Выбрать главу

Раздзел другі

Ліхалецце

1

Гардзей прачнуўся ад невыразнага гулу, падумаў, што недзе далёка разгулялася навальніца. Расплюшчыў вочы, зірнуў у акно. Было ўжо даволі светла. Ночы чэрвеньскія кароткія. Ён паляжаў, услухоўваючыся ў далёкія грымоты, потым падняўся, выйшаў у двор, паглядзеў на захад, скуль далятаў гул, убачыў, што неба там падсвечанае чырванню. «Здаецца, за ноч свет дагары нагамі перавярнуўся, — падумаў Гардзей. — Сёння сонца ўзыдзе на захадзе». Ён павярнуў галаву на ўсход, але ўбачыў, што неба і там заружовілася. Гардзей яшчэ раз паўзіраўся ў бок Берасця і раптам зразумеў: «Гэта б’е артылерыя! І занадта моцна для вучэнняў. Гэта вайна? — спытаў сам у сябе і тут убачыў, што на ўсход рухаецца ромбам зграя цяжкіх самалётаў з крыжамі на крылах. — Вайна з немцамі!»

Ад гэтай здагадкі сэрца Гардзея трывожна захвалявалася, але яму адразу згадаліся тыя вясёлыя немцы, што жылі ў папярэднюю вайну ў ягонай хаце, а на развітанне падаравалі карову. Гэта яго адразу супакоіла. Ён падумаў, што, можа, яшчэ сустрэне каго з тых ваякаў, але прыкінуўшы, што ўжо з таго часу мінула чвэрць веку, зразумеў: цяпер прыйдуць дзеці тых, хто ў пятнаццатым прыходзіў на Беларусь.

З хаты выйшла Зося, спытала, хаваючы трывогу:

— Чаго ты ўсхапіўся, яшчэ рана?

— Слухаю, што гэта гудзе.

— Ну і няхай гудзе. Мо на чыгунцы што.

— Гэта вайна, Зося.

— Вайна? — спалохана перапытала Зося. — І што ж нам рабіць? Трэба выязджаць?

— Няма куды. Самалёты з крыжамі толькі што паляцелі на ўсход. Не тая гэта вайна, ад якой можна схавацца.

— Божа, Божа, што цяпер будзе, — заламала рукі Зося, гатовая загаласіць.

— Цішэй, сына напалохаеш. Што будзе — пабачым.

Раніцай на хутар забеглі два маладзенькія салдаты, астрыжаныя нагала, без гімнасцёрак, апранутыя толькі ў споднія белыя сарочкі і кальсоны, босыя. Яны папрасілі піць і хлеба.

— Пакармі, — загадаў Гардзей Зосі. — Заходзьце, хлопцы, у хату.

— Не, дайце нам хлеба і мы пойдзем, — сказаў адзін з вадзяністымі напалоханымі вачамі.

Гардзей са спачуваннем паглядзеў у мурзатыя юныя твары і прапанаваў:

— Можа, умыецеся з дарогі?

Салдаты адмоўна пакруцілі галовамі.

— Што ў Брэсце? — спытаў Гардзей.

— Немцы занялі горад.

— Выходзіць, вайна? — спытаў Гардзей.

— Вайна.

Зося прынесла бохан хлеба і гладышку малака. Хлопцы выпілі малако нагбом, хлеб адзін узяў пад паху. І яны подбегам рушылі далей.

— Бедныя дзеці, — сказала Зося са шкадаваннем, праводзячы позіркам хлопцаў.

— Усе мы бедныя. Няма нам ні радасці, ні спакою на гэтай зямлі.

У гэты час выбухі пачуліся і на ўсходзе, мусіць, бамбілі чыгуначную станцыю ў Жабінцы.

— Ужо з усіх бакоў грыміць. Божа літасцівы, уратуй, — уздыхнула Зося, перахрысцілася і пайшла ў хату, бо ў гаспадыні заўсёды адна турбота, пакуль ёсць сям’я, трэба дбаць пра яе, каб была накормленая і дагледжаная.

У тую нядзелю Гардзей амаль цэлы дзень праседзеў на лаўцы каля весніц. Лічыў крыжастыя самалёты, што хмарамі ляцелі на ўсход, а потым вярталіся назад. Прабягалі міма чырвонаармейцы, але ўжо не спыняліся каля Гардзея, а кіраваліся ў лес, каб не быць навідавоку. Толькі адзін малады мужчына, што быў апрануты ў камандзірскую гімнасцёрку з ромбамі, папрасіў цывільную вопратку. Зося вынесла яму бацькаву даматканую сарочку і такія ж нагавіцы. Вайсковец падзякаваў, тут жа пераапрануўся, і хацеў аддаць гаспадыні вайсковую форму, але Зося адмовілася, замахала рукою, маўляў, не трэба, насіце на здароўе і сваё, і наша.

Ужо ў самым канцы дня да Гардзея падышла маладая жанчына, адразу было відно, што з гарадскіх, з падплоенымі валасамі, у светлай сукенцы з бэзавымі кветкамі. Было з ёю двое дзетак: дзяўчынка гадоў пяці ішла, трымаючыся за прыпол маці, на руках жанчына несла немаўля. Ніякіх рэчаў у яе з сабою не было, толькі маленькая сумачка.

— Добры дзень вам. Наш цягнік разбамбілі, засталіся мы ні з чым. Дайце, калі ласка, дзецям паесці, — папрасіла яна.

— Заходзьце ў двор, — запрасіў Гардзей. — Зося, пакармі дзяцей і жанчыну, — крыкнуў ён жонцы, якая корпалася ў гародзе.

Зося выбегла насустрач гасцям, прывіталася, і павяла іх у хату, а Гардзей вярнуўся на свой назіральны пункт, як па-вайсковаму ён называў лаўку каля весніц. У Берасці ўсё яшчэ то гуло, то глуха вухкала, быццам хто малаціў молатам у дно пустой бочкі. «Напэўна, крэпасць дабіваюць», — падумаў Гардзей.