Выбрать главу

— Ты і праўду верыш у праклён? — я азірнулася і пабачыла Караліну.

— І праўду, — адказала я, разглядаючы яе — яна была нейкая сумная і адхланёная, нібы ўсю ноч праплакаўшы. У вочы кінуліся яе сінія каралі, якія густа, у некалькі слаёў, абвівалі яе шыю. І тады я чамусьці расказала ёй пра праклён, ад якога я ўцякала з Менску, пра тое, як смерць амаль дагнала мяне — толькі не пацэліла, патрапіўшы замест мяне ў Ганну. І пра тое, што гэта не канец пакутам. Што наперадзе яшчэ самае страшнае — вось і каралі ўжо з’явіліся. Я іх баюся. Яны —

— Цс-с-с? — прашаптала Караліна. — Я іх не баюся. І ты не бойся, — і чамусьці засмяялася.

— Адкуль мой здымак у торбе Ганны? — спытала я пра тое, што палохала мяне цяпер найбольш. — І галоўнае — з такім надпісам: “Азірніся”, напісанае маім почыркам.

Сам паварот падзеяў нашага дэтэктыву здаўся мне абсурдным — гэта ж метафізічныя прыгоды, а не “Горад Зэро” ці жарты Хармса. І ў містыку я з усёй сілы спрабую не верыць — я ад яе адмаўляюся. Я не магу да канца прайсці яе шляхам. І таму зусім нічога не разумею ў гісторыі з маім здымкам у торбе Ганны.

— Містычнага тут мала, — адказала Караліна. — Я была побач, калі Ганна знайшла твой здымак. У рэдакцыі, куды ты прыслала свае вершы. І яна яго скрала. Вершы былі настолькі звар’яцелымі, што іх нельга было друкаваць, але яны натхнілі Ганну. Яна захацела пераняць твой выраз вачэй.

Караліна казала нешта пра тэорыю маскі, якой была апантаная Ганна. Маўляў, чалавек, які хоча пабачыць сваю душу, мусіць сустрэць свайго антыпода і прамовіць самае галоўнае пра сябе яго голасам. Як быццам апрануўшы маску.

— Ведаеш, працягвала яна, — часам здаецца, што дастаткова пераняць знешні выгляд — і пачувацца ты будзеш гэтак жа, як і той чалавек, якога ты імітуеш. Вось яна і загледзелася на цябе, каб пасля тваімі вачыма глядзець на свет — таму яна і напісала на адвароце, як напамін сабе пра сябе маладую, тую, што не ведала ніякіх межаў — “Азірніся”. І нават почырк яна паспрабавала зімітаваць твой.

— Яна думала: не ведаць сваіх межаў — гэта шчасце? — спытала я, выдыхнуўшы з палёгкай. — Па-мойму, межы — гэта паратунак: як без іх зразумець — хто ў табе гаворыць? — здзівілася я.

Караліна нічога на гэта не адказала.

— Бязмежнасць, — дадала я і гэта чамусьці здалося мне важным, — гэта не толькі цяжар. Яна яшчэ робіць літаратуру немагчымай.

— Амаль немагчымай, — перапыніла мяне Караліна. — Таму яна такая каштоўная для пэўных формаў душы.

Але не бязмежнасць цікавіла мяне цяпер найбольш. Цяпер мяне цікавіла, што за сустрэчу чакала Ганна тут, у Полацку? На што яна наважылася і што так палохала Караліну?

— Сустрэча з чытачамі, вядома, — сумна адказала Караліна. — Ганна пагражала раскрыць на ёй усе карты — а гэта мяне б моцна скампраметавала. Але я не забівала Ганну. І ты гэта ведаеш. Інакш бы не стаяла тут.

— Так, я думаю, што не чалавек забіў Ганну. Не чалавек, а нейкая ірацыянальная сіла. Якая мусіць забіць і мяне — вось і знак смерці ўжо з’явіўся, — я паказала на нітку перлінаў на яе шыі.

— Хочаш, я забяру гэты знак сабе — і нічога са мной не здарыцца? — усміхнулася легкаважна — з палёгкай? — Караліна.

— Не хачу, — толькі і паспела пракрычаць я (а можа, я гэта толькі прашаптала), але было позна — Караліна ўжо ірванула нітку так, што перліны разляцеліся па калідоры і заскакалі — звонка падаючы на сходы васямнаццатага стагоддзя. Караліна кінулася на іх — неяк адчайна весела. Яна, здавалася, не дакраналася да тых сходаў нагамі — нібы ляцела, і блакітны шалік яе лунаў — як крылы.

Якая сіла кінула яе на лесвіцу — у абдымкі маёй смерці? Я не была ўпэўненая, што і ў яе выпадку — гэта танатас: у апошняе імгненне я заўважыла, што на таліі ў яе — сіняя лапа. І яна цягне Караліну — з усяе моцы. Туды, дзе быў уваход у лёхі Верхняга Замку.

І яшчэ я заўважыла, што на галаву Сакрата апусцілася пёрка. Яно зіхатліва сінела пад яркімі апошнімі промнямі марознага полацкага надвячорка.