Насустрач ішла маладзіца ў квяцістай хустцы, у абшарпаным кажушку. Гардзей пазнаў Марфу, яна нешта крыкнула яму ўслед. Але ён не спыніўся, каб перакінуцца словам. Не хацелася псаваць такі прыгожы дзень. За Крачкамі пацягнуўся стары лес. Заінелыя елкі і сосны стаялі нерухома, быццам баяліся разбурыць свае дзівосныя строі са снегу і інею. Даўно Гардзей не бачыў гэтае прыгажосці, якая ачышчае душу, наталяе сэрца хараством, дае адхланне вачам. На галіне сасны заўважыў цікаўную і спрытную вавёрку. Заўсміхаўся, ціха прысвіснуў па-птушынаму, каб не напалохаць звярка, а толькі прымусіць насцярожыцца. Вавёрка ў імгненне скокнула на іншую сасну і знікла з вачэй. На снезе было мноства слядоў, птушыных і звярыных. Ды і дарога была добра ўбітая, адшліфаваная палазамі. Людзі варушацца, некуды ездзяць, нешта робяць, турбуюцца, жыццё цячэ сваёю плынню, а Гардзей быццам сышоў са шляху, разгубіўся, не ведаў, чым і як жыць. Зараз ён падумаў, як было б добра перасяліцца ў якую-небудзь пушчанскую мясцовасць, дзе тыднямі чалавека не пабачыш, і пажыць там сам-насам з лесам, з птушкамі і звярамі, завесці пасеку, вялікую гаспадарку і раптам спахапіўся, што цяпер не той час, каб працаваць на сябе, цяпер іншая дзяржава, якая вымагае працы найперш на яе.
Мінуўшы яшчэ дзве вёскі Косічы і Вычулкі, выехаў Гардзей на шырокі шлях, абапал якога цягнулася балота, дзе нават і цяпер з-пад снегу тырчалі няўклюдныя пні ад гнілых дрэў і купіны, парослыя шорсткаю асакою. Аднак і на гэтую заснежаную прастору было прыемна глядзець. Нешта ёсць у нашай прыродзе гаючае, свежае, што супакойвае і дае сілу, акрыляе душу добрымі спадзяваннямі..
Калі Гардзей пад’ехаў на кані да гарадскога рынку, каб наведаць старога знаёмага яўрэя з бойні, аказалася, што бойня замкнёна. Гардзей прывязаў каня каля чайной, а сам вырашыў прайсціся да бліжэйшай аптэкі, каб купіць валяр’янкі. Сярод гараджан часта сустракаліся вайскоўцы, нават шмат хто з цывільных людзей былі апрануты ў шынялі. Сімпатычная паненка ў пухнатым футры спынілася перад Гардзеем, усмешліва павіталася.
— Панна Эвеліна! Вачам сваім не веру! — усклікнуў ён узрадавана, пазнаўшы Мікуліну Антольку, зямлячку, якая раней працавала ў публічным доме. — Толькі цябе і згадваю з найбольшаю асалодаю, калі вяртаюся думкамі ў мінулае.
— Цяпер не Эвеліна, а таварыш Антаніна, — загадкава прашаптала яна.
— Цябе хоць як назаві, ты ўсё роўна аднолькава прыгожая, — пачаў па звычцы асыпаць яе кампліментамі Гардзей. — Дзе ты, як ты?
— Добра. Муж працуе ў аблвыканкаме, нядаўна атрымалі новую кватэру, прыемны такі дамок у раёне парку. Я таксама працую ў ціхай канцылярыі. Адно дрэнна: муж занадта раўнівы. Зверам рыкае, як на мяне хто паглядзіць, баіцца, каб які прайдзісвет не спакусіў мяне, цнатлівую, — яна звонка засмяялася, агаліўшы роўны рад белых зубоў з двума залатымі каронкамі.
— А дзе ж ты зубы згубіла?
— Гэта ж цяпер мода такая, — патлумачыла яна. — Пайду, мне на працу трэба. Выйшла трохі падыхаць. Ці ведаеш, цяжкавата мне даецца гэтая служба, паперы, пыл. Не звыкла я да гэтага.
— А што ў горадзе чуваць і наогул. Ты ж каля начальства блізка.
Антолька пацягнулася да яго вуха і прашаптала:
— Кажуць, што вайна будзе. Але калі, невядома. Некаторыя ўжо цяпер запасаюцца соллю ды запалкамі.
— А твой што кажа? — зацікаўлена спытаў Гардзей.
— Мой такі дуб! Ён нікому не верыць, толькі Сталіну. Кажа, калі і будзе вайна, дык гэта мы першыя пойдзем рабіць сусветную рэвалюцыю! Ну і няхай кажа, што хоча! Якая мне розніца, у што ён верыць, абы зарплату аддаваў! — яна зноў засмяялася.
— Малайчына, таварыш Антаніна. Шчаслівы быў бачыць, — Гардзей узмахнуў на развітанне рукою і пайшоў у аптэку.
Аптэка з прыгожымі вокнамі ў выглядзе арак, пафарбаваная ў жоўты колер, стаяла на рагу вуліцы. Псавалі фасад толькі выбоіны. У пачатку верасня трыццаць дзявятага года тут упала бомба і пасекла асколкамі сцены. Раней тут пакупнікоў абслугоўвала старая лагодная яўрэйка, цяпер працавала маладая дзяўчына з тоўстаю чорнаю касою, у белым халаце, сур’ёзная і нешматслоўная. Яна падала Гардзею маленькую пляшачку валяр’янкі. Ён павярнуўся, каб ісці, і тут яму на вочы трапіў партрэт Сталіна. Вочы правадыра падазрона глядзелі на наведвальнікаў аптэкі, быццам пыталіся: «Хто такі? Ці не вораг народа?»
Вестка пра вайну ўстрывожыла Гардзея. Калі пра яе гаворыць начальства, пэўна, яна не за гарамі. Немцы побач, за Бугам! Ён падумаў, што трэба купіць якіх газет. Пачытаць, хоць хто там праўду напіша?