І вось у той самы час, калі я — смелая і адважная — у поўнай асалодзе, на раніцу пасля свайго першага Новага году ў Менску, разбіралася з ідэямі Ніцшэ, седзячы ў сваім здымным пакойчыку, абклаўшыся яго “Эсэ Хомо”, “Заратустрам” і “Па той бок дабра і зла”, зазваніў тэлефон. Сіплы старэчы голас сказаў мне тыя злавесныя словы пра блізкую смерць — “году не міне, а цябе ўжо не будзе на свеце” — і ўпершыню ў жыцці нешта надламілася ў мяне ўнутры: мне стала страшна.
Пазней я доўга разважала пра прыроду гэтага страху: чаму менавіта гэты праклён так мяне напалохаў — калі раней я сутыкалася штодня з нашмат горшым, і толькі смяялася з таго?
Цяпер я разумею: правільней было б спытаць — ці мяне ён насамрэч напалохаў? Ці, можа, я ўсяго толькі прыкіпела да свайго антыпода і ўпусціла ў сябе яе страхі? Ці — дакладней — навучылася бачыць у тых пагрозах сляды, што прывядуць мяне да яе — той, якая баіцца. А яна мне і была патрэбная. Каб дапісаць кнігу.
Магчыма, праклён — усяго толькі памылка, нехта проста пераблытаў нумар. Але што калі нехта і праўду помсціў мне? “Кінуты бумеранг даганяе”. Я кідала столькі бумерангаў за свае шчаслівыя гады маладосці ў Берасці — што і не пералічыць. Бо не была рахманай. Толькі ў каго я пацэліла? За цэлы год я так гэтага і не прыгадала. Але яшчэ менш я разумела іншае: адкуль ува мне ўзышоў і ўзбадыліўся гэты страх — які пераходзіў па начах у вусціш — і ад якога прадчуванне канца з набліжэннем Новага году толькі нарастала?
У такіх роздумах мінуў амаль увесь год. І калі заставалася ўсяго тры дні да канца году — і праклёну — мае нервы не вытрымалі: ахілёная забабоннай панікай, я дала лататы ў Полацак. Мне заставалася тры дні — да доўгачаканых курантаў, да новага жыцця, да выратавання. І ў Полацку, у гасцях у цёці і дзядзі, я спадзявалася пераседзець сваю смерць — прамінуць яе незаўважанай — і ўсплысці ўжо ў новым годзе, у якім будуць новыя законы і новыя прароцтвы.
Вы спытаеце: хто гэтая старая, што так бязлітасна мяне пракляла? А я вам скажу — пачакайце. Я буду адпомшчаная — і гэта галоўнае. А тады, калі я прыехала ў Полацак, я і сама яшчэ нічога не ведала. Толькі прадчувала немінучую барацьбу ўсімі сваімі нацятымі нервамі — нацятымі, як высыхлыя пялёсткі астраў у заснежаным полацкім садзе.
Гэтымі ж нервамі я адчула, што ў зеленаватай калідорнай паўцемры ўніверсітэту акрамя мяне ёсць нехта яшчэ.
Зялёныя фіранкі калідора скажалі звычную рэчаіснасць: каляровыя цені на падлозе, святло ліхтароў, што прабівалася сюды ўзорамі, і краявіды, якія адкрываліся адсюль. З вокнаў была відаць Дзвіна, накрытая бронзавым снегам. Здавалася, яна дыхала — берагі жылі сваім жыццем, завіваў вецер і ганяў над ракой шэрую кудасу. На гары стаяў Сафійскі сабор — і я падумала, што абавязкова ў апошні дзень гэтага злашчаснага году, у нядзелю, пайду туды паслухаць арган. Мне мусова было пачуць Баха, каб захаваць сіметрыю ў сваіх эмоцыях. Каб вярнуць сабе раўнавагу.
Я прыгледзелася ў зеленаватую паўцемру калідора: недалёка ад кабінета цёці стаялі дзве кабеты. Адна з іх была высокая і зграбная, на тонкіх абцасах, з пышнымі каштанавымі валасамі, другая ж выглядала як стары самотны панк: агрузлая, хаця і станістая, яна была апранутая ў пацёрты швэдар з кароткімі рукавамі, дутую камізэльку і шырокія штруксы. Неахайна раскіданыя па плячах светлыя валасы і кручаны-перакручаны мяты шалік на шыі дадавалі ёй нейкай адчайнай роспачы. Выдавала на тое, што яны спрачаліся, але неяк ціха і артыстычна. Адзінае, што я пачула, быў амаль паэтычны радок: “Сустрэча блізкая, як ніколі”. Я паглядзела далей — у амаль поўную цемру калідора — і сама сабе адзначыла: за імі і за мной з другога канца калідора сачыў нехта чацвёрты. Здаецца, гэта быў мужчына. І ён быў рыжым.
Каб дачакацца, пакуль яны сыдуць — бо не хацела трапляць ім на вочы — я падышла да люстэрка ў холе, дастала смірну, якую вазіла з сабой, і, удыхаючы яе вабны, але злавесны водар, забылася на нейкае імгненне. Я адчула, як моцна за гэтыя дні зраслася з той другой, якая ўмее баяцца. І што цяпер я мушу яе сустрэць наяве. Я зірнула ў люстэрка і згадала чыюсьці думку пра тое, што мы ў гэтым свеце — усяго толькі люстраны адбітак. Нешта іншае ў нас, акрамя нас саміх, мусіць быць сапраўдным. І вечным. У самой думцы мусіла быць нейкая лагічная памылка, адчула я, але дадумаць гэту думку да канца не паспела: нехта падышоў да мяне ззаду. Гэта была тая самая кабета з распатланымі светлымі валасамі, што спрачалася з прыгажуняй на калідоры. Мы сустрэліся вачыма ў люстэрку.