Выбрать главу

13

Солтыс пацягваў самакрутку, з задавальненнем жмурыў вочы ад едкага дыму, так што зрэнкі амаль хаваліся ў складках між павек. Гардзей адсунуўся на край стала, каб не ўдыхаць атрутны пах, але дым доўгімі шэрымі пасмамі абвіваў яго, здавалася, з усіх бакоў, ад чаго дзерла ў горле.

— Што ты ў гэтым курыве знаходзіш? — спытаў Гардзей. — Такі смурод, няма чым дыхаць.

— Па звычцы, браце. Уцягнуўся неяк сам сабою па дурноце, па маладосці, а цяпер кінуць не магу. Карціць. Што тут зробіш? Пачытай вось новы Дэкрэт аб утварэнні самаахоўных вёсак ды давай падумаем, што будзем рабіць, — адказаў солтыс.

Гардзей узяў газету, у якой на першай старонцы быў надрукаваны дэкрэт, хутка прачытаў, устрывожана зірнуў на Баранчыка:

— Дык што, немцы скапыціліся?

— Ты ж бачыш.

— Выходзіць, яны са сваім магутным войскам не змаглі адбіцца ад бальшавікоў, а мы выйдзем сялом і абаронімся ад Чырвонай Арміі. Ці ад каго нам бараніцца?

— Гардзей, не прыкідвайся дурнем. Загадана ствараць самаахову, будзем ствараць. Па ваенным часе загады не абмяркоўваюцца.

Гардзей памаўчаў, спрабуючы ўявіць тую самаахову, але зноў раздражнёна спытаў:

— І хто па-твойму пойдзе ў самаахову?

— Ты ды я, а яшчэ падлеткі за вайну падраслі.

— Ты хочаш гэтых дзяцей бязвусых накіраваць супраць рэгулярнага вой­ска? Ці, можа, баб збіраешся мабілізаваць?

— Калі не хочаш загінуць сам і прывесці да пагібелі сям’ю, рабі, што загадана. Стварай самаахову, накіроўвай моладзь у Беларускую службу «Бацькаўшчына», у Беларускую Краёвую Армію, чорту лысаму ў пашчу. Усё гэта само сабою разваліцца, калі немцы адступяць. Раскруцілася, пакацілася назад кола вайны. Яго ўжо не стрымаць. А нас ціснуць з двух бакоў. Немцы сабе трымаюць пад прыцэлам, партызаны — сабе, а прыйдуць саветы — дадуць дык дадуць. Ці чуў? Антона, паліцая са Сцяблова, пасеклі на кавалкі і пакінулі пад сасною.

— Хто?

— Адкуль я ведаю. Напэўна ж, партызаны.

— А што з намі будзе? — устрывожана спытаў Гардзей.

— Дрэнна нам будзе. Але, калі добра падумаць, дык можна неяк прыстасавацца да новай улады, калі адразу не расстраляюць.

— Ты збіраешся сядзець і чакаць смерці?

— Не ведаю, — адказаў солтыс. — Стары я ўжо, як-ніяк пад семдзесят валіць. Немцам такі ваяка не трэба. З сабою не возьмуць. Што будзе, тое і прыму. Ты яшчэ малады, можаш адступіць з немцамі, выехаць за мяжу, а там, куды хочаш. Безумоўна, табе лепш у Амерыку махнуць, тым больш што ёсць на першым часе ў каго спыніцца. Там жа Зосіна сястра ўжо абжылася. Зрэ­шты, у Амерыцы шмат людзей з Берасцейшчыны. Не прападзеш.

— Не ўяўляю свайго жыцця без гэтай зямлі.

— Ляжаш у гэтую зямлю навечна ў свае сорак гадоў з хвосцікам. Такая будучыня цябе грэе?

— Ты лічыш, што мне трэба ўцякаць?

— У цябе, Гардзей, свая галава на плячах. Думай сам. Спіс насельніцтва вёскі маеш? Ты ў нас чалавек пісьменны, складзі спіс людзей, прыдатных служыць у самаахове, а далей пабачым, што будзе.

— Добра, зраблю, — вяла адказаў Гардзей. — Я пайшоў.

— Ідзі.

Гардзей выйшаў з хаты, зажмурыўся ад сляпучага красавіцкага святла. Была самая пара думаць пра сяўбу, а тут, аказваецца, трэба рыхтавацца да бою з Чырвонай Арміяй. Вось табе і непераможная Германія, якая скарыла ўсю Еўропу, а тут скрышыла зубы! Але якая яму справа да чужой краіны? Трэба ратаваць сваю галаву. «Што будзе з Зосяю і сынам? Няўжо ім будуць помсціць за мяне? — з трывогаю падумаў Гардзей. — Недзе ж я чытаў, што ў саветаў прынята, што сын за бацьку не адказвае.»

Па дарозе ён вырашыў наведаць Марка. Пасля доўгага маўчання, яны зноў пачалі размаўляць, і гэта цешыла абодвух. Марк сядзеў на лаве, падшываў дратваю старыя боты.

— Заходзь, Гардзей, пасядзі, — запрасіў гаспадар.

Гардзей сеў побач з Маркам, спытаў:

— Як жывеш?

— Сам бачыш як. Апошнія боты даношваю. З гэтымі вызваліцелямі з Усходу ды з Захаду хутка без штаноў застануся. Добра, што лапці ўмею плесці, а так бы.

— Дзе твае сямейнікі?

— Халера іх ведае. Швэндаюцца недзе гэтыя лайдакі: і жонка, і дзеці. А што чуваць? Ці хутка вайна скончыцца?

— Мусіць, хутка, — няпэўна адказаў Гардзей.

— Што, далі рускія немцам па храпе?

— Даюць да гэтага часу, — крыва пасміхнуўся госць.

— Цябе чырвоныя, відаць, распнуць.

Апошняя фраза, сказаная Маркам, балюча ўразіла і нават пакрыўдзіла Гардзея, але ён стрымаўся і спытаў:

— Як лічыш, што мне трэба рабіць?