Выбрать главу

Я апошнім высілкам волі расплюшчыла вочы і зразумела, што сяджу на кухні адна. Келіх на стале таксама быў адзін, слядоў ад нашай начной бяседы не было ніякіх, а гадзіннік паказваў тры гадзіны начы.

Калі я пабудзіла цёцю і дзядзю і пераказала ім легенду, якую толькі што пачула, цёця спрасоння пасміхнулася: я ж казала — у нас тут весела. А дзядзя сур’ёзна пацікавіўся:

— Адкуль у табе гэта? Страх сурокаў, забабоны, гісторыі пра зеўры, праклёны і прывідаў?

— Вы не раслі на Берасцейшчыне, — сумна паглядзела я ў вочы дзядзю. — У нас кожная другая хата ў вёсцы — ведзьміна. Суседка Нюра нядаўна тры дні памірала, ніяк не магла памерці — пакуль яе сын не разабраў дах. Хлопец з іншага канца вёскі адным позіркам хату начальніка падпаліў — цяпер яго як пабачаць, дык усе расступаюцца, баяцца, што нашэпча. У нас нават жарты адмысловыя — людзі на сваіх парковачных месцах пішуць: не паркаваць — пракляну. І ім вераць.

— Я ведаю, ваша гісторыя ў маім сне, — працягвала я, стоячы ў начы, на фоне халоднай поўні ў незаштораным вакне, — не выпадковасць. Яна аб нечым мяне папярэджвае. Толькі як мне пасля такога заснуць? — спытала я ў роспачы.

— Хто аднойчы прачнуўся, той ужо не засне, — прашаптала мне ў адказ цемра, і я пабачыла, што цёця і дзядзя зноў моцна спяць.

Частка сорак чацвёртая. Апошні ранак старога году

31 снежня

Апошняя раніца году пачалася з сенсацыі — цёця выйшла са спальні і заявіла, што цяпер абсалютная пэўна ведае, хто забойца.

— Гэта Віталь — чацвёрты сябра журы, — цёця сказала гэта спакойна і рашуча — нібыта сумнявацца ці пераймацца цяпер не было ніякага сэнсу.

— Яму не пашанцавала са знакам задыяку? — пажартавала я, не даючы веры цёцінай гіпотэзе.

— Я прачытала яго апошні дэтэктыў — усё складаецца, — зачаравана прашаптала цёця.

— Дзе ты яго ўзяла? — пацікавіўся дзядзя, разліваючы нам каву.

— У лабаранткі.

Я млява — яшчэ сонна — пацягнулася па кнігу на канапе. У гэты момант я дала сабе слова — нарэшце канчаткова вызначыцца — і не верыць у немагчымае. У ірацыянальныя сілы. Вызваліцца ад сляпой містыкі. Раз і назаўсёды. Ад гэтага мне стала спакойна і лёгка.

Цёця пацягнулася па каву — гэтым разам яе рукі ўжо моцна трусіліся. І не дзіва: яна правяла дзве ночы запар за кнігамі і амаль без сна.

Кніга не хацела чытацца — надта дробны шрыфт і непрыемная папера прымусілі мяне адразу закрыць яе і паглядзець на вокладку. Тое, што я пабачыла на вокладцы, расплюшыла мне вочы на наша следства:

— Яго герой забівае бландынак, — прашаптала я павольна і з наканаванасцю.

На вокладцы сіні цень душыў светлавалосую кабету. Прыгадаўшы ўсю злашчасную сінь, якая пераследавала мяне на месцах злачынства гэтымі днямі, я склала два і два і паверыла: спадарыня Вера магла і не быць забойцам. Светлавалосую Ганну мог забіць маньяк-дэтэктыўшчык Віталь.

Я разумела: калі гэта так — то мы мусім бегчы на факультэт. На злом галавы. Шукаць Віталя, ратаваць лабарантку, спыняць праклён гэтага году, пакуль не прабілі куранты і ён не перабраўся ў наступны.

І часу на каву ў нас зноў не заставалася.

Частка сорак пятая. Бумеранг даганяе

Мы беглі зладжана і прыгожа. Дзядзя наперадзе, мы — крыху адстаючы, па бакох ад яго. Калі б не маньяк-забойца і яшчэ жывая ахвяра, пакінутая з ім на факультэце, я б, мусіць, спыніла свой аповед і зазірнула ў полацкі дворык. У адзін з маіх улюбёных старых полацкіх дворыкаў — дзе ўсё яшчэ стаяць турнікі, з якіх я падала ў дзяцінстве, вуркочуць каты, ад якіх я ўцякала ўсё жыццё, сядзяць бабулі — купкамі, пад дрэвамі — і прамаўляюць фантастычныя рэчы. Выхапленыя рэплікі, падслуханыя павучанні, пачутыя скаргі полацкіх бабуль — усё гэта бударажыць фантазію і нагадвае пра іншы парадак — той, што пануе па-за нашым светам ясных сувязяў і наступстваў.

— У нас маладыя жанчыны ў асноўным мруць, — пачула я на гэты раз, прабягаючы ля дому са львамі. Я спынілася, каб знайсці вачыма тую кабету, якая гэта прамовіла — а яна і так ужо ўталопілася ў мяне: сашчурыўшы левае вока і бесцырымонна разглядаючы мяне правым.

Ці не зарана я выраклася містыкі? — мільганула ў мяне ў галаве, і каб прагнаць гэтую думку — я заспяшалася за цёцяй і схапіла яе за руку.

Частка сорак шостая. Цёця атакуе другі раз — і зноў міма

На факультэце нам не давялося доўга шукаць Віталя — ён спаў у цёціным кабінеце, за сталом лабаранткі: галава на клавіятуры, ногі — на ссунутых разам фатэлях. Мы схіліліся разгледзець яго ўважлівей.