Выбрать главу

Яна ж не паспела нічога патлумачыць — зайшла цёця сказаць, што мы можам вяртацца дадому, і момант быў згублены.

Частка чатырнаццатая. Горкі прысмак дакору

Па дарозе дадому тым вечарам мы з цёцяй маўчалі. Я думала пра незразумелую злашчасную для Ганны сустрэчу, пра русальчыны ногі і пра русальчын боль.

— Што гэта магла быць за сустрэча, пра якую Караліне нагадвала забітая? — нарэшце спытала я цёцю, калі мы прамінулі стары заснежаны ўніверсітэцкі сад.

Цёця засмяялася — крыху нервова, адзначыла я сама сабе — і сказала, што адзіная сустрэча, пра якую яна апошнімі часамі чытала — гэта сустрэча ў пераходзе.

— І яшчэ — папярэдзіла мяне цёця — нічога не расказвай пра сустрэчу прафесарцы.

— Чаму? — запыталася я. Цёця выдыхнула і штосьці замаўчала, а пасля — услых — дадала: — Каб марна не хваляваць. Такіх, як яна, мала. І нават не таму, што вы ўжо ніколі не прачытаеце столькі, колькі прачытала прафесарка. Бо вы не прытарнаваныя да такога. Ды гэта і не істотна — нават калі б прыдумалі спосаб загрузіць усе добрыя кнігі адразу вам у розум — гэта б не дапамагло. Вы ніколі не зробіце сваё сэрца такім.

— Якім?

— Складаным, і ў той жа час без лішняга росхрысту, — паспрабавала падабраць словы цёця, але бачна было, што гэта не ўсё. — Трэба доўга практыкавацца, каб зрабіць яго такім. Але калі гэта свядома рабіць і надта моцна прагнуць — усё роўна нічога не атрымаецца.

— Вы негрунтоўныя, — з нейкім дакорам скончыла цёця.

Што ў гэты момант здарылася, патлумачыць цяжка. Згадка, бы ток, працяла ўсё маё цела. Нехта, недзе мне ўжо казаў гэтыя словы. “Вы негрунтоўныя”. Нехта свой, з гэтага боку барыкадаў — таму і прысмак дакору быў асабліва горкі. Але хто гэта быў — цяпер я не магла прыгадаць. Замест гэтага я чамусьці паглядзела на свае ногі. І згадала рытм радка з “Адама Клакоцкага” пра чыстых прывідаў. І так мне і захацелася адказаць, як Францішак калісьці адказаў Багдану на закід пра тое, што яны ператварыліся ў чыстых прывідаў: мяне гэта цалкам задавальняе. Але хіба гэта не было б хлуснёй? Ці гэта мяне задавальняе — ніколі не быць да канца перакананай у чымсьці? Не магчы паглядзець шчыра і нецынічна хаця б на нешта ў жыцці — і паверыць у гэта ўсім сэрцам? У сяброўства. У вайну за празрыстасць. У геніяльнасць простай думкі.

Ці не для таго я прыехала сюды — каб навучыцца верыць ва ўсё гэта? І напісаць нарэшце свой раман. За размовай мы незаўважна дайшлі да дома са львамі — а адтуль ужо было вокам кінуць да дома цёці і дзядзі.

Частка пятнаццатая. Любімы дзядзя, які просіць забыць пра духаў

Дзядзя, фізік-практык, як ён сам сябе называў, ужо шмат год праводзіў свае даследаванні дома — на вялікім стале ў залі. Стол быў зацягнуты зялёным аксамітным абрусам, а пасярэдзіне на ім стаяла штосьці падобнае на лазер і нейкі празрысты камень. Дыямант, напэўна, вырашыла я сама для сябе. Яшчэ вельмі даўно — гадоў дваццаць таму, калі ўпершыню патрапіла ў гэтую кватэру.

— Ёсць чатыры агрэгатныя станы рэчываў, — патлумачыў мне тады дзядзя, калі я запыталася пра яго даследаванні, — вадкі, цвёрды, газападобны і плазменны. — Я спадзяюся вынайсці пяты.

І ўсе гэтыя дваццаць год, калі я прыязджала ў госці, я бачыла вялікі дыямант і лазер для эксперыментаў на стале ў вітальні. Дзядзя шукаў пяты стан рэчываў. А ў доме ад бясконцых эксперыментаў прыемна пахла вясной і надзеяй. Таму я вельмі здзівілася, калі зайшоўшы, не пабачыла ў залі гэтых прыладаў.

— Дык вы знайшлі пяты стан? — асцярожна спытала я дзядзю, шукаючы вачыма прыстасаванні для эксперыментаў.

— Анягож, — данеслася аднекуль з кухні. Я павярнулася да кухні, але ў гэты момант рыпнулі дзверы ў супрацьлеглым баку — у бібліятэку, і ў дзвярах паказаўся дзядзя.

На ім была шырокая шаўковая кашуля сіняга колеру. Як плашч чараўніка, — падумала я ў захапленні. Барада ж ягоная закручвалася кончыкам дагары — і выглядаў ён ад гэтага чыста як старажытны маг з персідскіх пустэльняў.

Дзядзя, нібы чытаючы мае думкі, прынес кубкі і сподачкі. Папрасіў пачакаць — і праз хвіліну на стале з’явіліся талеркі, на якіх панадна была раскладзена ўсякага роду дымляніна: кумпячына, сальцісона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў. Цёцю гэтае відовішча зусім, здавалася, не здзіўляла. Я ж, не падрыхтаваная да новай стадыі дзядзевых адкрыццяў, была моцна ўражаная.

Калі ж у дзядзі ў руках закрасавала бутэлька густога чырвонага віна, запарушаная пылам і плесню, — у мяне пацяклі слінкі і я пацягнула келіх да дзядзі.