Гардзей апусціў галаву, абдумваючы пачутае, потым сказаў, нібы апраўдваючыся:
— З-за таго, што быў я камсамольцам, нікому дрэнна не стала. А з-за такіх, як Серафім, Леванюк, Марфа майго цесця вывезлі, старога, нямоглага чалавека, які нават да Сібіры не даехаў і сканаў у цягніку.
— Нікому, кажаш, не было дрэнна? А за што Маркевіча застрэлілі? Ці не з-за тых чырвоных сцягоў, што ты развешваў? Дурныя яны, Марфа, Леванюк, Серафім і іншыя, не ведалі, што рабілі. А ты не павінен у сваіх паводзінах паўтараць іх. Брудную сарочку можна памыць. Запаскуджаную душу нічым не адмыеш! Ідзі і падумай пра тое, што я табе сказаў.
Гардзей выйшаў ад Баранчыка і адчуў страшэнны боль у галаве. Падалося, што хвароба вяртаецца, ён устрывожана прыслухаўся да звону ў вушах. «Нічога, трымайся, трымайся, — падбадзёрыў ён сябе. Галоўнае — не з’ехаць з глузду. Галоўнае — трымацца за рэчаіснасць. Ён зірнуў у яснае неба, на залатыя дрэвы і на душы пасвятлела. Убачыў, як купаюцца ў дарожным пыле вераб’і і ўсміхнуўся, аднак птушынае цвыркатанне ледзьве пачуў з-за шуму ў вушах. Зноў яму згадаліся тыя, хто быў вінаваты ў ягонай хваробе, і ўзнікла жаданне адпомсціць крыўдзіцелям, але ўспомніў наказ солтыса і прыцішыў свой гнеў. Унурыўшы галаву, няспешна пайшоў дахаты, змагаючыся з тымі думкамі, якія з’яўляліся і клікалі дзейнічаць у абарону сваёй годнасці, здароўя, аўтарытэту. Ён вымушаны быў душыць у сабе гэтыя парыванні. Яму згадалася біблейскае выслоўе: «Палюбі ворагаў сваіх». І ён вырашыў нікому не помсціць, усім дараваць і жыць у міры і ладзе з уласнай душою.
Гардзей вельмі здзівіўся, калі ўбачыў каля сваёй хаты нямецкі матацыкл. На двары, седзячы на прызбе, галасіла Зося, абдымаючы сына. Над ёю стаялі немец і паліцыянт, хлопец з суседняй вёскі, Гардзей імя яго не помніў, толькі ведаў, што гэта сын Паўлюся Ткачука.
— Што тут адбываецца? — усхвалявана спытаў Гардзей.
— Данеслі немцам, што твая жонка была камуністкаю. Прыйшлі яе арыштоўваць, — адказаў паліцыянт.
— Зося камуністка? — уражана спытаў Гардзей. — Ды гэта бессаромная хлусня!
— Напісалі, што яна збірала грошы на падтрымку камуністаў!
— Гэта мая жонка! Я працую аграномам! Спытайце ў солтыса! Толькі што я завёў карову і свінню для падтрымкі нямецкага войска!
— У нас загад, — у нерашучасці заўважыў паліцыянт.
Гардзей сам пачаў тлумачыць немцу, як мог, выкарыстоўваючы тую сотню слоў, якую вынес з маленства, што ягоная сям’я гатовая верай і праўдай служыць Германіі. Зося ўсхліпвала і туліла да сябе Ораста.
Немец згодна паківаў галавою:
— Гут, гут!
— У такім разе прашу ў хату, госці дарагія, — Гардзей гасцінна расчыніў дзверы ў сенцы. — Зося, збяры нам што-небудзь паесці.
Немец і паліцыянт адразу селі за стол. Зося мітусілася каля печы. Гардзей, наразаючы хлеб, сказаў паліцыянту:
— Ведаю, што ты Паўлюсеў сын, а як завуць не помню.
— Антон, а гэта пан Фогель.
— Рады пазнаёміцца. Скажы, Антон, хто ж гэта на Зосю такое напісаў?
— Ды ёсць тут у вас адна баба, — ухіліўся ад адказу паліцыянт.
Гардзей прынёс з каморы пляшку самагонкі, паставіў на стол. Вочы
паліцыянта і немца адразу палагаднелі. Зося паднесла талеркі з нарэзанымі гуркамі і салам. У печы ўжо смажылася яечня са шкваркамі, і смачны дух разносіўся па хаце.
— Дык што за баба такая? — зноў спытаў Гардзей.
— Марфа.
— Марфа? — перапытаў Гардзей. — Што ж ёй трэба ад нас?
— А хто гэтых макрахвостых разбярэ, што ім трэба? Грызуцца як сабакі, самі не ведаюць за што, — адказаў паліцыянт, наліваючы чаркі. — Будзьма здаровыя.
Немец і Гардзей таксама паднялі свае чаркі і выпілі.
— Закусвайце, госці дарагія, — запрасіў гаспадар.
Немец падчапіў відэльцам сала, пачаў са смакам есці. Паліцыянт сквапна жаваў на дзве шчакі, а Гардзей пакутліва думаў: «Вось і жыві тут у міры і згодзе! Як можна дараваць такое? Спазніся я на хоць трохі — і звезлі б маю жонку разам з сынам. Не ведаў бы, дзе шукаць? Іх жа маглі расстраляць! Гэтага Марфе не дарую! Яна мне крывавымі слязьмі адплача за сваю подласць. Няўжо разлічвае, што вазьму яе замуж, калі нешта з Зосяю здарыцца? Ці ёй на радасць — мая бяда? Паскуда! Пачакай! Ты ў мяне атрымаеш.»
У душы Гардзея закіпаў гнеў, ён і не спрабаваў яго тушыць. Не, ён не святы, каб дараваць такое. Забралі здароўе, а цяпер да сям’і падбіраюцца.
4
Прамінула колькі тыдняў, і Гардзей быццам забыўся на сваю крыўду на Марфу. У ваганнях — помсціць ці дараваць, ён схіляўся да думкі, што, можа, не варта браць грэх на душу. Няхай тая Марфа задушыцца ад злосці, пэўна, яна сама сябе пакарала, калі носіць у душы столькі злосці, што гатовая знішчыць ягоную жонку і дзіця. Але жыццё як бы знарок выштурхоўвала яго на шлях помсты. Аднойчы Зося прыйшла з Крачкаў і сказала, што Марк вярнуўся. Гэтая навіна шчыра парадавала Гардзея. Чалавек вярнуўся з Поўначы, лічы, з таго свету. Ён неадкладна сабраўся і пайшоў наведаць былога суседа. Марка ён застаў дома і не адразу пазнаў. За два гады той ператварыўся ў старога дзеда, высах на трэску, запалыя вочы глядзелі насцярожана.