Паэт разумее сэнс жыцця хлебароба, прымае ўсе яго жыццёвыя клопаты і ўмее шанаваць іх і жыць імі, імкнецца выйсці і за межы звычайнага ўсведамлення. «Усё павінна мець мяжу!» — пэўна ведае талковы, працавіты дзед. Але паэт хоча кінуць на шалі не толькі гэту, суцэльна канкрэтную рэалію — мяжу ў гародзе: «А як жа, дзед, душа, скажы?» І дзед, безумоўна, у сваім разуменні меры рэчаў мае рацыю: «А месца хопіць для душы, там, дзе хапае чалавеку». Паэту ж неабходна адчуць рэальнасць і па-за сферай штодзённых, звычаёвых вымярэнняў: «Я па бязмернасці тужу...» («Мяжа»).
Леанід Галубовіч імкнецца адчуць рэчаіснасць у глыбінным яе руху, у катэгорыях небудзённых, выключыўшы прыватнае і выдзеліўшы першаступеннае і прынцыпова, светаўспрымальна важнае.
«І толькі існасць выстаіць бясслоўна» — у гэтым разгадка, вытокі спакойнага асэнсавання сябе самога ў свеце, адносін сваіх з рэальнасцю, разумення стану рэчаў, ходу падзей як натуральнай нормы жыцця.
У полі зроку паэта многае. Тое, чаго не абыходзіў увагай ледзь не кожны, хто свае ўяўленні пра свет выяўляў, канцэнтруючы думку ў заканамернай уладкаванасці метрарытмічнага ладу. Ну, скажам, саму паэзію. А Леанід Галубовіч здолеў у старой тэме знайсці сваё. Прыйшоў да гэтага праз боль слова.
Угледзьцеся, праверце на слых чатырохрадкоўе з верша «Паэзія». Магчыма, у другім радку і адчуецца парафраз нейчага — «рой адвечных дум, дзе мы згараем». Але — вось яно — «і толькі геніі парой жылі часова гэтым раем». Сваё, крэўнае. Радкі, у якіх каментарый можа толькі забраць колер. Як і ў гэтых вось, што таксама не ўтрымаюся і працытую:
У кнізе шмат лірычных замалёвак, традыцыйных у паэзіі лет, зім, вёснаў, восеняў, дажджоў, навальніц. Як быццам немудрагелістыя накіды з натуры з прывычнымі атрыбутамі рыфмаванага пісьма — але ў іх сталая настроенасць душы на імгненную эйфарыю ўражання, якая перадаецца чытачу.
Гэты жанр, жанр лірычнай замалёўкі, мне здаецца, не знікне ў паэзіі, хаця яго кожнае дзесяцігоддзе дваццатага стагоддзя старанна спрабуюць пахаваць апантаныя вынаходнікі новых формаў. Будзе існаваць у сваёй простай і непасрэднай залежнасці ад свету хараства. Як існуюць і незалежна і аб'ектыўна захоўваюць у сабе непадробную прыцягальнасць неба, трава, кветкі. І ўсё гэта мы заўсёды ўспрымаем у пэўнай залежнасці ад нашых уяўленняў аб прыгажосці і дабраце, аб сусвеце і светапарадку. У вялікім крузе зямнога быцця, дзе заўсёды ёсць вось гэта, святое: