Выбрать главу

— За што ж яны праклінаюць нас? — не зразумеў Віталь.

— За нашу заўчасную цікаўнасць. Мы ўвесь час думаем пра гэты свет, часам гаворым пра нябёсы. Але некаторых пачаў вабіць і той свет, — лабарантка паказала пальцам на падлогу.

— І яцвягам крыўдна? — спачувальна прашаптаў аўтар дэтэктываў.

— Ды не. У тым свеце затрымліваюцца несупакоеныя душы, тыя, хто наагул згубіў душу, альбо, як у нашым выпадку, там яшчэ могуць ахоўвацца тыя, хто ўцёк, а назад не паспеў вярнуцца. Вы ж ведаеце — цэлыя гарады часам перад небяспекай пад зямлю сыходзілі. І яны чакаюць там часу для свайго вяртання — спрыяльнага часу, калі можна будзе вынесці на свет захаваную веду.

— А некаторыя спрабуюць выцягнуць іх веду сюды, заўчасна, пакуль зямля яшчэ не гатовая да яе, і ўсё сапсаваць? — нарэшце зразумела я.

— Менавіта. Некаторых аж занадта вабіць той свет. Сваёй забытай мудрасцю. Якая можа даць нечаканую сілу — уладу над іншымі людзьмі. Іх гэта вабіць, і яны спрабуюць прашчыміцца і вынесці адтуль хаця б кавалачак забытай веды. Ад такіх яцвягі і бароняцца.

— Значыць, Ганна паквапілася на іх мудрасць? — здагадалася я.

— Паквапілася. Таму і памерла такой смерцю. Яе нібыта зрынулі. Прыцягнулі да сябе. З усёй моцы. Каб адсюль яна ўжо нічога не…

Лабарантка не паспела дагаварыць — яна падняла вочы і пабачыла: з расчыненых наросхрыст дзвераў у бібліятэку на яе страшна глядзела Рада. Лабарантка чамусьці спалатнела і спешна схавалася ў калідорнай цемры.

Я ж падумала: было б вельмі крыўдна, каб разгадка была такой. Містычнай. Мне хацелася, каб было — як у лепшых дэтэктывах свету. Мне хацелася прыватнага матыву. Жарсцяў і помсты за чалавечы ўчынак. Аж надта чалавечы.

Частка трынаццатая. Згублены момант

Трэці сябар журы — Караліна — сядзела ў каморцы, якой заканчвалася бібліятэчная заля, адна — ля вакна з расхінутымі фіранкамі.

— Я ведаю Ганну ўжо пятнаццаць год, — загаварыла Караліна першай, калі я падсела да яе, — мы пазнаёміліся на Дзядах. Мяне адразу ўразіў яе голас — такі лёгкі і нейкі няўлоўны. Але расказвала яна гэтым голасам зусім нечаканыя гісторыі — пра наша мінулае, пра подзвігі і перамогі, пра страхі, якім было ўжо па некалькі стагоддзяў. Тады яна была аточаная сябрамі. Увечары, калі мы сабраліся пасля мітынгу ў кагосьці дома, яна прызналася, што яе ўлюбёнай кнігай дзяцінства быў “Цімур і яго каманда”, — тут Караліна не вытрымала і гучна высмаркалася ў акуратную шаўковую хустачку. — Так яна і жыла — верачы ў сяброўтва. Упэўненая, што яе выратуюць з любой бяды. Упэўненая, што для яе здзейсняць цуд. Падставяць плячо — што б ні здарылася. Толькі ўсё гэта ў яе выходзіла неяк аднабакова. Верачы, што яе атачылі сябры і што яны паклапоцяцца пра яе — яна навучылася жыць непрыстасаванай. Адарванай ад усіх клопатаў. І сваіх, і чужых. Але сябры — таксама людзі, і яны сумуюць, калі пра іх не клапоцяцца.

Караліна змоўкла на хвіліну — было відаць, што гэтая старая крыўда разварушыла яе, і спыніцца ёй цяпер будзе цяжка. Яна заводзілася ў абразу і даставалася гістэрычных званочкаў у голасе.

Я ж разумела: Ганна і ёсць тая, каго я шукала. Знікомая ў жыцці і праяўленая кімсьці для мяне — пасля смерці. Той антыпод, чыім голасам я змагу расказаць гісторыю пра духаў, пра страшнае і пра кінутыя бумерангі. Гэта была яна — толькі як я магла наблізіцца да яе, цяпер, калі яна памерла.

— З часам засумавала і я — яе сяброўка, — працягвала ў гэты час Караліна. — І тады, праз год пяць пасля нашага знаёмства, яна пачала даліцца — пры гэтым не дакараючы ні словам. Проста сыходзіла ў сябе, ганарылася самотай, выстаўлялася самадастатковасцю. Замест таго, каб паклапаціцца пра тых, хто быў побач — яна прыдумала сабе нешта дзівацкае пра “помслівыя ногі”. Вымушаная дбаць сама пра сябе, без надзейных сяброў навокал, яна забараняла сабе нават марыць пра падарожжы, подзвігі і парыванні — яна больш не ездзіла далёка ад дому, не была за мяжой, не дазваляла сабе нават затрымлівацца ў цэнтры горада пасля васьмі вечара. І вось ад гэтага, нібыта, у яе пачалі балець ногі. Гэта была помста ног: за ўсе забароны і нерастрачанае жыццё.

— Як Русалачка, — прашаптала я, уражаная. — У яе быў голас, а ёй было гэтага мала.

— Так, — Караліна ўважліва паглядзела мне ў вочы і я зразумела: зараз яна прызнаецца ва ўсім. — І таму яна наважылася на гэтую сустрэчу, — павольна, выразна прамаўляючы кожнае слова, прашаптала Караліна і паглядзела кудысьці долу.

— Якую сустрэчу? — перапыніла я Караліну і адзначыла сабе, што яе гэта пытанне здзівіла.