Выбрать главу

— Ганна Куліч — крытык з Менску, вядомая менская феміністка, што прыехала на конкурс у складзе журы, — прадставіла нам яе цёця. Агледзеўшы месца смерці, мы зразумелі, што нехта выбіў у яе з-пад ног драбіну, калі яна стаяла на самай апошняй прыступцы.

— Яна цягнулася па анталогію жаночага апавядання, — патлумачыў з веданнем справы аўтар дэтэктываў Віталь Глебка і паказаў нам на верхнюю паліцу, дзе не было іншых кніг акрамя той самай анталогіі. Я пагледзела на цела — яна, як растлумачыў усім пазней Віталь, перад смерцю паспела дапаўзці да паліц з кнігамі (і сапраўды — крывавы след цягнуўся за ёй па падлозе) і пальцам паказаць на кнігу. Нібыта пакідаючы знак, які падкажа нам, дзе шукаць забойцу. Усе нахіліліся прасачыць — на што паказвала нябожчыца. На ніжняй паліцы стаяла ўсяго адна кніга. “Франкенштайн” Мэры Шэлі.

Прафесарка шматзначна паглядзела на мяне: я ўсё яшчэ трымала аблітага кавай Шэлі.

— Але гэта Персі Бішы, — заспяшалася я нешта патлумачыць, ледзьве стрымліваючыся. Яна па-змоўніцку пахі

тала галавой і нічога не сказала: яна таксама сілілася суняць прыступ гістэрыкі. У гэты момант у залю зайшоў следчы і двое яго памочнікаў.

Я паспрабавала іх вачыма паглядзець на ўсіх прысутных: у далёкім куце, падалей ад цела, застыла ў вусцішы Караліна — каталіцкая паэтка з журы. У супрацьлеглым куце, ля вакна, горда выпрастаўшы спіну стаяла другая сябра журы, Рада, якая ўсім сваім выглядам паказвала, што яна ведае, каго мы маем падазраваць: скрыжаваўшы рукі на грудзях, яна спадылба глядзела на Караліну і нібы чакала, калі яе спытаюць, што яна пра ўсё гэта думала. Аўтар дэтэктываў — Віталь — не стаяў на месцы: ён хадзіў па перыметры бібліятэкі, за спінамі прысутных, і нешта занатоўваў. Ля цела мітусілася лабарантка: яна першая на яго натрапіла і цяпер па пятым коле пераказвала, як гэта было. Цясляр разглядаў зламаную драбіну і не глядзеў нікому ўвочы. Прафесарка з непрыхаванай цікаўнасцю разглядала следчага і яго памочнікаў: відаць было, што даверу яны ў яе не выклікалі.

І ў гэты момант я з сумам зразумела, што ўслываю на паверхню. Да плыткіх сэнсаў. Пакідаючы жаданы тон — інфернальнага падарожжа — там, на залатым дне. Куды можна патрапіць, толькі заглушыўшы ўсе чужыя шумы. Цяпер жа — я ведала — на паверхні, сярод звягу чужых жарсцяў, я патрапляю ў фантасмагорыю. І шкадаваць позна — тут, на паверхні, застаецца толькі смяяцца. Каб не было так балюча і безнадзейна.

Іншымі вачыма я паглядзела цяпер на цёцю — яна трымалася эфектна: стаяла ля вакна, глядзела на аблокі і пацірала пярсцёнак на ўказальным пальцы. “Толькі б яна зноў не ўявіла, што ўсё гэта — кіно”, — усміхнулася я, прыпусціўшы, што менавіта так цёця і развязвае ўсе задачы, якія жыццё ставіць перад дэканам.

— Знаёмцеся, — працягнула руку цёця, звяртаючыся да следчага, — гэта тыя самыя сябры журы.

— Мы знаёмыя, — далікатна перапыніў яе следчы.

Віталь пацвердзіў: менавіта следчы іх і сустрэў з цягніка. І ўважліва перагледзеў усе рэчы.

— Мусім быць пільнымі, — пацвердзіў следчы, зусім не збіты з тропу нашым здзіўленнем. — Значыць, сябры журы, — паважна расцягнуў ён, гледзячы на Раду, якая стаяла бліжэй за ўсё да яго. — Прыехалі спакушаць?

— Не спакушаць, а натхняць, — абурылася Рада.

— Спакушаць, — уздыхнуў ён. — Перацягваць у Менск, па адным. А пасля мы яшчэ дзівімся: куды яны ўсе пазнікалі?

— Яны выскокваюць праз вакно, — раптам пераможным тонам абвясціла цёця і адсунула гардзіны. Як Міс Марпл, якая, не выбіраючыся са свайго гароду, магла знайсці забойцу. Так і цёця цяпер — апярэдзіла ўсё следства і паказвала нам на канец ніткі, за які можна пацягнуць і разматаць гэты клубок. Следчы радасна заўважыў: вось і першыя падазраваныя. Мы ўсе падбеглі да вакна: з вокнаў супрацьлеглага крыла факультэта адзін за адным выскоквалі маладыя людзі.

— Гэта не падазраваныя, — заспяшалася прафесарка да вакна і затуліла перад намі гардзіны. — Гэта мой чацвёрты курс.

Усе вярнуліся да цела. І толькі цёця засталася стаяць ля вакна. Мне здалося, яна нешта лічыла.

Частка адзінаццатая. Пачынаючы з канца

Наступныя дзве гадзіны мы правялі ў кампаніі следчага і двух яго падначаленых. І вось што выходзіла: падчас забойства прафесарка чытала лекцыю, сябры журы былі разбегліся па розных кутах факультэта і сядзелі на самоце, зусім без аніякага алібі, яшчэ ў корпусе была лабарантка, якая акурат напярэдадні выйшла ў краму, і недзе ў іншым крыле факультэта — цясляр. І, зразумела, мы з цёцяй. Ні ў кога, акрамя прафесаркі, выходзіць, сапраўднага алібі не было — але следчы быў з Полацку, а тут манеры — на першым месцы: ён і віду не падаў, што падазрае кагосьці з нас — проста папрасіў пабыць яшчэ нейкі час побач з ім і нікуды не выходзіць.