— Кінуты бумеранг даганяе, — стомлена выдыхнула я і патэлефанавала ў Берасце хлопцам з Лігі Змагання. Хлопцы сказалі, што маёра ўжо амаль год як няма сярод жывых.
Нямую цішу ў гэты момант разарваў трывожны ўніверсітэцкі званок.
Нарэшце гэтая пара, поўная трывог і страху, скончылася. Званок заспеў мяне каля бібліятэкі, у якой усё яшчэ сядзелі старэнькая прафесарка, Караліна, Рада, апошні сябар журы — Віталь, і цясляр, які з’явіўся адразу пасля сыходу следчага, нібыта, каб усталяваць новую драбіну. Цяпер ён выкладаў нам сваю тэорыю, разглядаючы зламаную драбіну.
— Самагубства, — канстатаваў ён. — Драбіна была загадзя падпілаваная, — ён паказаў на акуратныя надпілы на ўнутраным баку дошак, — і тая кабетка не магла не адчуваць гэтага. Трэ было яшчэ ладна паскакаць на драбіне, каб даламаць яе канчаткова і ўпасці.
Усе тут жа ўважліва паглядзелі на цесляра. Падазронасць следчага перакінулася і на нас.
— Як вас зваць? — пацікавілася я.
— Завіце мяне майстрам, — урачыста прадставіўся ён і затрымаў свой позірк на маёй руцэ — пярсцёнак з Сінім Тыграм, які я ўзяла ў цёці, патрапіў пад промень і ззяў на зімовым сонцы.
— І я яе разумею, — ціха дадаў майстар, памаўчаўшы. — Што можа быць горш злашчаснай прыкіпеласці — неўзаемнай жарсці?
Віталь наблізіўся і пагрозліва засоп ля самага вуха цесляра, нешта выглядаючы ў яго руках.
— Хіба немагчыма зразумець чалавека, які сябе забівае, бо, напрыклад, не можа бачыць свайго каханага ў абдымках іншай? — азірнуўся цясляр на Караліну.
Мне было гэта зразумела як нікому іншаму — але я замаўчала сваю думку. Ды і навошта было нешта казаць — цясляр ужо пазнаў ува мне аднадумцу: ён так глыбока зазірнуў у маё правае вока, што мне здалося — ён пабачыў у ім усе замоўчаныя пытанні. І чамусьці ўсміхнуўся. А я не магла забыць выраз гэтага свідруючага шэрага вока.
— Ёсць і такі варыянт, — уздыхнула прафесарка. — Пакуты маладога Вертэра.
— Тады застаецца толькі зразумець, каго і ў чыіх абдымках яна не магла бачыць, — падвёў рысу Віталь, як на мяне — пануры варызга, і абвёў усіх прысутных пільным позіркам.
— Хіба гэта цяпер нешта значыць? — умяшалася я.
— Загінуў чалавек — кагосьці ж трэба прызнаць вінаватым, — абурыўся Віталь.
— Вінаватым — ды не той віной, — паглядзела на яго прафесарка. — Я ж па-за падазрэннямі? — удакладніла яна на ўсякі выпадаак. — Дык вось, у грэкаў было такое паняцце — гамарція — страшная віна, але не злодзея, а вартага чалавека. І калі мы ўсё правільна разумеем, і пабачым гэтага няшчаснага героя, і пачуем яго гісторыю, то ўсіх нас чакае сапраўднае ўтаемнічэнне — катарсіс.
— Катарсіс — ачышчэнне, а не ўтаемнічэнне, — паправіў яе не вельмі элегантна Віталь.
— Каму — як, — пахітала галавой прафесарка і не стала нічога яму тлумачыць.
— Усё адно вінаватага чакае пакаранне. Хаця б там, пасля смерці. Вечнае пакаранне, — нервова ўставіў Віталь.
— Няма вечнага пакарання, — надта гучна адказала я. Нешта ўнутры мяне адказала, я нават не паспела падумаць, навошта. І тут жа пашкадавала: з дзвераў на мяне глядзеў рыжы студэнт. Ён ішоў калідорам у гушчы маладых літаратараў, і, здавалася, мае апошнія словы так уразілі яго, што ён не мог ні ісці далей, ні хаця б нешта сказаць. Так і стаяў некалькі імгненняў уталопіўшыся ў мяне. Аж мароз па скуры. І зноў я адзначыла: яго вочы свідруюць мяне наскрозь, нібы шукаюць адказ на нейкае замоўчанае пытанне. І вочы ў яго — таксама шэрыя.
У той момант цясляр, усталяваўшы новую драбіну і абвясціўшы, што ў яго скончыўся працоўны дзень, знік. Следам за ім нарэшце пачалі разыходзіцца і ўсе іншыя з бібліятэкі.
— Толькі нічога не кажы следчаму, — папрасіла я Караліну, калі мы развітваліся, збітыя з панталыку словамі цесляра. А яна і не збіралася — яна так глядзела на закрытыя за ім дзверы, што здавалася — яна хоча таксама ў нечым прызнацца. Але хвіліна была згубленая — і яна нічога так і не сказала.
Калі я паклала руку на клямку, каб зачыніць за намі дзверы, то са здзіўленнем пабачыла: на пярсцёнку — у калідорнай паўцемры — праглядаўся малюнак. Я паднесла пярсцёнак бліжэй да вачэй і пабачыла: з сіняга пярсцёнка на мяне глядзела шэрае вока. Вялікае і ўважлівае вока Майстра.