Выбрать главу

Палотны засталiся няскончаныя, але я перамог у спрэчцы з Расцiславам Ракiцкiм i адначасова зноў прайграў.

7.

Пано "Страшны суд" адзiнаццаць гадоў прастаяла ў сутарэннях, дзе я захоўваю рэшткi свайго мастацкага рыштунку.

А гэтай вясною я шпацыраваў па праспекце са знаёмцам Сяргеем Дубаўцом, якi распавядаў пра свой намер выдаваць беларускую незалежную газету "Свабода". У Дубаўца неставала вiзуальнага матэрыялу. "Трэба, каб чалавек разгарнуў газету i яму зрабiлася страшна..."

Фотарэпрадукцыi чатырох фрагментаў пано Сяргей змясцiў на цэнтральным развароце пад загалоўкам, у якiм ззяла слова "Чарнобыль".

Знiтаванне пано "Страшны суд" з выбухам на Чарнобыльскай АЭС — чыста газетны мантаж, i рэдактар дасягнуў свайго, ён прадаў наклад у 30 тысяч асобнiкаў.

Сцяпан казаў, што бачыў вялiкi стэнд, зроблены з газетных лiстоў "Свабоды", каля стэнда стаяў натоўп i глядзеў на наш "Страшны суд".

Пасля выхаду газеты да мяне звярнулiся немцы з ФРГ, тады яшчэ не было аб'яднанай Германii, i прапанавалi наладзiць выставу ў Гамбургу. Спачатку я ўзрадаваўся, а пазней перадумаў. У кожнай справе ёсць рыса, праз якую можна пераступiць толькi праз адзiнаццаць гадоў.

Адзiн рэстаўратар, якi працуе разам з Расцiславам Васiльевiчам Ракiцкiм, казаў, што ў таго ёсць першы нумар "Свабоды" са "Страшным судом".

8.

Робiцца невыносна. Кладуся на спiну, згадваю...

Мсцiслаў. Кармелiцкi сабор. Езуiцкi кляштар. Ранiца. Яшчэ сонны апранаю спартыўны строй. Бягу на рэчку, крынiчную Вiхру. Побач лёгка бяжыць Ракiцкi ў сваёй чырвонай майцы, бяжыць Лось, бяжыць Сцяпан... Вада сцюдзёная. Змываецца тлум, вяртаюцца пругкасць i ўпэўненасць. Вада апякае скуру i гасiць душэўны агонь. Можна жыць.

9.

У рэстаўрацыйных майстэрнях праходзiў конкурс на фiрменную эмблему. Расцiслаў зрабiў харугву — кавалак, недзе з чвэрць крацястае коўдры, прапаленай прасам, а потым залапленай кавалкам з той жа самай коўдры. Толькi крацястасць не супадала, i на харугве вылучаўся вастраносы след ад праса. Эмблему адзначылi, бо ў ёй сапраўды ўвасобiўся кампазiцыйны прынцып, якi спавядалi мiнскiя рэстаўратары, але ж за ўзор выбралi прымiтыўны малюначак iанiчнай капiтэлi. Чаму iанiчнай, а не дарычнай цi карынфскай? Бог iх ведае. Вось i яшчэ адзiн прыклад, калi думка большасцi памылковая. Дык жа ж галасавалi...

А залапленую коўдру Расцiславу дала ягоная мацi, вясковая настаўнiца. "Калi што будзеш прасаваць, дык вельмi зручна. Бяры". Ракiцкi прывёз коўдру ў Мiнск i прасаваў кашулi i нагавiцы, ажно пакуль не прызначылi конкурс. I ён убачыў у латцы, зробленай мацi, кампазiцыйны прынцып рэстаўрацыi — шво, якое выразна адсякае i разам з тым аб'ядноўвае мiнулы час з будучым.

Да мацi Расцiслаў ставiўся паважна i ўзнёсла, як iнтэлiгент у знявераным грамадстве, дзе надзеi на Бога няма i даўно скончылася спадзяванне на камунiстычны лад. Рознае сектанцтва ды амбiцыi ўшчэнт струхнелых i пачварных царкоўных структур я ў разлiк не бяру. А бацька ў Ракiцкага памёр, калi той яшчэ ў школу не хадзiў.

I таму магу сабе ўявiць, як ударыла, агаломшыла Расцiслава вестка пра смерць мацi. Яна згарэла ва ўласнай кухнi. Перавярнуўся керагаз, пыхнула газа, жанчыну не ўратавалi.

Выпадкова, па нейкай зусiм нязначнай справе, здаецца, мне быў патрэбны клей, затэлефанаваў у рэстаўрацыйныя майстэрнi. Мне сказалi, што Морква на пахаваннi — у яго загiнула мацi, згарэла. А мне адразу згадаўся той агонь, што палае ў душы самога Ракiцкага — нязгасны, знiчны, усёпаглынальны. I не дай ты Бог вырвацца яму на волю. Нават водблiскi таго полымя, што асвятляюць Расцiслававы палотны i малюнкi, палохаюць мяне. А ў iншых, я ведаю, выклiкаюць захапленне. Іншых, як i заўсёды, большасць. I яны, не адчуваючы небяспекi, падкiдаюць на душэўнае вогнiшча сухiя трэскi ўхваленняў. Спачуваю.

10.

Яшчэ адна рыса Расцiслава Васiльевiча, пра якую нельга не сказаць, — ён савецкi. Ракiцкi не сябра камунiстычнай партыi, не кар'ерыст, не прагматык. Расцiслаў якраз тое iснае, што ёсць у маiм разуменнi савецкасцi: ён — дзiця казармаў, лагераў, iнтэрнатаў, мог ён спаць у пакоi, дзе стаяць дваццаць ложкаў. А мара пра ўласны дом у яго была такая ж эфемерная i папяровая, як заўтрашнi камунiзм.

Апiшу сварку Ракiцкага з экскурсаводам.

Рэстаўратары замовiлi ў Бюро падарожжаў аўтобус, каб наведаць Мiрскi замак. Скажу, што як толькi стварылiся майстэрнi, адразу пачалася праца па аднаўленню замка, i, напэўна, колькi будуць iснаваць рэстаўрацыйныя майстэрнi, столькi будзе працягвацца тая праца. Іншыя аб'екты рапаруюцца больш цi менш хутка, а Мiрскi замак — асобная песня, у якой ёсць толькi пачатак.