Выбрать главу

"Ну добра, Бог з ім, бацюхна, – сказала Лізавета і пачала мыць рукі ў бляшанай ванне. – Вам не варта ісці за ім следам".

"Не, Лізавета, я не іду за ім, і менавіта толькі таму, што я час ад часу крышку здольны яшчэ саромецца перад вясною майго мастацкага занятку. Бачыце, калі-нікалі я атрымліваю лісты невядома ад каго, ухвальныя і ўдзячныя лісты ад маіх прыхільнікаў, поўныя зачаравання допісы захопленых людзей. Я чытаю гэтыя допісы, і хваляванне ахоплівае мяне ад шчырасці гэтага цёплага і бездапаможнага чалавечага пачуцця, якое дало штуршок майму мастацтву, нават пэўнае спачуванне авалодвае мною ў дачыненні да зачараванай наіўнасці, якая прамаўляе з гэтых радкоў, і я чырванею пры думцы, наколькі б гэты шчыры чалавек працверазеў, калі б ён аднойчы зазірнуў за кулісы, калі б яго нявіннасць зразумела, што сумленны, здаровы і прыстойны чалавек увогуле не піша, не іграе на сцэне, не піша музыку… Ды ўсё гэта не перашкаджае мне выкарыстоўваць яго захапленне маёй геніяльнасцю, каб яшчэ больш узвысіцца і натхняцца, я раблю выгляд, быццам успрымаю ўсё гэта вельмі сур’ёзна, і яшчэ старанней строю важную міну, як малпа, якая іграе вялікага чалавека… Ах, не пярэчце мне, Лізавета! Я кажу Вам, што я часта смяртэльна зняможаны паказваць чалавечнае, не ўдзельнічаючы ў чалавечным… Ці з’яўляецца мастак увогуле мужчынам? Пра гэта патрэбна спытаць "бабу"! Мне здаецца, што мы, мастакі, усе часткова падзяляем лёс тых прэпараваных папскіх спевакоў… Мы спяваем вельмі кранальна прыгожа. Аднак…"

"Вам варта было б крышку пасаромецца, Тоніа Крэгер. Пойдзем, калі ласка, піць гарбату. Кіпень зараз згатуецца, а вось тут папяросы. Вы спыніліся на спевах сапрана, то цяпер працягвайце. Але Вам варта было б пасаромецца. Калі б мне не было вядома, з якой ганаровай жарсцю Вы аддадзены сваёй прафесіі…"

"Нічога не кажыце аб "прафесіі", Лізавета Іванаўна! Літаратура ўвогуле не прафесія, а праклён – каб Вы ведалі. Калі ён робіцца адчувальным, гэты праклён? Рана, жудасна рана. У той час, калі яшчэ трэба было б жыць спакойна ў міры і згодзе з Богам і ўсім светам. Вы пачынаеце адчуваць сябе адзначаным, загадкава супрацьпастаўленым у дачыненні да астатніх, да звычайных, простых; прадонне іроніі, нявер’я, апазіцыі, пазнання, пачуцця, якое адлучае Вас ад людзей, і гэта паглыбляецца ўсё больш і больш, Вы – сам па сабе, і з гэтага часу ўжо няма больш аніякага паразумення. Што за лёс! Пры ўмове, што сэрца засталося дастаткова жывым, дастаткова пяшчотным, каб адчуваць, што гэта жахліва!.. Ваша самасвядомасць запаляецца, бо сярод тысяч Вы на сваім чале адчуваеце, фізічна і маральна, знак, які не пазбегне нічыйго позірку. Я ведаў аднаго геніяльнага акцёра, які як чалавек мусіў змагацца з хваравітай скаванасцю і нястрыманасцю. Яго звышраздражнёнае пачуццё эга разам з адсутнасцю ролі, мастацкай задачы выклікалі комплексы ў гэтага сапраўднага артыста і няшчаснага чалавека… Мастака – сапраўднага, не такога, дзяржаўнай прафесіяй якога з’яўляецца мастацтва, а пазначанага пячаткай таленту і праз тое праклятага – Вы заўсёды вострым позіркам вылучыце з людскога натоўпу. Пачуццё адмежаванасці і непрыналежнасці, адчуванне пазнавальнасці і назірання, штосьці адначасова каралеўскае і засаромленае адбіваюцца на яго твары. У рысах караля, які ў цывільнай вопратцы ідзе скрозь людскі тлум, можна назіраць нешта падобнае. Але тут не дапаможа ніякая цывільная апранаха, Лізавета! Пераапранайцеся, захутвайцеся, нацягвайце на сябе вопратку аташэ ці гвардзейскага лейтэнанта ў адпачынку: варта Вам толькі ўзняць вочы і сказаць адно слова, і кожны ўжо будзе ведаць, што Вы не чалавек, а штосьці чужое, сумнеўнае, іншае…

