Выбрать главу

Часу разважаць не засталося — я мусіла бегчы ў лёхі Высокага Замку, туды, куды знікла Караліна. Але спачатку я мусіла зразумець, што здарылася.

Я прысела ў цемры на цагляную падлогу. За мурам былі ледзьве чуваць далёкія глухія крыкі. Не жаласлівыя, — радасна адзначыла я. А па-самурайску страшныя. Як замураваная котка Эдгара По, спадарыня Вера застанецца цяпер толькі дакорлівым рэхам у гэтай сцяне і ў маім сэрцы, — падумала я і вырашыла: нікому ніколі пра гэта не раскажу.

Пагрозлівыя завыванні яшчэ нейкі час даносіліся рэхам, калі я вярталася цёмнымі калідорамі да галавы Сакрата, а пасля я спусцілася ў другія лёхі — за Каралінай — спадзеючыся, што больш нічога ад спадарыні Веры не пачую.

Частка трыццаць шостая. Знікненне Караліны

Дзверы ў лёхі, у якія пабегла Караліна, паддаліся. Я не баюся — і ты не бойся, — згадаліся мне яе загадкавыя словы, і я, не вагаючыся, ступіла ў несусветную цемру: мне мусова было знайсці яе цяпер — хаця б для таго, каб пераканацца, што яна жывая.

Святла ад майго тэлефона хапіла, толькі каб зразумець, што лаз з кожным крокам пашыраецца. Не ведаю нават — адкуль у мяне ўзялася адвага наважыцца на гэты спуск. Магчыма, адвагі і не было. Магчыма, я рабіла гэта ад страху.

І раптам — наперадзе ля павароту замігцеў агеньчык. А на сцены ўпалі два цені. Я схавалася за выступ у сцяне і прыслухалася да размовы: гаварыў Віталь.

“Кажуць, гэтыя лёхі рыхтуюць для нас яшчэ шмат сюрпрызаў,” — выдавана павучальным тонам пачаў ён. Цень дзяўчыны выпрастаўся.

“Гэтыя лёхі, — утаемнічоным шэптам адказала дзяўчына, — могуць нас завесці далёка. Вельмі далёка,” — гэта быў голас лабаранткі, я пазнала дакладна.

— А ў якую залю вам хацелася б найбольш? — ласкава ўдакладніла яна. Віталь, відавочна, разгубіўся.

— У тую, дзе Час становіцца Вялікім — і дзе адкрываюцца ўсе ахаваныя ідэі адразу? — дапамагла яму лабарантка.

— Так, гэта была б самая цікавая заля.

— Я ведаю, дзе яна, я буду вашым правадніком, — прашаптала дзяўчына — так, што па спіне прабеглі дрыжыкі, і спытала, — а як вам апісанне смерці правадніка ў Ластоўскага?

Віталь прамармытаў нешта няўпэўнена ў адказ.

На гэта лабарантка толькі цяжка выдыхнула, і яны рушылі наперад.

Раней бы я не вагалася ў такой сітуацыі — я б пакінула дваіх на самоце і незаўважна выбралася назад. Але цяпер я не магла нічога з сабой зрабіць — я мусіла пабачыць хаця б яшчэ раз Караліну: каб пераканацца — мой праклён сапраўды больш нядзейсны. Каб пабачыць на свае вочы, што ні адзін волас не ўпаў з яе галавы і што тая сіняя лапа на яе таліі — гэта мая хворая фантазія. А старая змагарка, спадарыня Вера, адзіная злачынца, з плоці і крыві — абясшкоджаная.

І я навобмацак — ціха-ціха — рушыла наперад.

Напраўду, у поўнай цемры вузкага лазу я ўжо больш не была пэўная, што мяне вабіла больш — жыццё Караліны, заля Вялікага Часу ці эратычны шэпт, які вёў мяне ў тую залю? Раптам Віталь і лабарантка спыніліся. Здаецца, яны пачалі цалавацца. Яе рука — яна правяла даланёю па шурпатай сцяне. У Віталя заняло дыханне. З характэрнага шоргату можна было здагадацца, што яны пачалі горача абдымацца. А можа, нават апусціліся на пінжак.

Недзе ў глыбіні лазу — за Віталём і лабаранткай — я пачула крокі і зноў пабачыла сіні прывід: гэта, відавочна, была тая ж пачвара, што абвінула Караліну, калі яна кінулася насустрач маёй смерці.

Але прайсці за ёй мне не было як — наперадзе шлях загарадзілі Віталь і лабарантка. Я села ў цемры на зямлю і стаілася, чакаючы, калі яны сыдуць. Гэты інтымны досвед я не забуду ніколі: я чула, як пульсуе жылка на яе скроні. Як выцягваюцца цягліцы на ягонай шыі.

Я прытулілася да мура, заплюшчыла вочы — і раптам усё прапала. Закаханая парачка наперадзе, пошук Вялікага Часу, уцёкі, нізкая столя лазу.

Усё прапала, і перад вачыма нечакана паўстала зусім іншая карціна.

Частка трыццаць сёмая. Туды, дзе ўсё пачалося

Карціна, якая разгарнулася ў той дзень перад маімі вачыма, не выцерабіцца ў мяне з памяці ніколі. І я буду прыгадваць яе ў самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты свайго жыцця. Магчыма, я прыгадаю менавіта яе і ў самы апошні. Каб паглядзець Богу ў вочы. Наўпрост.

Седзячы ўглыбі падземных лазаў, я пабачыла, як на нізкім цёмным небе запалілася адначасова два сонцы — адно з іх упала і распырскалася ў безліч густых залатых кропляў. Кропля — цягучая і смаляністая, як калёная жывіца — упала перада мной і пачала імкліва выцягвацца ў дрэва. З дрэва вырасталі галінкі, з галінак — лісты. І ўсе яны цьмяна-празрыстыя, мядовых і бурштынавых адценняў. Ды раптам дрэва, застаючыся самім сабой, стала яшчэ і Ім.