— А што ў вас там? — асцярожна спытала я.
— Туды, у прынцыпе, нельга, — неяк павучальна сказаў ён. І ўжо больш прыязна дадаў: — Можна толькі тым, хто сам сабе дазваляе.
Сытая і палагаднелая, без пярсцёнка, я з усмешкай глядзела на афіцыянта і страшна радавалася яго словам. Можна тым, хто сам сабе дазваляе. Усё можна. І раптам я адчула, што хачу менавіта гэтага — дазволіць сабе забыць ірацыянальныя страхі апошніх дзён. Пасмяяцца з іх. Ліпкая мокрая містыка — сілай волі я вырашыла вызваліцца ад яе раз і назаўсёды. Такое рашэнне мне нават здалося адзіна натуральным — у гэтай вясёлай залі, гэтым сонечным зімовым днём. І я загадала сабе забыць пра смску, пракляты званок і лесбіянку. І нават зрабіла тры каўткі з кухля з дзіўным напоем, каб пасалютаваць саму сябе.
— Прыспеў час, — абвясціла цёця, нібыта адказваючы сваім думкам, і, падымаючыся, паспела прыхапіць надкусаны вялікі яблык са стала. Каву мы зноў так і не пакаштавалі — цёця пацягнула мяне з рэстарацыі раптоўна і нечакана. Нібыта сама толькі што згадала пра нейкую пільную справу.
Мы выйшлі з цёплай залі на мароз — і мне стала раптам так млява і хораша. І яшчэ лепей было ад таго, што сонца ўжо спускалася за Дзвіну і рыплівы снег зазіхацеў у той самы момант надвячоркавым радасным бурштынам.
Для чаго прыспеў час — я так і не здагадалася. Але лішніх пытанняў гэтым надвячоркам я таксама не збіралася задаваць. І ціха — толькі снег рыпеў пад нагамі — пайшла следам за цёцяй.
Ужо на выхадзе з рэстарацыі мяне чакала непрыемнае адкрыццё: не паспелі мы зрабіць і пяці крокаў — дабраліся толькі да Экалагічнага музею — як мне на галаву абрынуўся аскепак ледзяша.
Сам лядзяш — цяжкі і вялікі — праляцеў у некалькіх сантыметрах ад маёй галавы.
Як цвік, убіты па самы капялюшык, я прысела — бо ж гэта быў сапраўдны знак. Жыццё зноў гаварыла са мной знакамі, і тое, што яно мне спрабавала сказаць — не суцяшала: нечалавечыя сілы, пра якія я вырашыла не думаць і ў якія я намагалася не верыць, віравалі вакол мяне. Яны засмоктвалі мяне ў свой вір — а ўцякаць мне далей не было куды.
Вір наагул чакаў мяне даўна. Ад пачатку, калі можна знайсці пачатак чалавечага жыцця, канечне.
Мама казала, што менавіта на гэтым слове — вір — калі яна прамаўляла яго — я ўпершыню заштурхалася ў яе жываце.
Верачы ў знакі, якія пасылае нам свет і з дапамогай якіх мы можам наблізіцца да патайбочных парадкаў, пабудаваць хаця б нешта падобнае тут і цяпер — я доўгі час расчытвала якое-небудзь пасланне за гэтым знакам.
У мяне нічога не выходзіла: жыццё сапраўды закідвала мяне ў віры некалькі разоў, але я доўга не магла вытрываць там, у сярэдзіне, — і я вылузвалася з іх. Як магла.
Некаторыя літаратурныя магі, прачытала я пазней у Эзры Паўнда, сведчаць: выбрацца з гэтага свету — ці прабрацца сюды — можна вершкі на віры. Значыць, я так і не перакрочыла мяжу гэтага свету. Так і не навучылася адчуваць сябе не ў палоне — а вершкі. Самой стаць вірам.
— Вір нябачны — яго робіць бачным тое, што ён зацягвае ў сябе, — сказала мне мама, калі я з’язджала ў Менск. І параіла ў гэтай думцы шукаць сваё мудрае натхненне.
Па дарозе з рэстарацыі — а мы ішлі на факультэт, як высветлілася — цёця збольшага маўчала. Здавалася, яна дадумвае нейкую важную думку — ці то яна раптам пра нешта здагадалася, ці то расчытвала нейкія нябачныя мне знакі. Але рухалася яна нервова і хутка — чыста, як у французскім кіно сямідзясятых. Нешта падазронае было і ў тым, як яна спынілася каля ювелірнай майстэрні і зноў да нечага прынюхалася.
Цяпер у яе дакладна быў план.
Я ж увесь час сілілася прыгадаць, дзе я магла бачыць таго чалавека ў парыку, што падазрона паводзіў сябе ў рэстаране. Чамусьці я запомніла яго рукі — але што ў іх было такога асаблівага, гэтага я зразумець не магла.
Калі цёця спынілася каля ювелірнай майстэрні і пацягнула за клямку, я не здзівілася — на дварэ было мінус дваццаць, і я падумала, што цёця проста хоча пагрэцца і шукае якога прыхілішча. Мы зайшлі ў пустую майстэрню і агледзеліся.
Першая заля была невялікая, але з кожнага яе кута ззялі незямныя колеры: бліжэй да вакна стаялі палічкі з бурштынам, на іх падалі промні і ўвесь пакой ад гэтага заліваўся нейкай карамельнай слодыччу, ад якой цеплыня разыходзілася па ўсім целе, у самым цёмным куце віселі вырабы з каменю метамарфозаў — авантурыну, які мякка свяціўся цёмна-залатым пылам. Пакуль мы аглядаліся, да нас выйшаў сам майстар. Тут, у сваёй краме, ён выглядаў зусім іначай, чым там — на факультэце, дзе ён рабіў цесляром.