Але што такое мастак? Ні перад адным пытаннем утульнасць і пазнавальная інерцыя не выяўлялі сябе больш марудлівымі, чым перад гэтым. "Гэта – дар", – кажуць пакорліва добрыя людзі, якія знаходзяцца пад уздзеяннем якога-небудзь мастака, бо вясёлыя і ўзвышаныя ўздзеянні, паводле іх добразычлівых меркаванняў, павінны і паходзіць ад вясёлых і ўзвышаных уздзеянняў; і ніхто не падазрае, што тут справа палягае, магчыма, у надзвычай дрэнна абумоўленым, надзвычай сумнеўным "дары"… Вядома, што мастакі вельмі датклівыя – а таксама вядома, што такая рыса звычайна не сустракаецца ў людзей з чыстым сумленнем і салідна абгрунтаваным пачуццём уласнага гонару… Бачыце, Лізавета, я на дне душы – калі гэта перакласці на духоўную мову – наконт мастакоўскага тыпу адчуваю поўнае падазрэнне, якое любы з маіх ганаровых продкаў на поўначы ў цесным горадзе выявіў бы ў дачыненні да нейкага блазна і авантурнага артыста, які заявіўся б у ягоны дом. Я ведаю аднаго банкіра, пасівелага прадпрымальніка, які валодае дарам пісаць навелы. Ён карыстаецца гэтым дарам у вольныя гадзіны, і яго працы часам бываюць проста выдатнымі. Нягледзячы – я кажу ’"нягледзячы" – на такую ўзвышаную здольнасць, гэты чалавек не зусім бездакорны; наадварот, яму ўжо давялося адбыць цяжкае пакаранне пазбаўленнем волі, і, трэба сказаць, з важкіх прычын. Ага, гэта здарылася, па сутнасці, толькі ў месцы адбывання пакарання – тое, што ён заўважыў сваю здольнасць, і яго досвед вязня стаўся галоўным матывам ва ўсіх яго тварэннях. З гэтага можна было б з нейкай доляю дзёрзкасці зрабіць выснову, што, каб стаць паэтам, неабходна паходзіць з свайго кшталту карнай установы. Але ці не напрошваецца падазрэнне, што яго перажыванні ў турме, мусіць, не так шчыра пераплеценыя з каранямі і падмуркамі яго мастацкасці, як тое, што яго завяло туды?.. Банкір, які піша навелы, гэта рарытэт, ці не так? Але некрымінальны, прыстойны і салідны банкір, які б пісаў навелы, – такога не бывае… Вось, Вы цяпер смеяцеся, а я жартую толькі напалову. Ніводная праблема, ніводная ў свеце, не прыносіць большых пакут, чым тыя, што створаны мастацкасцю і яе ўздзеяннем на людзей. Вазьміце самае цудоўнае тварэнне самага тыповага і таму самага магутнага мастака, вазьміце такі слабы і двухсэнсоўны твор, як "Трыстан і Ізольда", і паназірайце за ўздзеяннем, якое робіць гэты твор на маладога, здаровага чалавека, вельмі моцна ўспрымальнага. Вы ўбачыце ўзвышэнне, прыток сіл, цёплае, шчырае захапленне – магчыма, штуршок да ўласнай "мастацкай" творчасці… Бедны дылетант! З намі, мастакамі, усё прынцыпова адбываецца зусім не так, як ён, мусіць, уяўляе сабе сваім "цёплым сэрцам" і "шчырым энтузіязмам". Я не раз бачыў, як мастакоў услаўляюць ды ўзносяць жанчыны і маладыя людзі, у той час як я сам ведаў пра іх… Што да паходжання, суправаджальных з’яў і варункаў мастацкасці, то ўвесь час даведваешся пра штосьці дзіўна незвычайнае…"