— Ахоўвае чыгунку, толькі і ўсяго.
Серафім насуплена пазіраў на Леванюка, чакаючы ад яго дапамогі, спачування ці хоць бы абяцання, якое б абнадзеіла, супакоіла, дало магчымасць спадзявацца, што аднойчы вораг будзе знішчаны.
— Шкада, што такі нікудышны немец трапіўся. Аднак не бядуй, Серафім, мы падумаем, як адпомсціць твайму крыўдзіцелю.
— Ага, вы будзеце думаць, а ён будзе ездзіць у маю хату і спаць з маёю жонкаю, — не хаваючы крыўду, сказаў Серафім. — Вас чацвёра. А ля ганка стаяць толькі два аўтаматчыкі. Пойдзем і расправімся з імі!
— У нас цяпер іншае заданне. Да таго ж, у атрадзе моцная дысцыпліна, мы не маем права дзейнічаць без дазволу камандзіра. Патрывай трохі, мы з тваім крыўдзіцелем расправімся. Скажы лепш, у якія дні немец наведвае тваю жонку?
— Калі хоча, тады і наведвае, але найчасцей па суботах або нядзелях.
— Патрывай, брат! Не доўга твайму немцу засталося наталяць свой юр! — паабяцаў Леванюк, клікнуў хлопцаў, і яны пайшлі ў глыб лесу.
З тае сустрэчы ў лесе прамінула болей за два месяцы. Ужо май закрасаваў на зямлі, расквеціў сады, птушыным гоманам напоўніў лес і прысады, а Эрых усё працягваў наведваць Надзю. Серафім хадзіў злосны, кожную хвіліну зрываўся на крык, накідваўся з кулакамі на жонку. А яна быццам і не заўважала яго, маўкліва зносіла праклёны, абразы і пабоі, толькі атуляла жывот рукамі. Употай назіраючы за ёю, ён часам заўважаў, як яна нечаму ўсміхаецца. Твар яе робіцца светлы і такі прыгожы, што хочацца счарніць яго на вугаль, каб ніводнае рысы не было відно. Серафіму здавалася, што не будзе канца ягоным пакутам, аднак у самым пачатку чэрвеня прагрымеў выбух паміж вёскамі Сцяблова і Крачкі. Казалі, што нейкі немец-матацыкліст падарваўся на міне. Гэтая вестка супакоіла Серафіма. Нарэшце Надзін палюбоўнік загінуў, можна было жыць спакойна, аднак крыўда не давала жыцця, грызла, падточвала душу.
На другі дзень пасля таго, як загінуў нямецкі матацыкліст, з Жабінкі прыехалі немцы і паліцаі, падпалілі Крачкі і Сцяблова з тых канцоў, якія злучала дарога, дзе была падкладзена міна. Абедзве вёскі згарэлі напалову. Аднак на гэты раз Серафіму пашанцавала, бо ягоная хата стаяла ў другім канцы Сцяблова.
10
Ноччу нехта пастукаў у шыбіну. Серафім падхапіўся з запечка, падбег да акна, у святле поўні ўбачыў некалькі постацяў, спытаў:
— Хто там?
— Свае, — адказалі з надворку.
Серафім пазнаў голас Леванюка, хуценька патупаў у сенцы, адчыніў дзверы і ўпусціў начных гасцей, распаліў газнічку.
— З цябе магарыч, Серафім, — зычна сказаў Леванюк, ставячы ў куток вінтоўку. -— Забіў я твайго немца.
Надзя ажно сцялася, слухаючы партызана. «Няўжо забілі Эрыха? За што? Навошта? Ён жа нікому нічога дрэннага не зрабіў, не ваяваў, толькі сачыў за чыгункаю. Ах, Эрых, Эрых, лепш бы ты пабярогся і не ездзіў да мяне. Такі малады, разумны, прыгожы. Няма ў мяне сілы ўявіць цябе мёртвым! Не веру, не веру, што ты мог загінуць. А як жа я? Як жа наша дзіцятка, якое я нашу пад сэрцам? Як мне жыць без цябе, Эрых?»
Серафім падышоў да Надзі, штурхнуў яе ў бок, злосна сказаў:
— Уставай, сучка, пачастуй гасцей! Разлеглася як карова.
Ён знарок паводзіў сябе так, хацеў пры людзях падкрэсліць, як ганьбіць жонку, грэбуе ёю. Надзя моўчкі паднялася, акрыла сябе паверх сарочкі вялікай шэрай канаплянкай, пайшла ў камору, нарэзала сала, наклала ў міску квашанай капусты і гуркоў, у думках праклінаючы забойцаў Эрыха: «Каб вам гэтая ежа ўпоперак горла стала! Каб вы белага свету не бачылі, калі вы знішчылі такога чалавека! Каб вас яма пазавальвала! Каб вам век дабра не было!»
Калі вярнулася ў хату, убачыла, што муж ужо налівае кілішкі. Самагонку ён далёка не хаваў, звычайна трымаў у судніку, разам з посудам.
— Серафім, а каўбасы ў цябе не знойдзецца? — спытаў адзін з трох партызанаў, якія сядзелі за сталом.
— Каўбасы няма, а сцягно на вышках вісіць. Зараз прынясу.
Серафім з нажом пайшоў у сенцы. Надзя паставіла талеркі на стол, нарэзала тоўстымі лустамі хлеб. Леванюк паляпаў яе ніжэй спіны рукою. Яна злосна зірнула на яго і адышла да запечка.
— Бач, якая наравістая! — злосна сказаў Леванюк. — Як з фашыстам, дык яна — вась-вась, а з партызанам — кусь-кусь! Ты тут не вельмі. Аб’ездзім! Га, хлопцы!
Мужчыны за сталом засмяяліся. Надзя нічога не адказала, толькі падумала: «Хутчэй бы Серафім вярнуўся! А хіба ён за мяне заступіцца? Ён жа сам сябе абараніць не можа, цяльпук гэты!»
Серафім узрушана-вясёлы ўвайшоў у пакой, паклаў на стол ладны кавалак мяса.