Аўтобус рэстаўратары атрымалi разам з экскурсаводам. Так раней кнiгi прадавалi з нагрузкаю, хочаш набыць "Ідыёта" Фёдара Дастаеўскага — бяры яшчэ i раман Уладзiмiра Карпава цi Алеся Савiцкага. Нагрузачны рахманы экскурсавод узяў траскучы мiкрафон i пачаў скажоным нечалавечым голасам распавядаць байкi для iдыётаў, вядома, не для такiх, як князь Мышкiн з вышэйзгаданага твора. Рэстаўратары трывалi моўчкi. Хто чытаў, хто сачыў краявiд, а Ракiцкi слухаў.
"Праязджаем горад Стоўбцы. Зiрнiце ўлева. Шэрая каменная галава з барадою iспаньёлкаю — помнiк нашаму выдатнаму земляку, чэкiсту Фелiксу Эдмундавiчу Дзяржынскаму, жалезнаму Фелiксу, як яго называлi саратнiкi. Згадаем песню: "Чыстыя рукi, гарачае сэрца, халодная галава..." Гэта пра такiх, як Фелiкс Эдмундавiч. А параду Уладзiмiра Уладзiмiравiча Маякоўскага вы забылi! Нагадаю: "Калi не ведаеш, з каго зрабiць жыццё сваё, зрабi яго з Фелiкса Эдмундавiча Дзяржынскага!"
Фелiкс Эдмундавiч быў адным з самых сцiплых i добрых людзей у першым савецкiм урадзе. Белагвардзейцы ды белапалякi абвiнавачвалi Дзяржынскага ў стварэннi крывавага тэрору, але гэта няпраўда. Чырвоны тэрор у адказ на белы тэрор распачалi Троцкi разам са Свярдловым, якi падпiсаў загад на расстрэл цара Мiкалая II i ягонай сям'i. А Фелiкс Эдмундавiч быў крыштальна чэсны чалавек. Нават па вопратцы, якую можна ўбачыць на фотадакументах, лёгка ўпэўнiцца ў сцiпласцi першага чэкiста. Доўгi салдацкi шынель, фуражка з чырвонай зоркаю, гiмнасцёрка, галiфэ i боты. Так мог апранацца толькi сумленны воiн Краiны Саветаў з добрым разумным тварам.
Захавалiся ўспамiны сястры пра сцiпласць i дабрыню Фелiкса Эдмундавiча.
"Зiма. І920 год. Масква. Холад. Разруха. Разгул контррэвалюцыi. Ноч.
Фелiкс сядзеў за сталом i працаваў. Я зайшла ў кабiнет са сподам у руках. На сподзе ляжала пяць свежых пiрожных. Увечары чэкiсты арыштавалi кандытара, якi падпольна вёў антысавецкую прапаганду i быў сябрам тэрарыстычнай групоўкi маскоўскiх манархiстаў".
Achtun, achtun! Тлумачу. Манархiсты — людзi, якiя не ўяўлялi сабе жыцця без цара i дамагалiся рэстаўрацыi ў Расейскай iмперыi прастола i манархii. Манарх — цар. Далей.
"Кандытара застрэлiлi, бо ён спрабаваў уцячы. А тавары з крамы "Салодкiя пачастункi" былi падзеленыя сярод чэкiстаў. Я прынесла Фелiксу ягоную долю — пяць самых свежых пiрожных з жоўтым яечным крэмам.
— Што гэта за пiрожныя? — спытаў у мяне брат.
Я расказала пра смерць кандытара-манархiста. Фелiкс узяў спод, адкрыў фортачку i выкiнуў пiрожныя на вулiцу.
— Я не магу есцi пiрожныя з крэмам, калi ў краiне разруха i дзецi галадаюць!
Брат выпiў шклянку пустога кiпеню i сеў працаваць".
Вось такi ўспамiн сястры Фелiкса Эдмундавiча гаворыць нам пра сумленнасць нашага земляка, першага чэкiста, жалезнага Фелiкса..."
"Памаўчыце!" — Расцiслаў Васiльевiч спынiў несвядомую плынь чорнага гумару. "Не зразумеў. Я на працы. Я — экскурсавод. Вы замовiлi экскурсiю..." — "Прашу вас памаўчаць!" — "Не магу. Вы заплацiлi". — "Вашыя аповеды пра Дзяржынскага абразлiвыя!" — "Я адзiн з лепшых экскурсаводаў у Мiнску. Камiсiя прызнала..." Ракiцкi прымянiў забаронены прыём: "Вы здзекуецеся не толькi з нас, але i з Фелiкса Эдмундавiча. Тое, што вы расказалi, — антысаветчына. Калi вы не змоўкнеце, я буду змушаны напiсаць скаргу ў Бюро падарожжаў". Экскурсавод здаўся: "Добра, памаўчу. Толькi як усе будуць згодныя". — "Усе згодныя, каб спынiць экскурсiю?" — прабразгаў дынамiк. "Усе, усе..." — вяла азвалiся рэстаўратары.
Каб падвесцi тлустую чырвоную рысу пад Расцiслававай савецкасцю, трэба сказаць, што ў ягонай майстэрнi на пачэсным месцы, па-над сталамi, на якiх раскладзены старажытныя беларускiя абразы, вiсiць партрэт Фелiкса Эдмундавiча Дзяржынскага, напiсаны тэмпераю. Партрэт зроблены тэмпераментна i нагадвае апошнiя эцюды Эль Грэка. Толькi той працаваў алейнымi фарбамi i ў халодных перлавых тонах, а Ракiцкi зрабiў у цёплых, гарачых, вогненных — полымя рэвалюцыi. Але сабор Пятра i Паўла Эль Грэка распiсваў бы, пэўна, тэмпераю, i "Страшны суд" быў бы вогненны, але гэта толькi гiпатэтычная рэтраспекцыя — о, каб жа ж, дык.
Расцiслаў жыве адзiн i зрэдку, калi ўстановы грамадскага харчавання надакучаюць, ён звяртаецца ў сваёй творчасцi да кулiнарыi — мастацтва ўсiх мастацтваў. Гатуе Ракiцкi добра — калi з iм працаваў у саборы, дык пераконваўся ў гэтым шмат разоў.