Выбрать главу

— І больш ніколі? — разгублена паглядзела я на драпежныя сінія перліны, якім не ўдалося схапіць Караліну.

— І больш ніколі, — адгукнулася нешта, нібы рэха, за спінай. Я яшчэ не паспела зразумець, чый гэта голас, а па скуры ўжо пайшлі дрыжыкі. І калі цяжкая старэчая рука апусцілася мне на плячо, я прыгадала, адкуль ведаю гэты голас: гэта быў той самы голас з тэлефона, які амаль год таму напрарочыў мне блізкую смерць.

— Кінуты бумеранг даганяе, — стомлена выдыхнуў чалавек за маёй спінай. — І я цябе дагнала. Абяцала — і дагнала.

Частка трыццаць чацвёртая. За што?

На дзіва, у гэтым голасе не было варожасці. Толькі дакор — на які мае права нехта свой. Нехта, чые інтанацыі я добра ведала — і ніяк не магла забыць.

Як асцюк, у маёй галаве заселі словы, прамоўленыя калісьці даўно з гэткай жа інтанцыяй. “Я цябе знайду”. І далей — з лёгкай кіслінкай у голасе: “Насуперак усім Ніцшам. Знайду”.

І я прыгадала тую ноч у шпіталі, калі мая адзіная суседка па палаце — спадарыня Вера — сказала мне гэтыя словы.

Мы патрапілі ў інфекцыйную бальніцу ў адну і тую ж ноч, амаль адначасова — з аднолькавымі сімптомамі. Ніхто чамусьці і не здзівіўся такому супадзенню: дзве беларускамоўныя пацыенткі з усёй бальніцы патрапілі ў адну палату — усе падумалі, што мы бабуля і ўнучка, якія разам атруціліся адным і тым жа нясвежым карпам. Ніхто і не падазраваў, наколькі зменіцца маё жыццё пасля гэтай выпадковай сустрэчы ў бальнічнай палаце, размовы да самага ранку і аднаго нявыкананага абяцання.

— Што казаў Пімен Панчанка пра беларускую мову? — запытала спадарыня Вера мяне ўжо праз хвіліну пасля знаёмства. І, відавочна, расчаравалася: я не толькі не ведала дакладнай цытаты, мяне рассмяшыла само пытанне. Я не верыла, што яна можа ўсур’ёз пра такое пытацца.

Яна падышла ўшчыльную, паглядзела спадылба. “Не ўсміхайся так. Мы з табой засталіся апошнімі, хто яшчэ трымае агмень. Мы не выпадкова патрапілі ў адну палату — з усяе лякарні нас, беларускамоўных, толькі дзве. Хіба гэта можа быць выпадковасцю — што мы цяпер тут?” Яна была перакананая, што ў нас ёсць місія — і мы мусім яе зразумець і абмеркаваць. Тут і цяпер. І пачаць дзейнічаць.

Апоўначы яна ўжо пералічвала імёны ўсіх журналістаў, якія цкавалі нашых літаратараў ў 1990-ыя гады, і хацела, каб я іх запомніла.

А першай я пацягнулася адчыніць фортку — яна мне не дала. Кругом ворагі, — патлумачыла спадарыня Вера.

Праз гадзіну яна спытала пра мае подзвігі ў Берасці — і я зрабіла самую страшную памылку. Я пачала расказваць ёй усё, што напрыдумлялася за апошнія гады — нешта ўпрыгожваючы, дадаючы рызыкі і зухаватасці ўсім нашым учынкам, прыдумляючы на хаду новыя подзвігі. Яна слухала — у поўнай асалодзе — і, здаецца, некаму хітала галавой.

Калі я скончыла свой аповед, пачала яна. Я тая, каго яна шукала, сказала задаволена мая суседка. Яна ўжо сорак год шукала чалавека, які змог бы так распавесці іх гісторыю — захоплена і праўдзіва.

— Чыю гісторыю? — пацікавілася я.

— Тых, хто паверыў у шчырасць простай думкі, — важна прамовіла спадарыня Вера. — Пра іх ты і мусіш напісаць. А я табе дапамагу. Гэтым мы зоймемся ўжо заўтра, — скончыла яна, — а пакуль — вось, — і працягнула мне газету “Роднае слова”.

— Што мы будзем з гэтым рабіць? — пацікавілася я, прадчуваючы нядобрае.

— Мы будзем слухаць. Бо ў нас няма акуляраў, а ты — чытаць, — заявіла кабета. Чаму яна казала пра сябе мы — я баялася нават здагадвацца, таму я пераняла з яе рук газету і прынялася за чытанне.

— Можа, адразу крыжаванкі? — прапанавала я і хутка пашкадавала: спадарыня Вера балюча сціснула маю руку.

А шостай, калі з радыёкропкі загучаў афіцыйны гімн і я паднялася сцішыць гук, яна скамандавала, каб я сядзела на месцы — дзяржаўныя праграмы распальвалі ў ёй нейкую першабытную ятру, яна чакала іх, яна імі натхнялася. І гэта ёй, відавочна, было для чагосьці патрэбна.

А сёмай мае нервы здалі — я прызналася, што мяне цяпер больш вабіць таямнічае слова “трансцэдэнтны”, Вялікі Час, метафізічныя маскі і рытуалы. Чым запавет Панчанкі і крыжаванкі ў газеце “Роднае слова”.

— Ты, безумоўна, таленавітая, але негрунтоўная, — адказала мне спадарыня Вера. — Ды гэта нічога — я дапамагу.

І ўжо лагодней дадала: “Вайну гэтую трэба давесці да канца — а калі не давядзеш, то і зусім не жыць табе, — на гэтых апошніх словах яна бадзёра штурхнула мяне ў плячо і ўсміхнулася.

Разумеючы, што мая суседка — вар’ятка, я пагадзілася выканаць яе заданне. Напісаць гісторыю Герояў і абавязкова надрукаваць яе. Да канца году. А яна будзе прыгадваць гісторыі для мяне. Мы будзем сустракацца час ад часу ў прысадах на Міцкевіча, дзе яна будзе штосерады ўвечары чакаць мяне на ўслончыку побач з бюстам Паэту.