Выбрать главу

— Вось, — як быццам паставіла кропку ў гэтай размове прафесарка.

— Што — вось? — не зразумела я.

— Франкенштайн не проста стварыў пачвару. Галоўнае — ён яе прыручыў, — павольна выдала прафесарка — так, нібы гэта мусіла мне нешта патлумачыць. — Як Ганна — Караліну.

— І чаму вы думаеце, што Ганна кахала менавіта Караліну?

— А каго яшчэ — Раду? Пабойся Бога. Хаця і з ёй не ўсё чыста — але да Рады я дабяруся пазней. Той, каго кахала Ганна, быў сярод нас, ён Ганну і забіў. Каханне яе забіла, — падсумавала прафесарка.

— І яшчэ, — папярэдзіла мяне прафесарка, спешна сыходзячы і не звяртаючы ўвагі на мае заўвагі, — нічога не расказвай следчаму.

Частка дваццаць другая. А там я — у сваёй лепшай сукенцы

Тут жа на калідоры, не паспела прафесарка дагаварыць, нас і заспеў следчы з двума падначаленымі: яны абвясцілі, што ў іх цяпер ёсць новая ўліка — і папрасілі прайсці разам з усімі ў бібліятэку.

— Пазнаеце? — спытаў памочнік следчага, паказваючы мне фотаздымак. На здымку была я — у сваёй лепшай сукенцы. Пяць гадоў таму, калі я толькі-толькі зрабіла сабе хімічную завіўку. На здымку я была рыжая і смяялася. Хаця кім і калі менавіта быў зроблены здымак — гэтага я не ўяўляла.

— Пазнаю, — задаволена ўсміхнулася я.

— А цяпер чытайце тут, — ён павярнуў здымак: на адвароце маім почыркам было напісана: “Азірніся”.

— Што гэта? — не пазнавала я.

— Вы і раскажыце. Ваш здымак, ваш почырк, знойдзена ў Куліч у нататніку. Што яно там рабіла?

— Гэта нейкае непаразуменне. Я нічога такога не памятаю.

— А вы падумайце, — выдыхнуў задаволены памочнік следчага і зацягнуўся цыгарэткай.

Думаць было цяжка — як слова з смс-кі, якую я атрымала напярэдадні, патрапіла на мой стары фотаздымак? Ці ведала Ганна мяне? Чаго насамрэч хоча следчы?

— Вось ён, — падумала я, — бумеранг, які вяртаецца. Каму я магла падпісаць такое? Я — тая, што наважылася развітацца з уладай над людзьмі і ніколі не азірацца на сваё дзёрзкае мінулае.

Ад хвалявання ў мяне пацямнела перад вачыма — каб хаця крыху ачысціць свядомасць, я дастала маленькую зграбную флягу, якую заўжды вазіла з сабою і якую я абачліва паспела напоўніць каньяком яшчэ звечара, і зрабіла некалькі каўткоў.

Я змоўкла.

Старэйшы следчы таксама маўчаў і скептычна глядзеў на ўсё, што адбываецца. Яму было ўжо каля пяцідзесяці, у яго была прыемная манера ціха, але ўпэўнена гаварыць, схіліўшы галаву на правы бок. І я падумала, што калі б ён пры гэтым яшчэ складаў рукі на жываце — то цяперашняя сцэна выглядала б чыста як са старога кіношнага дэтэктыва. І ён, нібы пачуўшы мае думкі, задуменна счапіў рукі, амаль па-жаночы, абхапіўшы свой выразны паважны жывот.

Частка дваццаць трэцяя. Пасьянс раскладзены

Следчы прызнаўся, што ўсё гэта падаецца яму пустым. “Пустое,” — паўтарыў ён, гледзячы мне ў вочы. “Затха і нуда — гэтыя вашыя апраўданні. І нашы ўлікі,” — паважна расцягнуў ён для свайго памочніка, чым крыху мяне супакоіў. “Праклён муроў — вось што гэта такое. І калі яны не выедуць адсюль — будзе горш”, — грозна сказаў ён, хітнуўшы ў бок сябраў журы, нібы ўбіў цвік ва ўсю гэтую справу — па самы капялюшык.

—Але як гэты праклён працуе? — здзівілася я, хаця і адчула небывалую палёгку.

— Хутчэй за ўсё, гіпноз, — з веданнем справы ціха сказаў следчы.

— Які гіпноз? — непрыхавана скептычна і нават груба перапытала камлюкаватая Рада.

— Такі гіпноз, — аўтаматычна вырвалася ў мяне трохі рэзка, хаця я і не хацела нікога асадзіць.

— Вы што — усе павяр’яцелі? — цепанула тая плячыма. — Мазаіка складаецца як двойчы два: пачынаецца конкурс, на які ў члены журы запрошаныя творцы — людзі з дыяметральна супрацьлеглай паэтыкай. Распальваецца вайна ставак і аўтарытэтаў. Усё заканчваецца смерцю феміністкі. Пры чым тут, на халеру, праклёны, яцвягі і гіпнозы?

Следчы прысеў побач з ёй і неяк мякка, ціха спытаў:

— А гэта не ў вашым інтэрвію адной беларускай газеце Ганна называецца беспрынцыпным літаратурным крытыкам, у якога няма ні густу ні куражу?

Рада склала рукі на стале перад сабой і задуменна выдыхнула: “У маім”.

— Вось бачыце, — яшчэ больш лагодна вымавіў следчы. І чамусьці дадаў: — Толькі не хвалюйцеся.

— Як гэта не хвалюйцеся? Мы так ніколі злачынцу не знойдзем, — абурыўся аўтар дэтэктываў Віталь. — Не можам жа мы ўсур’ёз насіцца з версіяй пра прывідаў, яцвягаў і ўсякую чартаўшчыну.