала. Напэўна, рабавалі свае аднавяскоўцы, якія ведалі, дзе што можа ляжаць у сялянскай хаце.
— Каб вы сваёй крыві напіліся! Каб вам век долі не было! Каб вы падавіліся нашым дабром! — Зося крычала на ўвесь голас, выціраючы слёзы, хацела каб увесь свет пачуў яе.
Следам хадзіў маленькі Ораст і з перапалоху таксама паціху румзаў. Зося было ўзялася парадкаваць хату, а потым спахапілася, што, магчыма, бацьку яшчэ можна заспець у Жабінцы, бо ведала: людзей, якіх высылалі, часам па некалькі сутак трымалі на вакзале. Яна пабегла да Карпа, каб расказаць пра страшную навіну ды разам падумаць, што рабіць далей.
Карп, не раздумваючы, запрог каня і пад ціхі плач і божканні жонкі, якая прынесла ў сані вялізную торбу з харчамі для Кірылы, выехаў з Зосяй з двара. Свежы сняжок злёгку прыцерушыў дарогу. Сані беглі лёгка. Пад ранішнім сонцам снег гарэў, іскрыўся дыяментамі. Такое прывіднае хараство, ажно глядзець балюча. Зося жмурыла вочы і думала пра тое, што варта ўзяць у руку зіхоткую сняжынку — адразу растане, застанецца на далоні расінка. Вось так і ў жыцці зіхціць нешта, грае, свеціцца, а толькі дацягнешся рукою — і гэта хараство знікае, раствараецца, працякае праз пальцы, як вада. Выходзіла замуж за Гардзея, думала, што век будзе шчаслівая, але злыя людзі ўкралі шчасце.
Хоць перон быў чорны і затаптаны мноствам слядоў, на вакзале было нязвыкла пуста, не так, як тады, калі Зося ехала з Гардзеем у Баранавічы. «Напэўна, ужо з усімі разабраліся, каго ў Сібір, каго ў турму, — змрочна падумала Зося. — Было дрэнна, і цяпер не лепш».
— Напэўна, спазніліся мы, — сказаў дзядзька Карп. — Пасядзі ў санях, а я пайду спытаю на вакзале ў начальства, ці вывозілі сёння каго.
Зося засталася адна ў санях, ямчэй села, ухутала ногі сенам, каб не мерзлі, назірала за зграяй вераб’ёў, якія са звонкім шчабятаннем нешта знаходзілі і дзяўблі на брудным снезе перона.