Выбрать главу

— Ад каго ты хочаш схаваць праўду? Ад сябе? Людзі ўсё ведаюць.

— У людзей кароткая памяць. Я хачу, каб у нас была прыстойная сям’я ва ўсіх адносінах. Каб ні дзеці, ні ўнукі не сумняваліся ў нашым каханні, — з запалам сказала Зося.

— Добра, — паабяцаў Гардзей. — Трэба з’ездзіць у Гэбітскамісарыят, а можа, і ў Жабінкаўскі пастарунак. Сёння ж і паеду.

— Гардзей, калі ты гэта зробіш, я буду проста шчаслівая.

— Не думаў я, што ты такая ганарліўка. Цяпер разумею, чаму тапіцца бегала.

У той жа дзень Гардзей паехаў у пастарунак. Першы паліцай, якога сустрэў Гардзей, быў той самы Антон, які прыязджаў арыштоўваць Зосю.

— Паглядзі, я тут склаў спіс актывістаў, — сказаў Гардзей, разгортваючы перад хлопцам паперу.

Антон прабег вачамі прозвішчы і сказаў:

— Ты разумееш, што робіш? Іх жа ўсіх расстраляюць.

Гардзея нібы абдалі варам, ён адчуў, як твар пачаў гарэць, усё цела абліла гарачая хваля. У галаве ўсчаўся страшэнны шум. Яму падалося, што зноў хвароба бярэ над ім верх. Ён выхапіў з рук Антона паперу, скамечыў яе, павярнуўся і подбегам кінуўся да выхада, уваліўся ў вазок, сцебануў без жалю каня. Трэба было хутчэй дабіцца дамоў, каб там супакоіцца і прыйсці да розуму. Калі хвароба завалодае ім у дарозе, дык гэта будзе азначаць самагубства, яна пакіруе як захоча, адключыць свядомасць. У такім стане, крый божа, нарвешся на якога немца, дык без ваганняў расстраляе, як шалёнага сабаку. Гардзей не хацеў бязглузда паміраць, ён быў перакананы, што заслугоўвае добрага і доўгага жыцця.

5

Тыдні два Гардзей адлежваўся пасля ўзрушэння, перажытага ў Жабінцы. Ва ўсім целе пасялілася млявасць і слабасць, балела галава. Удзень хіліла да сну, а ўначы ён пакутаваў ад бяссоння, згадваў мінулае, даўно пражытае і перажытае, думаў пра наступнае. У начны час сілы быццам вярталіся да яго, ён гатовы быў устаць і ісці шукаць Пуха ў пуні, на вышках, ці дзе ён там хаваецца, трэсці яго за грудкі і патрабаваць прызнання, чым ён яго атруціў, мо дактары знайшлі б супрацьяддзе. Зрэшты, Гардзей і разлічваў на тое, што Пуха будуць судзіць толькі за спробу атручвання чалавека. Гэта ж справа крымінальная. Добра было б даведацца, з якою мэтаю ён гэта зрабіў? Што кіравала ім? Гардзей уяўляў суд, дзе за кратамі сядзіць паніклы Пух у сваім міліцэйскім фрэнчы, а суддзя пытаецца ў яго: «Ці прызнаеш ты сябе вінаватым у атручэнні Гардзея Рахубы?» — І Пух адказвае: «Так, вінаваты. І вельмі шкадую, што так здарылася». «Шкадаваць мала, трэба адказваць за сваю віну, — кажа суддзя. — Давядзецца табе пасядзець у турме дзесяць гадоў». Менавіта дзесяць гадоў прызначаў Гардзей Пуху за ягонае злачынства, падсвядома спадзеючыся, што за такі тэрмін прыцішацца і ягоная хвароба, і ягоная нянавісць да злачынцы. Аднойчы ён узяў свой спіс і насупраць кожнага прозвішча напісаў віну чалавека, хто быў сельсаветчыкам, хто хаваў параненага чырвонаармейца і зброю. А насупраць Пуха пазначыў, што той працаваў следчым і атруціў яго, Рахубу Гардзея, невядомым рэчывам. Гэта прывяло апошняга да цяжкай псіхічнай хваробы. Аднак псіхічную хваробу ён выкрасліў, каб немцы не прынялі заяўніка за вар’ята.

Як толькі Гардзей адчуў сябе трохі лепш, адразу ж зноў паехаў у Жабінку. На гэты раз ён паспрабаваў аддаць свой спіс немцу, але той грэбліва зірнуў на просьбіта і нават не стаў браць пакамечаную паперу ў рукі, буркнуў нешта неўразумелае і выставіў Гардзея з кабінета кароткім: «Вэк!»

Ды на гэты раз Гардзей вырашыў дзейнічаць больш рашуча. Бо адчуваў, што яшчэ раз не адважыцца на гэтую рызыкоўную справу. Гардзей пайшоў проста да начальніка паліцыі, які сядзеў у пракураным кабінеце, смаліў цыгарку, рэдкія валасы прыліплі да потнага лба. У пакоі было душна і смуродна. Гардзей павітаўся, працягнуў спіс і сказаў:

— Гэта спіс савецкіх актывістаў Сцяблоўскай воласці.

— Ага! Добра! Давай сюды! Хутка мы з імі разбяромся! А ты хто такі і адкуль?

— З Крачкаў, працую аграномам.

— Малайчына! Адзначым за службу! Германія высока цэніць адданых людзей.

— Вы ж разумееце, яны мае аднавяскоўцы. Я не хачу, каб з імі нешта здарылася благое. Проста трэба заняцца іхнім перавыхаваннем.

— Не хвалюйся, немцы ўмеюць перавыхоўваць выдатна!

— А ты мяне не ведаў раней? — спытаў начальнік паліцыі з самаздаволенай усмешкай. Я ж быў асаднікам.