Выбрать главу

— Прывядзіце да мяне сваю жонку, я ёй усё растлумачу.

— Яна тут, у калідоры чакае, — Гардзей узрадавана памкнуўся да дзвярэй.

— Паклічце, паклічце яе, — сказаў доктар. — А гэта вам рэцэпт, папіце мікстурку для супакаення нервовай сістэмы.

Гардзей узяў рэцэпт, адчыніў дзверы, паклікаў Зосю, прапусціў яе ў кабінет, а сам выйшаў у калідор. Хваляванне, сорам, дакука — усе гэтыя пачуцці змяшаліся ў ягонай душы. Аднак сяк-так супакоіўшыся, ён сеў на крэсла, якое стаяла каля дзвярэй, утаропіўся ў акно і напружана чакаў, што скажа яна, Зося, калі выйдзе з кабінета доктара. Цяпер яму згадалася тая першая сустрэча з ёю, калі ён падпаіў яе маладзенькую і наіўную. Бадай, ні адной перамогаю над жанчынамі ён не ганарыўся так, як тою! Бо і сам тады яшчэ быў зусім зялёны! Можа, за тое цяпер нясе пакаранне, што тады сарваў недаспелы яблык? Колькі гэтых яблыкаў было ім сарвана! Ды ці можа быць пакаранне за каханне? А ці было каханне? Хутчэй толькі полымя жарсці бяздумна ахоплівала душу — і тады шукаў, з кім наталіць тую невыносную прагу. Не так важна было, якая будзе дзяўчына — свая вясковая ці з публічнага дома. Ён так жыў, яму гэтае жыццё падабалася, бо забяспечвала незалежнасць, тым больш, што дома яго даглядала старэйшая сястра. Не маючы ўласнай сям’і, яна замяняла яму клапатлівую і чуйную маці. Калі б Зося не нарадзіла сына, напэўна, ён так і халасцякаваў бы да гэтага часу. Але ж, як кажуць, ад лёсу не ўцячэш.

Зося выйшла ад доктара паружавелая, ласкава і прысаромлена зірнула на Гардзея і сказала:

— Паедзем дахаты.

Яна накіравалася да выхада, Гардзей пайшоў следам. Моўчкі селі на воз. Гардзей тузануў за лейцы, развярнуўся, выехаў на правы бок вуліцы. Недзе непадалёку гарлала радыё песню пра тое, што «от избы и до избы зашагали телеграфные столбы». Рэзкія гукі раздражнялі, Гардзей злосна плюнуў у бок і пагнаў каня на Кобрынскі мост. Доўгі і няўклюдны будынак бальніцы застаўся ззаду. Толькі калі ўехалі ў Трышын, назойлівая музыка сціхла, зрабілася спакайней на душы, Гардзей насцярожана азірнуўся на Зосю. Вельмі ж карцела даведацца, што ёй сказаў доктар, і як яна паставілася да таго тлумачэння. Жонка прыглядалася да хат, міма якіх праязджалі, да кветак, што раслі ў гародчыках. Заўважыўшы на сабе Гардзееў позірк, сказала:

— Паглядзі, якія кветкі! Я такія хачу таксама завесці. Мусіць, у нашым сяле ні ў адной гаспадыні такіх няма. Якое хараство!

Гардзей адвярнуўся. Жонка пазбягала гаварыць з ім пра ягонае здароўе. Чаму? Не паверыла доктару? Ці наадварот праніклася праблемаю настолькі, што гатова быць для мужа за маці і сястру? Быць замужам і жыць па-манаску? Гардзей уявіў тую процьму гадоў, якія яму належыць пражыць побач з гэтаю жанчынаю і раптам яму зрабілася страшна той будучыні, якая яго чакала. Ён стаў супакойваць сябе, што не трэба думаць пра благое, інакш хвароба можа вярнуцца, а ён ізноў апынецца ў псіхлячэбніцы, дзе яго будуць прывязваць да ложка і даваць уколы, ад якіх свет робіцца пачварным, а людзі выродлівымі. Хоць навокал красавала лета, была самая яго макаўка, дзень здаваўся Гардзею змрочным і бясколерным. Ягоныя думкі раптам перакрыў Зосін голас, яна ўсё яшчэ нешта казала пра кветкі:

— Каб ведаць, дзе пахаваны бацька, я на ягонай магілцы пасадзіла б розныя кветкі, каб цвілі яны з ранняй вясны да позняй восені. Гэта была б самая прыгожая магілка.

«Вось так жывём разам, спажываем разам хлеб, а мары і беды ў кожнага свае, — горка пасміхнуўся ў думках Гардзей. — Што ж нас зводзіць разам, такіх розных? Няўжо толькі інстынкты? Ці нешта высокае і неспасціжнае? Нейкая вышэйшая сіла надзяляе нас радасцямі і прымушае дорага плаціць за памылкі і грахі? Ці мо ніякай звышнатуральнасці і няма, а ёсць толькі наша сумленне, якое судзіць нас у горкую часіну. Бо пакуль усё добра, дык і жывеш, як набяжыць. А здарыцца бяда — міжвольна разважаеш: чаму гэта са мною здарылася? Чаму я такі няшчасны? Чаму лёс такі несправядлівы да мяне? А ці не сваімі ўласнымі рукамі мы ствараем гэтае няшчасце? Самі ж выбіраем сабе сяброў, якія потым ператвараюцца ў ворагаў, якія жадаюць нам смерці. Самі жэнімся Бог ведае з кім і невядома дзеля чаго. Маючы адно дзіця, ужо не хочаш мець з ёю іншых дзяцей. Ды і нічога не хочаш мець. А яна прагне прызнання ў каханні, захаплення, шчасця. Як навучыцца захапляцца жанчынай, якая з ранку і да позняга вечара ходзіць у атопках, у замызганай спадніцы ад печы ў хлеў і назад? І толькі ў свята на якую гадзінку апране чыстую сукню. А ў тваіх вачах яна па-ранейшаму не больш, чым свінарка, даярка, кухарка.» Адначасова Гардзей разумеў, што Зося ні ў чым не вінаватая, калі б ён стварыў ёй адпаведныя ўмовы жыцця, яна таксама хадзіла б, як пані ў капялюшыку з сумачкаю пад пахаю. Але ўся прычына ў тым, што і святы свае, і будні мы ствараем уласнымі рукамі. А душа яго быццам і не прагнула ніякае ўрачыстасці, бо ніяк не магла выбавіцца з хваробы.