«Добра птушкам, — падумала Зося, — няма ў іх маёмасці, няма крыўды, лётай і радуйся жыццю. Адзіныя ўладары ў іх — ноч ды дзень, дождж ды вецер. Людзям бы ў іх павучыцца жыць».
Раптам два вераб’і не падзялілі нешта, пачалі голасна ціўкаць, налятаць адзін на аднаго, дзяўбціся. Іншыя вераб’і таксама ўстурбавана заціўкалі, чародка ўзнялася і пераляцела на дрэва. Але і тут два задзірыстыя вераб’і ўсё працягвалі нешта даводзіць адзін аднаму. Зноў заціўкала ўся чарада і паляцела некуды за вакзал.
«У птушак таксама няма ладу, — расчаравана падумала Зося. — Што ім дзяліць? Нейкую крошку? Дык чаго чакаць ад людзей, калі вочы ў іх сквапныя, душы пажадлівыя, здаецца, праглынулі б увесь свет. А ці шмат трэба чалавеку для шчасця? Толькі была б родная душа побач, якую ты любіш, кахаеш, без якой і жыцця свайго не ўяўляеш. Бедны мой бацька, як ён перажыве дарогу? Як наогул выжыве? Стары ўжо чалавек, стомлены жыццём, не надта здаровы. Як там мой Гардзей? Хоць бы з ім чаго дрэннага не здарылася. Ён часам бывае такі адкрыты. Што думае, тое і скажа, а людзі гэтага не любяць, не разумеюць».
Вярнуўся Карп, агледзеў вупраж, падаткнуў сена, што выбілася праз драбіны.
— Ну што, дзядзька? — спытала Зося.
— Спазніліся мы. І зусім на мала. Начальнік вакзала сказаў, што эшалон адправіўся паўгадзіны таму.
Зося роспачна заплакала, размазваючы слёзы па твары.
— Годзе, годзе плакаць. Будзем спадзявацца, што Кірыла вернецца. Без веры жыць нельга. А будзеш плакаць, у яго толькі душа будзе балець.
— Добра, я не буду плакаць. Сёння ж вярнуся дамоў. Няхай прыходзяць і забіраюць мяне. Усё з хаты згрэблі! Ні сумлення, ні сэрца ў іх няма! Не разбагацеюць яны, нават калі душу маю забяруць. Пачвары, гіцлі, нелюдзі!
— Што ж, вяртайся. Думаю, што цябе пакуль чапаць не будуць. Кірыла за ўсіх адпакутуе. Не плач, не бядуй. Можа, бацька хутка ліст прышле.
— Адна я засталася! Муж у псіхушцы. Невядома, што і як там ён. Ці выжыве? Бацьку таксама вывезлі на катаргу. Што ж мне цяпер.
— Табе трэба сына гадаваць ды сябе шанаваць, — спакойна адказаў Карп, усаджваючыся на сані і паганяючы каня. — Бог на тое нам і пасылае выпрабаванні, каб мы не толькі іх перамагалі, але і гартавалі сваю душу.
У той жа дзень Зося вярнулася ў бацькаву хату, прыбрала раскіданыя рэчы, вымыла, адшаравала дзеркачом падлогу, каб і духу злых прыхадняў не засталося. Ораст быў на дзіва паслухмяны, стараўся дапамагаць маці. Калі ўсё было зроблена, яна прытуліла да сябе сына, пацалавала ў лоб і падумала: «Будзем неяк жыць далей.»
9
Зося прала кудзелю. Не надта тонкія ніткі ў яе атрымліваліся, але спатрэбяцца хоць на якую посцілку. Кожная рэч, якая выкарыстоўваецца ў хатнім пажытку, каштуе грошай. А дзе іх набрацца? Побач гартаў Каціну кніжку Ораст. Чытаць ён яшчэ не ўмеў, але ведаў асобныя літары, называў іх час ад часу ды разглядваў малюнкі, нешта тлумачыў маці, а яна нічога не чула. Думала пра бацьку ды пра мужа. Як яны? Дзе? Ці здаровыя? Ці жывыя? Да Гардзея яна не магла паехаць, бо ведала, што далей Баранавіч яе не пусцяць. Для таго, каб паехаць у Савецкую Беларусь патрэбен быў нейкі асаблівы дазвол.
У пачатку восені з псіхбальніцы за подпісам галоўнага ўрача прыйшоў кароткі ліст, у якім паведамлялася, што яе муж знаходзіцца на лячэнні, а таксама прасілі выслаць для яго цёплае адзенне. Тады Зося і паслала пасылку. Колькі яшчэ збіраліся яго лячыць, заставалася невядомым. Суцяшала тое, што жывы і на сваіх нагах, напэўна, выходзіць на вуліцу, калі спатрэбілася цёплае адзенне.
Хоць Зося была занятая справай, але краем вока заўважыла, што за акном мільгануў цень і падумала, што прыйшоў дзядзька Карп.
Чалавек патупаў на ганку, атрасаючы снег, увайшоў у сенцы, пашкрабаў па сцяне ў цемры, знайшоў клямку, дзверы адчыніліся, і на парозе ўзнік. Гардзей.
— Ораст, наш татка прыехаў! — радасна ўскрыкнула Зося і кінулася да мужа.
Ён, нібы чужы, адступіў ад яе, захінаючыся рукою, угледзеўся ў твар, быццам спрабуючы згадаць, хто такая, нарэшце зняў шапку, агаліў астрыжаную нагола галаву, стала бачна, як змарнеў ягоны твар, сказаў:
— Добрага здароўя.
— Божа мой, добра, што хоць ты вярнуўся. Я ўжо не ведала, што і думаць. Бацьку некуды звезлі, ад цябе ніякіх вестак, — разгублена сказала Зося.
— Хто звёз?
— Тыя, што раскулачваюць. Я з Орастам у тую ноч начавала ў дзядзькі, прыйшла раніцаю, а тут такі вэрхал, што за галаву схапілася. Усё лепшае вынеслі гэтыя сельсаветчыкі. Добра, што карову ды каня ў Карпа схавалі.
— Ты думаеш, што гэта яны?
— А хто ж яшчэ? Каб іх яма пазавальвала! Каб яны нашым дабром падавіліся!