Я не супраць гульнi ў карты, дамiно цi косцi, калi гульня мастацкая i той, хто гуляе са мною, седзячы насупраць, разумее сэнс гульнi. Насупраць - гэта не значыць супраць у мастацкай гульнi, як у спартыўнай i азартнай, дзе гульня спачатку ператвараецца ў спрэчку, а потым у сварку, бывае, нават i ў бойку, бо пачуццё азарту разбурае правiлы, скасоўвае дамоўленасць.
Зайздрасць
Убачыў дагледжаныя рукi студэнта, параўнаў са сваiмi, перапэцканымi ў фарбу, i пазайздросцiў.
ЗДЗІЎЛЯЮЦЬ...
* * *
Здзiўленне - сустрэча з дзiвам.
* * *
Мяне здзiвiлi памеры тэатральнай люстры. Глядзеў на яе з балкона, i мiжволi ўзнiкла пытанне: якая ж патрэбна лесвiца, каб замянiць лямпачкi ў гэтым фантане з бронзы i крышталю, якi, здаецца, вось-вось абрынецца ў партэр? Адказ, надзiва просты, знайшоўся толькi пасля антракту - люстру апускаюць на ланцугу.
* * *
Незнаёмая жанчына здзiвiла мяне надзвычайным знешнiм падабенствам да маёй мацi. Дзiўна, што прырода так жорстка жартуе з магчымасцi адрознiваць адно ад аднаго. Аднаго разу я нават бачыў "самога сябе". Я... Ён... не ведаю, як пiсаць, таму пакiну сказ без дзейнiка... iшоў па другiм баку вулiцы, у супрацьлеглым кiрунку. Я адрознiваўся тым, што заўважыў на той момант, як... назаву яго - iншы... на той момант, як iншы не бачыў мяне.
ПРЫЕМНА...
* * *
Прыемна вярнуцца дадому i павячэраць з мацi, хай гэта будзе шклянка малака з хлебам.
* * *
Прыемна, калi прымаеш без слоў.
* * *
Лета звiнiць тонкiм шклом страказiных крылаў. Ад спёкi ратуюць ветрык i рухомыя ценi соснаў, што зусiм блiзка падышлi да хуткай рэчкi. Іду па вузкай стужцы белага пяску, каля самай вады. Што можа быць прыемней, як перайсцi ўброд крынiчную рэчку ў гарачы лiпеньскi дзень? Заходжу ў ваду. Даходжу да сярэдзiны i спыняюся....
Успомнiлася мая лодачка з сасновай кары. Лодачку я тачыў аб асфальт, пакiдаў на шурпатым панцыры сцежак пiсягi цаглянага колеру. З лодачкай я клаўся спаць. Лодачка ратавала мяне ад розных бедаў у школьным лагеры.
...Хуткая халодная вада бруiцца каля маiх каленяў. Вяртаюся на той бераг, з якога прыйшоў.
КРЫЎДНА...
* * *
Крыўдна робiцца не ў час падману, а ў момант, калi ты даведаўся пра падман.
* * *
Адпачываў з сябрам. Цэлы месяц давялося насiць на руцэ гадзiннiк, бо сябар забыў свой гадзiннiк дома.
Непрыемна ў час адпачынку насiць гадзiннiк. Час i ягоная матэрыяльная абалонка - гадзiннiкi - прыдуманыя чалавецтвам кайданы, якiмi кожны з нас прыкуты да грамадства.
Адпачынак скончыўся. Мы ехалi ў аўтобусе ў аэрапорт. Сябар дастаў з кiшэнi свой "забыты" гадзiннiк, завёў яго i спытаў: "Колькi часу?".
ЖАЛЬ...
* * *
Без пачуцця жалю нельга зрабiць сапраўдны падарунак.
* * *
Мацi захоўвала падушачку для iголак, якую я пашыў яшчэ ў дзiцячым садзе. Аднойчы я ўбачыў падушачку ў руках сваёй дачкi. Ёй так падабалася стракатая падушачка, што забраць яе не адважыўся. Дачка гуляла з падушачкай некалькi дзён, пакуль на вулiцы не згубiла яе.
СУПАКОЙВАЕ...
* * *
Вастрэнне простых алоўкаў мяне супакойвае.
Аскепкі
— Не ведаю, не думаў, — адказвае Расцiслаў.
— Ёсць прапанова пайсцi разам, — кажа Аркадзь.
— А хто будзе?
— Калi i ты прыйдзеш — чацвёра.
— Сцiплая кампанiя.
— Сцiплая, — Аркадзь смяецца. — Толькi ёсць умова... Людмiла прасiла табе сказаць, што яна — дзяўчына.
— Пры чым тут Новы год?
— Яна прасiла сказаць пра гэта табе.
— А чаму мне? Цiкава...
— Падабаешся. Ёй, дарэчы, дваццаць гадоў.
— Шкада, што Новы год надыдзе, нават калi яго не сустракаюць, — гаворыць Расцiслаў на поўным сур'ёзе.
* * *
Людмiла непрыгожая, але па ўсiм вiдаць, што яна глядзiць за сабою i можа сябе падаць.
* * *
Учацвярых яны сядзяць за часопiсным столiкам, якi спрэс застаўлены посудам. На высокiх шклянках намалёваны аўтамабiлi старых марак. Пакой, дзе сустракаецца Новы год, зусiм маленькi. Ён маленькi, бо ў суседнiм пакоi стаiць раяль, а каб паставiць раяль, трэба было павялiчыць адзiн пакой i адпаведна зменшыць другi. Нават кiтайскiя вышываныя шоўкам краявiды, што вiсяць па сценах, не дадаюць маленечкаму пакою прасторы.
— А цi не зрабiць з Новага года вяселле, — прапаноўвае Аркадзь.
— Горка, — кажа Ларыса.
Расцiслаў з Людмiлаю не пярэчаць, а ўстаюць i цалуюцца.
* * *
Магнiтафон прапануе танцы. Усе танцуюць у большым пакоi: Расцiслаў з Людмiлаю, Аркадзь з Ларысаю.
* * *
Яны знаёмяцца на рок-сэйшане. Ідзе гала-канцэрт. Аркадзь з Расцiславам у антракце выходзяць курыць. Ідзе дробны дождж, але пасля задушлiвай, перапоўненай гукам залы iм прыемна стаяць пад дажджом.