Выбрать главу

«Што там можна рабіць так доўга ў хаце? Чаму яны сядзяць там удваіх?» — час ад часу ў галаве ўзнікалі пытанні. Кроў шалёна пульсавала ў жылах ці ад працы, ці ад нянавісці, а мо ад усяго разам.

«Пачакайце! Вы ў мяне даседзіцеся! Пачакайце! Будзеце ведаць Серафіма!» — мармытаў ён сам сабе пад нос.

— Што ты кажаш? — спытаў сын.

— Нічога. Гэта я так, сам з сабою. Кажу, добры гной, дык і добры ўраджай будзе. А ты ў мяне працавіты ўдаўся, малайчына.

У чарговы раз выходзячы з хлява, Серафім убачыў Эрыха і Надзю, яны ішлі да весніц. Немец нёс у адной руцэ партфель з паперамі, у другой — чамадан.

«Няўжо з’язджае? — радасна мільганула думка ў галаве Серафіма. — Далікатны. Адчуў, што ён тут трэці лішні! Сабака! Валацуга! А гэтай сучцы я хваста прышчамлю!»

У двор Надзя вярнулася адна, устрывожаная, засмучаная.

— Правяла палюбоўніка? — з’едліва спытаў Серафім.

— Сына пасаромеўся б, — спыніла яго Надзя.

— Хто б казаў! На сябе паглядзі!

— Эрых будзе наведваць нас, а ты не забывайся, чыя тут улада.

Яна павярнулася і пайшла да ганка. Серафім кінуў вілы ёй услед, але міма, каб толькі напалохаць. Вілы са свістам уткнуліся ў снегавую гурбу. Надзя нават не азірнулася, быццам была гатовая прыняць смерць. Яна ўвайшла ў сенцы, зачыніла за сабою дзверы, нібы разам з імі зачыніла перад Серафімам і сваё жыццё.

9

Серафім загадзя рыхтаваўся да чарговага прыезду Эрыха. У сенцах прыхаваў сякеру. Вілы знарок увесь час пакідаў навідавоку ля хлява. Ён часта ўяўляў, як у сенцах сякераю будзе забіваць ненавіснага Надзінага палюбоўніка, як з ягонай пасечанай шыі будзе ліцца кроў, а Серафім, наталяючы сваю нянавісць, будзе назіраць за тым, як памірае ягоны вораг. Іншы раз Серафім уяўляў, як віламі праткне немца ў пасцелі, калі ён будзе ляжаць побач з Надзяю, і тая будзе крычаць ад страху, а Серафім рассмяецца ёй проста ў твар.

Аднак усё адбылося зусім не так, як ён сабе ўяўляў. Эрых прыехаў у суботу з двума салдатамі-аўтаматчыкамі, калі Серафім у двары аглядаў воз, бо з панядзелка збіраўся вывозіць гной на поле. Гаспадар паглядзеў на чорныя аўтаматы і адчуў, як халадок прабег па спіне, быццам смерць на момант кранула яго крысом сваёй чорнай апраткі. Эрых прывітаў Серафіма ўзмахам рукі і ўвайшоў у хату, а два аўтаматчыкі застылі каля ганка.

Серафім гняўліва плюнуў сабе пад ногі і агародамі падаўся з двара, разумеючы ўсю недарэчнасць сваёй прысутнасці тут. Кроў у жылах пульсавала так, што, здавалася, сэрца вылеціць з грудзей і разарвецца на частачкі. Ён успамінаў самыя брыдкія словы, якія яму калі-небудзь даводзілася чуць і няславіў жонку, якая, як яму ўяўлялася, зараз мілавалася з немцам! З фашыстам! Як яму хацелася спаліць уласную хату, зруйнаваць, зраўняць з зямлёй! Ён прасіў Пяруна ляснуць у страху і спапяліць нахабных палюбоўнікаў, прасіў зямлю расступіцца і пахаваць пад сабою яго і яе. Але ні праклёны, ні абразы — нішто не дапамагала.

Серафім упаў на дол, рваў рукамі леташнюю сухую траву, якая толькі што выбавілася з-пад снегу, біўся галавою аб зямлю, потым ускочыў, пачаў тузаць лазовы куст, але той не паддаваўся, толькі ледзь-ледзь агаліў карэнне. Калі ж Серафім зусім знясілеў у марнай барацьбе сам з сабою, зваліўся на дол і на нейкі час быццам страціў прытомнасць ці заснуў. Ачомаўся ён ад таго, што пачуў над сабой нечыя галасы. Расплюшчыў вочы, падняў гала­ву, убачыў некалькі ўзброеных мужчын, якія разглядвалі яго. Аднаго з іх ён адразу пазнаў. Гэта быў Леванюк, з якім яны разам былі камітэтчыкамі ў Сцяблоўскім сельсавеце. Серафім сеў, паклаўшы рукі на калені, павітаўся з мужчынамі, здагадаўся: партызаны. Ведаў, што Леванюк з самага пачатку вайны хаваўся ў лесе.

— Ты п’яны, Серафім, ці якая трасца з табою? — весела спытаў Леванюк.

— Цверазей не бываю, — з уздыхам адказаў Серафім.

— Дык што, захварэў?

— Душа баліць.

— Чаго? З такою жонкаю, як у цябе, усялякую хваробу за ноч можна выгнаць.

— Ідзі паглядзі, на тую сучку! Яна ж з немцам спуталася! — злосна адказаў Серафім.

Хлопцы заўсміхаліся, такога прызнання ніхто не чакаў. Серафім раптам ускочыў з зямлі, схапіў за рукаў Леванюка і стаў прасіць:

— Ідзі, забі іх! Яны там у хаце! Мая сучка і гэты фрыц!

— Няўжо праўда? — з недаверам спытаў Леванюк.

— Ён яшчэ пытае!

— Няўжо злюбілася з адным з тых, што ў цябе ў хаце стаялі?

— А з кім жа!

— Вось, хлопцы, што дзеецца! Ужо фашысты нашых баб разбіраюць. А ці важная птушка гэты фрыц?