Выбрать главу

Я зноў паглядзела долу, на бераг і цені маладых літаратараў на рацэ — эратычнага ў гэтай сцэне было мала. Але хто ж ведае — што менавіта цёця прыгадвала з “Уліса” ў гэты момант. І ці не блытала яна яго з якой-небудзь іншай кнігай.

— Дваіх празаікаў знайшла па слядох, — стомлена падсумавала цёця вынікі дня, хітаючы ў бок ценяў на рацэ. — Яны ўжо кіраваліся за Палату, калі я іх пераняла. Паэтаэкспрэсіяніста я знайшла схіленым над абрысам забітай ў бібліятэцы, ён там і прастаяў — у поўным жаху — цэлы вечар. Апошняга прапажы — паэта-неакласіка — няма нідзе. Але і сіл у мяне ўжо ніякіх няма. Я нават дазваляю сабе думаць, што, можа, яго і не было? Паэта-неакласіка, тут, сярод нас?

Ад стомы цёця згубіла раўнавагу і ледзь не спаўзла з валуна. Тады яна прызналася, што гэтым вечарам бачыла сябе з таго боку ракі.

Мы з дзядзем насцеражыліся: нам абаім падалося, што цёця нешта шэпча. Што зноў у ёй прачынаецца вядзьмарская парода.

Я хуталася ў свой доўгі расхрыстаны палітон і разумела, што не хачу ніякай магіі і баюся гэтага шэпту. Я баюся вяртання ўлады, ад якой я прыехала хавацца аж у Полацак. Але таксама разумею, што ад расплаты за гэтую ўладу — за магію і перамогі — нікуды не ўцячэш. І я гатовая была — менавіта тады — яе прыняць без ніякіх ваганняў.

І яшчэ мне падумалася: перамогі ж могуць быць такімі рознымі. Магія паўстае ад вялікай нянавісці. Але яна паўстае і ад вялікай любові. І гэта думка чамусьці мяне супакоіла.

Частка сорак трэцяя. Хто аднойчы прачнуўся, той ужо не засне

— Што гэта за праклён, пра які казаў следчы? — спытала я нарэшце дзядзю, калі мы ўжо дабраліся дадому і дапівалі глінтвайн.

Дзядзя пасур’ёзнеў — бачна было, што і сам ён не ўсё разумеў у гэтай гісторыі.

— Ясна толькі адно: нашыя муры сапраўды кагосьці караюць, — сказаў ён нарэшце. — Нібыта хочуць вярнуць сабе былое жыццё — нібыта духі гэтых сцен не могуць супакоіцца, пакуль не адпомсцяць, не пакараюць — пакуль не заглынуць у сваю зеўру ўсіх ахвяр.

— Ахвяр? Ты сказаў у множным ліку? Хіба Ганна — не адзіная? Дзядзя шматзначна паглядзеў на цёцю.

— Значыць, цётка табе нічога не казала, — дастаў ён пляшачку з чымсьці паўпразрыстым, як снежаньская смуга, у сярэдзіне. Пры гэтым ён увесь час глядзеў на цёцю спадылба. — Налівай, — скамандаваў рашуча дзядзя, нібыта тое, што ён збіраўся расказаць, нельга было прамаўляць у цвярозым стане.

Я адкаркавала пляшачку, як высветлілася, грапы, цёця пры гэтым падхапілася і, пажадаўшы ўсім добрай ночы, зачынілася ў спальні, а дзядзя расказаў мне наступнае:

— Вось ужо некалькі год запар на гісторыка-філалагічным факультэце знікаюць студэнты. Спачатку мы думалі: натуральны працэс, не пацягнулі, перадумалі. Але студэнты знікалі занадта сіметрычна і прадказальна: усе зніклыя займаліся археалогіяй, усе пісалі курсавыя пра Верхні Замак, ніхто з іх не прыйшоў на абарону сваёй курсавой. І — самае галоўнае — ніхто з іх не адказваў на нашыя званкі. Калі мы прыязджалі да іх дадому — студэнтаў было не пазнаць: ні адзін не глядзеў нам у вочы, нехта пасівеў, нехта змарнеў. І толькі праз некалькі месяцаў яны загаворвалі. І ўсе як адзін расказвалі пра страшную сустрэчу ў лёхах, куды яны — як матылі на агонь, нягледзячы ні на якія засцярогі — штогод сунуліся самастойна. Пра сустрэчу з кабетай. Шалёна прыгожай і павабнай. Яна прыцягвала іх да сябе, цалавала французскім пацалункам і — ласкава прасіла забіць яе. Калі яны адмаўляліся — яна ператваралася ў старую звар’яцелую кабету і выганяла іх прэч. З лёхаў. З муроў. З іх глуздоў, мабыць, таксама.

— Страшна сабе нават уявіць, што было б — каб нехта з іх наважыўся яе забіць, — перасмыкнула я плячыма.

— Забіўшы яе — той чалавек вызваліў бы яе ад нейкага страшнага старажытнага праклёну. Я так думаю, — дадаў дзядзя і паглядзеў на гадзіннік. Ужо было далёка за тры гадзіны начы.

— І вярнуў бы ёй згубленую ўладу, — дадала я, думаючы ўжо хутчэй пра сябе, а не пра фантастычную кабету з-пад зямлі. І раптам перада мной паўстаў завершаны і ўрачысты лабірынт свежай думкі: а што калі забойства Ганны ў Бібліятэцы звязана з гэтым дзіўным падземным рытуалам.

— А што калі Ганна — і ёсць той пярэварацень? Што калі яна дамаглася нарэшце свайго забойства і так выратавалася, выпаўзла на паверхню і выцягнула з сабой усё сваё патайбочнае войска? — выдыхнула я, пракаўтнуўшы грапы і пракруціўшы ў галаве яшчэ раз — з заплюшчанымі вачыма — доўгую, крыху няўцямную гісторыю дзядзі.

— Ну, — пачаў, паціснуўшы плячыма, дзядзя, але тут жа змоўк, уталопіўшыся ў зеленаватую бутэлечку на падвоканні. — Заўтра пабачым, — спакойна дадаў ён.