Выбрать главу

Пакаштаваўшы кавы, мы вырашылі пагадаць на гушчы, але не паспелі: толькі мы зрабілі па каўтку, як раптам па шыбах ударыла хваля дэцыбелаў: аднекуль з дворыка данеслася “Gaudeamus igitur”.

— Што гэта? — прысела я ад нечаканасці.

— Гадзіннік, — прадставіла цёця. І тут ва ўсім корпусе адключылася святло. Мы падхапіліся — цёця выбегла ў калідор, я ж падышла да вакна: ад снегу на вуліцы было святлей, чым у кабінеце. Сходы ўжо нехта пачысціў і на іх наноў па адной лягалі сняжынкі і нешта ў сабе закалыхвалі. Нешта такое, што развіхнула іх там, у аблоках, і прымусіла ляцець сюды, гойсаць у паветры, глядзець на нас. У такі шэра-сіні вечар, калі ад ракі цягне стылы вецер, нікуды не хочацца выходзіць — і я б з радасцю праседзела тут цэлы вечар, — падумала я. На вуліцы сапраўды нікога не было: і раптам — нехта выскачыў з вакна насупраць і пабег да ракі. Мне здалося, што выскачыў сіні звер — тыгар ці ягуар — і ў яго незвычайна гралі цягліцы па ўсім целе. Але гэта мог быць эфект ліхтара. І ён мог быць абсалютна рыжым. Вось тады я, здаецца, намацала правільны тон. Для гэтага воўчага месяца і настрою зажуранай смугі. Для свайго раману. Мне раптам здалося, што праклён, які вісіць нада мною — нечалавечы. Нейкая ірацыянальная сіла віравала вакол мяне і не хацела адпускаць. За што яна помсціла — я не магла ведаць, але калі я патрапляла вось у такія станы, як цяпер, мне здавалася: я набліжаюся да разгадкі. Я патрапіла ў гэты стан, калі спыняецца час, ці надыходзіць вялікі час і табе адкрываюцца многія ідэі, і паспрабавала ўявіць, як я пачну свой раман: “Дарога ў Полацак была цёмная ад гонкіх чорных ялін. Цёмная, і таму цяжка

было разабраць, хто імчаў па ёй разам з намі — сінія тыгры, прывіды ці ўсяго толькі снежныя ўзоры…”, але ў гэты момант святло зноў запалілася. Вярнулася цёця. Згарэлі пробкі, — патлумачыла яна, нешта прыгадваючы.

— Дапі сваю каву, — працягнула я кубак, ды раптам з грохатам разнасцежыліся дзверы і я ад нечаканасці выраніла філіжанку. Карычневая пляма расплывалася па двух тамах Персі Бішы Шэлі, цёця выглядала нешта ў малюнку гушчы, а чалавек у дзвярах пракрычаў:

— У бібліятэцы труп!

Частка дзявятая. На яе месцы мусіла быць я

Калі мы зайшлі ў бібліятэку, цяжка было пачуць ці пабачыць нешта ўцямнае: усе мітусліва перагаворваліся, спрабуючы зразумець, што адбылося. У залі было тлумна, і мяне пачынала ліхаманіць. Адзінае, што я магла разабраць выразна — гэта водар смірны. Густы водар ішоў аднекуль знізу. Я апусціла галаву — і пабачыла на падлозе тую самую кабету з калідора, якой я менш за поўгадзіны таму перадала сваю бутэлечку са смірнай. Яна ляжала выцягнуўшыся на падлозе, і яе непрычасаныя густыя валасы светлымі кудзёркамі, як быццам саванам, прыкрывалі яе твар і змейкамі распаўзаліся па бібліятэчнай кахлі.

Нехта адкінуў валасы з яе твару — і я пабачыла: упаўшы на нешта вострае, кабета рассекла сабе твар — ад рота да самай скроні. Дэкаратыўны ліхтар, які яна трымала ў руцэ, разбіўся на безліч аскепкаў — і як я ні паварочвала галаву, я так і не змагла прачытаць напісаныя на ім словы.

Я агледзелася: збор кніг звычайна дзейнічаў на мяне тэрапеўтычна. Кнігі супакойваюць. Нават адзін іх від. Але тым разам усё выглядала трывожна: фіранкі чырвонага колеру, цьмяная лямпачка высока пад столяй, поўны збор твораў Дастаеўскага. Калі я пабачыла гэты збор — нешта ўва мне перасмыкнулася. Я ведала: калі жыццё сутыкае мяне з Дастаеўскім — нешта кідае мяне ў роспач. Кожны раз, калі я чытала яго кнігі, я прыкіпала да яго раздраю так злашчасна, што губляла раўнавагу. Я не магла спыніцца — зачытвалася дастаеўшчынай, але ўсё брала надта блізка да сэрца. І ўшчэнт разгойдвала нервы. Настолькі, што злягала з хворымі нервамі на некалькі дзён — з тэмпературай, дэпрэсіяй і страшнымі прадчуваннямі. З трывожнасцю, якая прабіралася, здавалася, у кожную маю клетку. Вось і цяпер на мяне патыхнула чужымі жарсцямі — ад успамінаў пра яго кнігі, ад карціны, якую мы пабачылі ў бібліятэцы, ад скавытанняў завірухі за вакном, ад водару смірны. І мне здалося, што я станаўлюся закладніцай чыіхсьці змрочных мрояў, вязну ў немінучай знешняй бітве.

Мне стала млосна і трывожна — так, нібыта я ведала: мусіць здарыцца яшчэ нешта жахлівае.

— Сустрэча цяпер блізкая, як ніколі, — прыгадала я словы ахвяры і з жахам зразумела — на яе мейсцы мусіла быць я.

Частка дзясятая. Усплываючы на паверхню

Праз некалькі хвілін усе ўжо сабраліся ў бібліятэцы: старэнькая прафесарка, трое сябраў журы з Менску, лабарантка, універсітэцкі цясляр і мы з цёцяй. На падлозе ляжала цела светлавалосай камлюкаватай кабеты.