Выбрать главу

— У тваёй Паўліны снегу зімою не дапросішся.

Гардзей грукнуў дзвярыма і выйшаў у сенцы. Зося спахапілася, што расхвалявалася сама і прымусіла мужа злавацца, але ж яна не ўяўляла, як можна жыць па цяперашнім часе без каровы. Яна пайшла ўслед за Гардзеем, з двара прасачыла, як ён пашыбаваў на поплаў, дзе Ораст пасвіў невялікі хутарскі статак, запыніў карову і пагнаў у Крачкі.

Зося заплакала і сказала ўголас:

— Што зробіш з гэтым вар’ятам? Давядзецца трываць. Няхай робіць, што хоча, толькі б зноў не захварэў.

Не паспела Зося аплакаць карову, як вярнуўся Гардзей, выгнаў з хлява свінню.

— Куды ты яе? — насцярожана спытала Зося.

— Я аграном, таму павінен паказаць асабісты прыклад. Здаў карову, здам свінню, няхай людзі бачаць і робяць, як я, — спакойна адказваў Гардзей.

— Ад цябе ж ніхто гэтага не патрабуе, — паспрабавала разважыць мужа Зося, — чым я цябе буду карміць зімою? Нішчымніцаю будзем давіцца?

— Мне не прывыкаць. Ведаю я і пост, і голад. Усяго пакаштаваў. Ты думаеш, калі мы сіротамі засталіся, дык раскашавалі? Тыднямі галадалі. Пакуль жыць навучыліся!

Зося стала ў весніцах і катэгарычна сказала:

— Свінню не дам! Не дам і ўсё тут!

— Зося, ты лепш мне не пярэч! Будзе па-мойму! Ты ведаеш, я за цябе дужэйшы.

Гардзей узяў жонку за плячо, зазірнуў у вочы і спытаў:

— Што табе доктар сказаў? Каб ты мяне не хвалявала. А ты што робіш?

Зося саступіла, апусціла галаву і пайшла ў хату. «Каб ты ведаў, што ў сапраўднасці мне сказаў доктар, дык так сябе не паводзіў бы, — горка падумала яна. — Як я буду жыць? Што мяне чакае наперадзе? Як гадаваць сына? Каб хоць быў жывы мой бацька, можа, Ораст браў бы прыклад з дзеда. Які сын вырасце побач з бацькам-вар’ятам? Божа літасцівы, пакараў ты мяне за мае вялікія грахі. Я вытручвала сваіх ненароджаных дзяцей, а цяпер мой атручаны муж атруціць мне ўсё маё астатняе жыццё».

Зося ўвайшла ў хату, стала на калені перад іконаю Божай Маці, якая вісела ў кутку, і доўга малілася, пакуль на душу не прыйшла палёгка.

3

Солтыс Баранчык вельмі здзівіўся, калі ўбачыў Гардзееў унёсак у справу ўмацавання Германіі, і спытаў узрушана:

— Што ты робіш, чалавеча?

— Тое, што патрабуе дзяржава, якой я наважыўся служыць.

— Яна ж можа падавіцца тваёю кароваю, — грэбліва пасміхнуўся солтыс, які ва ўсім ведаў меру, бо яшчэ пры Польшчы нязменна выбіраўся на гэтую пасаду і добра разумеў, колькі дзяржаве ні давай, заўсёды будзе мала.

Баранчык быў сярэдняга росту, хударлявы, з вострым позіркам глыбока пасаджаных вачэй, якія выблісквалі з-пад калматых броваў і казырка вылінялай шапкі-васьміклінкі. Ён пазіраў на Гардзея, як на неразумнае дзіця, і чакаў, што дадатковыя тлумачэнні не спатрэбяцца. Аднак было відно, што да новаспечанага агранома нічога не даходзіла, таму давялося выказвацца прамым тэкстам.

— Забірай, Гардзей, сваю карову і гані дахаты. Не смяшы людзей, — сказаў Баранчык.

— Я ж ад шчырага сэрца.

Солтыс згадаў, што ў Гардзея ад вялікага розуму нешта здарылася з галавою, таму вырашыў больш не настойваць, бо дурня вучыць — дарэмна час траціць, толькі сказаў з горкаю ўсмешкаю:

— Калі табе сваёй каровы не шкада, дык я па ёй таксама плакаць не буду.

— Дальбог, не шкада мне нічога. Я толькі хачу, каб пакаралі тых, хто атруціў мяне.

— Не хвалюйся, калі яны сапраўды цябе атруцілі, іх Бог пакарае. Паслухай, якая ў мяне праблема. Немцы ахоўваюць чыгунку і наогул раскідваюць па вёсках для парадку групы вайскоўцаў. Трэба іх рассяліць на хатах. Там такі афіцэр памаўзлівы, яму б маладзічку цёплую. Як ты думаеш, куды яго лепш падсяліць? Можа, да Марфы? Яна баба згаворлівая.

Гардзей хвіліну падумаў і адказаў:

— Думаю можна было б да Серафіма.

— Ён жа твой сваяк!

— Жонка ў яго прыемная, спакойная, пакорлівая, — патлумачыў Гардзей.

— Нешта ты недагаворваеш, хлопец, — заўважыў Баранчык.

— Калі па праўдзе сказаць табе, дзядзька Пракоп, дык Серафім быў камітэтчыкам і заслугоўвае кары як бальшавіцкі прыслужнік.

Вочы солтыса спахмурнелі, бровы ссунуліся да пераносся, і ён ціха сказаў:

— Ніколі не бяры на сябе ролю суддзі. Помніш, як у Бібліі сказана: не судзі і несудзімы будзеш. Кожны за свае грахі адкажа сам.

— Але ж Германія патрабуе, каб мы змагаліся з яўрэямі і камуністамі! — запярэчыў Гардзей.

— Серафім — не яўрэй і не камуніст. А каб і быў такі, дык хіба мы з табою маем права судзіць яго? Ты ж, помніцца мне, некалі таксама вадзіў хаўрус з камсамольцамі, у польскай турме за гэта сядзеў. Дык што з табою цяпер рабіць?