* * *
Люблю ўздымацца на вежы.
* * *
Цiкава наведаць галоўпаштамт. Сядзеш за мармуровы заплямлены атрамантам стол, возьмеш простую асадку з пашкоджаным рознымi почыркамi пяром, падсунеш да сябе шкляную атрамантку i зробiш выгляд, што ты, як усе, запаўняеш бланк.
Любоў да вакзалаў i паштамтаў засталася ад часоў, калi наведваў мастацкую вучэльню i пасля заняткаў з папкаю i мяккiм алоўкам хадзiў па горадзе i рабiў накiды.
ПРЫЕМНА ДАКРАНУЦЦА...
* * *
Стаiш у пустым музейным пакоi перад незашклёнай карцiнаю. Прыемна дакрануцца да палатна - пераканацца, што яно сапраўды ёсць.
* * *
Цэлы дзень атынкоўваў сцяну. Нарэшце праца скончана, але няма задавальнення - не атрымалася тое, што хацеў. Прыехаў дадому, напусцiў поўную ванную блакiтна-празрыстай вады. Трэба паглядзець, цi не занадта гарачая. Асцярожна дакранешся, а яна якраз такая, як i павiнна быць. Апускаеш руку глыбей у чыстую вадкасць... Вельмi прыемна.
УВАСАБЛЯЮЦЬ ЧЫСЦІНЮ...
* * *
Састаўленыя з гiпсавых шматграннiкаў (па-беларуску лепш казаць - шматкантнiкаў), конусаў, цылiндраў, тораў, шароў i белых крухмальных драпiровак нацюрморты (па-беларуску лепш казаць - рэчавiкi) выклiкаюць адчуванне гармонii i ўвасабляюць чысцiню.
* * *
Ад рулона льнянога палатна павявае прахалодаю летняга ранку, i гэта для мяне - увасабленне чысцiнi.
* * *
Красавiк. Снег сышоў. На адхонах чыгункi гарыць падпаленая дзецьмi леташняя трава. Дым незаўважна злiваецца з лёгкай смугою. У прыбраных садах хлопчыкi кладуць вогнiшчы.
Назаву ўсё гэта вясновым ачышчэннем.
МІЖВОЛІ ЗВЯРТАЕШ УВАГУ...
* * *
Мiжволi звяртаеш увагу на нумар кiнабiлета. Усё роўна цi ён 8591992, цi 2991958 - рознiцы ну анiякай, а ўвагу звяртаеш.
* * *
Мiжволi звяртаеш увагу на флуарэсцэнтныя махеравыя шапкi, якiя любяць насiць жанчыны з гарадскiх ускраiн.
* * *
Жалезабетонны плот, сама надзейнасць, i раптам дзiрка ў iм. Мiжволi спынiшся i зазiрнеш.
САНЛІВАСЦЬ...
* * *
Чакаеш аўтобуса на правiнцыйным вакзале. Перад вачыма ляжыць залiты белаватым сонечным святлом пыльны пляц. Усе тэрмiны прайшлi, а аўтобуса няма, i робiцца ўсё роўна - прыйдзе ён зараз, цi праз гадзiну, цi праз тры... Пачынаеш засынаць i спiш самым невыносным дзённым сном у пякельную гарачыню.
Наогул, правiнцыя з яе маруднымi рытмамi выклiкае санлiвасць, зразумела, калi ты - сталiчны чалавек.
НА ШТО ЦЯЖКА ГЛЯДЗЕЦЬ...
* * *
Цяжка глядзець на доўгi байкавы бальнiчны халат колеру какавы з малаком.
* * *
На чыгуначнай станцыi ў Негарэлым стаiць больш як сотня цягнiкоў. Яны ўжо ведаюць пра смяротны прысуд i чакаюць за нiзкiм сятчастым плотам у тупiку, калi iм дадуць магчымасць сказаць сваё астатняе слова.
* * *
Цяжка глядзець на мармуровы бюст з адбiтым, а потым прыклееным носам.
* * *
На ўласную працу, зробленую толькi дзеля заробку, глядзець цяжка.
* * *
Насупраць мяне ў электрычцы сеў мужчына. Замест левай кiсцi ў яго з рукава тырчаў пратэз. Мужчына гладзiў чорныя скураныя пальцы правай рукою.
* * *
Цяжка глядзець на чалавека, якi заносiць у тралейбус вялiкi жалобны вянок.
ВІДОВІШЧЫ, ЯКІЯ СПЫНЯЮЦЬ...
* * *
Сметнiцы за могiлкамi завалены пахавальнымi вянкамi. Выцвiлыя, пакамечаныя папяровыя кветкi. Прапарафiненая кардонная дубовая лiстота. Пякуча-чырвоныя ад iржы драцяныя каркасы. Пасiвелыя збэрсаныя стужкi з лускою бронзавых i срэбных надпiсаў. Атрыбутыка жалобы спыняе мяне.
ПРЫЕМНА ГЛЯДЗЕЦЬ...
* * *
Прыемна глядзець з высокага прыгорка на цень воблака, як ён плаўна рухаецца па полi.
* * *
З хiсткае кладкi, перакiнутай праз плыткую крынiчную рэчку, прыемна панаглядаць за гульнёю верхаводак.
КАЛІ АДЧУВАЕШ АДЗІНОТУ...
* * *
Робiш роспiс. Доўга не можаш зразумець, чаму так цяжка даецца, так марудна рухаецца наперад праца. I раптам бачыш, што перад вачыма не намаляваны сад, а сцяна. Цяжка i самотна стаяць тварам да сцяны, нават калi малюеш сад.
ПАЧУЦЦІ, ЯКІХ ІМКНУСЯ ПАЗБЯГАЦЬ...
Азарт
У электрычцы ад няма чаго рабiць назiраю за гульнёю ў карты. Пасажыры добра ведаюць, што азартныя гульнi забараняюцца ў вагонах i тамбурах, але многiя гуляюць.
Насупраць мяне двое мужчын рэжуцца ў "дурня". Адзiн з iх маўклiвы, другi гаваркi i ўвесь час жартуе i смяецца, словамi дапамагае сабе, хоча голасам надаць карце большую вагу.
- А тваю сямёрку мы дзесяткай. А тваю дзесятку мы валетам завалiм, каб яна нам тут свет не засцiла. Ну а валета мы казырнай шасцёркаю заложым. Вось так. Ёсць? Няма? Ну, то й добра...