Выбрать главу

Палец зросся роўна i хутка.

I цяпер Расцiслаў зноў можа размахваць указальным пальцам — "ну-ну-ну", калi якi-небудзь небарака захоча адвесцi душу.

6.

Праца ў рэстаўрацыйных майстэрнях скончылася для мяне даволi сумна — выгналi. А зрабiў гэта Расцiслаў Васiльевiч Ракiцкi.

Наш канфлiкт пачаўся на семiнары па гiсторыi архiтэктурнай кампазiцыi. Працавалi мы над тэмаю Страшнага суда. Семiнарысты лёгка пагадзiлiся, што мускулiстыя роспiсы Мiкеланджэла вельмi далёкiя ад iдэалу. I што слушная заява Эль Грэка, якi прапаноўваў ссекчы мiкеланджэлаўскiя фрэскi i распiсаць наноў сабор святога Пятра i святога Паўла, што ў Рыме. Але далей праца спынiлася, бо i Эль Грэка самае страшнае, што прыдумаў, дык партрэт вялiкага iнквiзiтара ў палымянай пурпуровай мантыi, круглых ленанаўскiх, як сказаў бы бiтламан, акулярах "ровар" ды з сiвой казлiнай бародкаю iспаньёлкай. Праўда, Iспанiя, што дала прытулак Эль Грэка i стала ягонай духоўнай Радзiмай, значна блiжэй да Страшнага суда, чымсьцi Італiя. Ёсць беларускiя бульба ды абыякавасць, ёсць расейскiя маразы ды п'янства, нямецкiя пунктуальнасць з салдафонствам, iтальянскiя неба i нястрыманасць, а ёсць iспанская iнквiзiцыя i яе сiмвал — iспанскi бот. Па-сапраўднаму жахлiвы твор чалавечых рук. Толькi экзальтаванага майстра Эль Грэка мала палохала iнквiзiцыя, ён колькi разоў нават судзiўся з царквою за грошы. I, думаю, мастак не меў непасрэднага дачынення да вынаходнiкаў i рамеснiкаў катавання i, адпаведна, жахаў. Ад выставы катавальнага рыштунку, якiм iнквiзiцыя змагалася з вядзьмарствам, у мяне схаладзела сэрца, калi стаяў у сутарэннях Казанскага сабора, што ў Ленiнградзе... Ну а як не меў Эль Грэка да гэтага нават дачынення, дык якi Страшны суд, выбачайце?!

I тут я ўбачыў наступны ход, так мне здавалася. Прапанаваў разглядаць паводзiны лiтоўскага студэнта, якi спалiў сябе на пляцы ў знак пратэсту супраць акупацыi Лiтвы i каланiяльнай палiтыкi СССР. Што самаспальванне жахлiвая рэч — гэта адно, а што ў СССР на той час, у 1979 годзе, нават размовы пра нацыянальна-вызваленчы рух было страшна весцi, гэтага таксама не адкiнеш, бо на варце стаялi камiтэты, пракуратуры i нават лекары-псiхiятры.

Але мы пачалi разбiраць, праўда, чыста кампазiцыйна, паводзiны лiтоўца i адкiнулi як мага далей тагачасную палiтычную сiтуацыю ў iмперыi.

На пляцы, калi хлопец аблiваў сябе бензiнам i падпальваў, вакол стаялi замкнёным колам i трымалiся пад рукi ягоныя аднадумцы. I яны нiкога не падпусцiлi да ахвяры. Лiтовец згарэў. У Коўна, дзе ўсё гэта адбывалася, два днi працягвалiся народныя хваляваннi, цi рэвалюцыйныя падзеi, гэта ўжо каму як падабаецца. Пазней па Лiтве пракацiлася хваля рэпрэсiй, студэнтаў, што бралi ўдзел у ковенскiх падзеях, павыключалi з навучальных устаноў. Праз год-два большасць аднавiлi. Але кампазiцыйна iншае больш iстотна за рэпрэсii i рэабiлiтацыi — гэта жывы ахоўны ланцуг вакол героя, яго прысутнасць азначае, што акцыя падрыхтавана. Ахвяра ведала свой лёс i свядома iшла на такi страшны жэст.

Вось дагэтуль мае погляды супадалi з меркаваннямi Ракiцкага, а далей кардынальна разыходзiлiся.

Расцiслаў сцвярджаў, што напачатку была створана арганiзацыя, сябры якой дамовiлiся пра неабходнасць правядзення самаспальвання. Усе сябры той тэрарыстычнай у пэўнай ступенi арганiзацыi пагадзiлiся з тым, што любы з iх згодны быць ахвярай i адпаведна, як кампенсацыя за пакуты, нацыянальным героем. Займеўшы згоду кожнага, усе пацягнулi жэрабя. Той студэнт, што самаспалiўся, выцягнуў адзiную пазначаную паперку.

Яшчэ Ракiцкi настойваў на тым, што ў арганiзацыi павiнна была быць пэўная дамоўленасць на выпадак, калi абраннiк адмовiцца выканаць абумоўленыя абавязкi. На думку Расцiслава, тады абраннiка павiнны былi забiць. Такiм чынам шлях назад адсякаўся, кола замыкалася, наперадзе ў маладога лiтоўца была толькi смерць, у адным выпадку геройская, у другiм — сабачая: кананне баязлiўца i здраднiка.

Паводле Ракiцкага аснову кампазiцыi складала кола, арганiзацыя, жывы замкнёны ланцуг людзей, што ўзялiся пад локцi, i любы з гэтага ланцуга мог патрапiць у вогненны цэнтр круга.

Цяпер, калi на паверхню выйшлi лiтоўскiя дзяржаўныя структуры i маладыя хлопцы прысягаюць у сваёй адданасцi Лiтве ды ўступаюць у нацыянальнае войска, цяжка не пагадзiцца з версiяй Расцiслава Васiльевiча. А тады я кiнуўся ў спрэчку пад штандарам бунтарскага анархаiндывiдуалiзму. Я адмаўляў наяўнасць тэрарыстычнай арганiзацыi. Мне бачыўся ў лiтоўскiм студэнце самотны анархiст, якi сам асудзiў сябе на вогнiшча i пакуты. На маё разуменне, ахоўнае кола ўтварылася па асабiстай просьбе студэнта. Напэўна, на маю трактоўку кампазiцыi, звядзенне яе да цэнтра, пупа, кропкi, паўплываў эгаiзм i маладосць, канечне. Я бiў на тое, што хлопец быў мастаком, а не рабочым цi вайскоўцам, што, па чутках, ён жыў у чорным пакоi з вокнамi, забiтымi дошкамi крыж-накрыж, i што самазабойства ў даным выпадку — акт творчасцi, а не тэрарыстычная акцыя. Галоўнае, на чым я настойваў, — чалавек мае права асудзiць на смерць толькi самога сябе, а забойства — з'ява амаральная ў любых праявах, незалежна ад абставiн i матывацый. Я памылкова праводзiў чырвоную рысу памiж забойствам i самазабойствам. I мой рамантызм быў, у рэшце рэшт, разбiты жорсткай логiкаю семiнарыстаў.