Выбрать главу

— Я прачытала яе звечара, — далікатна ўдакладніла цёця, — а далей я ўсё ўзважвала.

Цёця зноў пакруціла на ўказальным пальцы пярсцёнак з блакітным каменем, у якім ранішні промень свяціўся глыбей, чым можна было сабе ўявіць. І чамусьці спытала: “Ты верыш у тое, што мастацтва можа быць усяго толькі гульнёй спалучэнняў?”

— Не, — катэгарычна адказала я, упіўшыся вуснамі ў сакавітую хурму.

— І я не веру, — пагадзілася цёця, з асцярогай гледзячы на тое, як я заглынала рэшту вялікага фрукта. — Мастацтва невычэрпнае, каб залежаць ад выпадковасцяў. Але ў нашым дэтэктыве надта шмат выпадковых супадзенняў.

— Думаеш, пакуль Ганна памірала, яна паспела прыгадаць сюжэт рамана, правесці паралель са сваім забойствам і яшчэ даўмецца паказаць нам на гэты раман як на ўліку?

— Не, — катэгарычна пахітала галавой цёця. — Я думаю, што на якую б кнігу Ганна ні паказала, мы б і там змаглі расчытаць намёк на верагоднага забойцу. Вось толькі наш дэтэктыў — не літаратура, а самае сапраўднае жыццё. І яго немагчыма пераігрываць кожны раз новымі камбінацыямі.

— А што з кнігай? — пацікавілася я, ужо больш ад азарту. — На які след адпраўляе нас яна?

На гэта пытанне цёця чамусьці пасур’ёзнела і — нібы шкадуючы мае нервы — не стала адказваць. Замест гэтага яна пахітала дакорліва ў мой правы бок, да якога я, скрывіўшыся ад раптоўнага болю, прыціснула локаць.

— Я прыдумала для цябе танка:

Калі ты памрэш, над магілай тваёю напішуць фарбай: яна надта любіла аранжавую хурму.

Цёця засмяялася, а мяне скаланула згадка пра смерць. Мне стала несамавіта ад такога раптоўнага перападу настрояў. Кату жарцікі, а мышы… Я пацягнулася да кавы — як па суцяшэнне — але ў гэты момант цёця рэзка ўпілася рукамі ў фатэль і спалохана прашаптала: “Ключы”.

Ключы, пра якія прахапілася цёця, былі ад яе кабінета. І яна іх учора забыла ў тым самым кабінеце на стале. А гэта значыла, што часу на каву ў нас не было ніякага — мы мусілі бегчы ратаваць кабінет. Страшна было нават падумаць, ад чаго мы мусілі яго ратаваць. Тады, у дзень прыезду маладых літаратараў.

Частка васямнаццатая. Ператрус

Калі мы пабачылі расхрыстаныя дзверы кабінета, нам стала ясна: тут ужо нехта пабываў. Нешта пабывала. І гэта былі не маладыя літаратары.

Яны на такое не спрамагліся б проста фізічна: усе шафы і палічкі былі разваленыя нейкім вялікім гострым інструмантам, фіранкі і гардзіны паабдзіраныя, а кнігі і паперы павыкіданыя на падлогу. Здавалася, кожную кнігу перагледзелі асобна — нібыта шукаючы нешта ў сярэдзіне. І яшчэ — у кабінеце цяпер павільгатнела і запахла цвіллю.

Падняўшы ўсе кнігі і расклаўшы іх стосамі на стале, цёця заявіла: знік Персі Бішы.

Вочы яе ў гэты момант былі заплюшчаныя — яна відавочна на нешта наважвалася. Затым яна знайшла на падлозе сярод друзу і папераў свой самурайскі меч і падняла яго. Спачатку медытатыўна, а ўжо праз хвіліну ўтрапёна цёця пачала маляваць ім не вядомыя мне гіероглівы ў паветры.

А-а, — пераняло ў мяне дыханне ад нечаканасці, калі меч прасвісцеў ля самага вуха.

Ха, — выдыхнуў нехта, замест мяне, з-за паваленага вазона з пальмай.

Частка дзевятнаццатая. Да следства далучаецца прафесарка

— Ха, — голасна і цяжка выдыхнуў нехта з-за пальмы і тут жа расчыхаўся. Гэта была прафесарка.

— Страшна падумаць, каго яны тут шукалі, — зазірнула яна ў вочы цёці — неяк бязжальна і амаль кпліва.

— Хто — яны? — цёця прытуліла меч да сцяны і падняла вазон з пальмай.

— Нехта мокры, — паціснула прафесарка плячыма: маўляў, гэта яе мала цікавіла. Што яе напраўду цікавіла — дык гэта стос файлаў, які яна сціскала ў руках.

— Пакуль усе спалі, я тут нешта накапала, — хітра падміргнула яна нам, склаўшы файлы веерам і схаваўшы за ім сваю трывожную ўсмешку.

У адказ мы не знайшліся, што і сказаць.

— Гэта творы фіналістаў. Маладых літаратараў, — патлумачыла мне цёця.

— Дай ім Бог здароўя, — нібы пагадзілася з ёй прафесарка. — Гэта магло быць апошняе, што чытала забітая,

— уздыхнула яна і надзела акуляры.

Прафесарка занурылася ў чытанне і, здавалася, нават не чула, што мы ёй казалі. Прыемна было глядзець на яе за чытаннем: яна гарэла і захлыналася нейкай маладой радасцю. Цёцю гэта чамусьці непакоіла.

— Але што сэнсу, — уступіла грамчэй цёця, — гэтыя фіналісты яшчэ нават не паспелі прыехаць.

— Вы кепска ведаеце моладзь, — чмыхнула прафесарка.

— А вы як быццам гуляецеся ў дэтэктыў.

— Усё жыццё — гэта дэтэктыў, — няспешна і разважліва выдала прафесарка, гледзячы на цёцю паўзверх акуляраў. — Мы шукаем разгадку самаму цёмнаму пытанню, а заадно і забяспечваем усё жыццё сабе алібі. Ды толькі ў рэшце рэшт, там, яно ўжо нікога і не цікавіць. Дарэчы, пра алібі. А куды вы выходзілі з кабінета ў час забойства?