І ці не ёсць гэта, урэшце, вартым жалю недахопам паслядоўнасці: радавацца, калі б яно было інакш? Гэта супярэчыць здароваму сэнсу – любіць жыццё і ўсё-такі імкнуцца пры дапамозе ўсіх мастацкіх сродкаў перацягнуць яго на свой бок, заваяваць яго для розных вытанчанасцей і меланхолій, для ўсякіх хворых арыстакратаў літаратуры. Царства мастацтва павялічваецца, а царства здароўя і цнатлівасці змяншаецца на зямлі. Трэба было б тое, што яшчэ засталося, самым старанным чынам закансерваваць, а таксама не трэба было б спакушаць паэзіяй людзей, якія куды больш любяць чытаць кнігі пра коней з маментальнымі здымкамі!
Бо, па вялікім рахунку, што магло б выклікаць большае пачуццё жалю, чым жыццё, якое спакушаецца мастацтвам? Мы, мастакі, нікім так глыбока не пагарджаем, як дылетантам, жывым чалавекам, які думае пры выпадку, акрамя ўсяго, калі-небудзь пабыць яшчэ і мастаком. Запэўніваю Вас, што такая пагарда ўваходзіць у шэраг і маіх жыццёвых пачуццяў. Я знаходжуся ў кампаніі ў добрым доме; тут ядуць, п’юць, вядуць нязмушаную гаворку, разумеюць адзін аднаго найлепшым чынам, і ў мяне пануе адчуванне радасці і ўдзячнасці за тое, што я магу на нейкі час знікнуць сярод роўных няхітрых і шчырых людзей. Раптам (гэта здарылася са мною) устае афіцэр, лейтэнант, сімпатычны стройны чалавек, пра якога я ніколі б не падумаў, што ён здольны на ўчынак, не варты яго пачэснай формы, і недвухсэнсоўнымі словамі просіць дазволу прачытаць нам некалькі вершаў, якія ён напісаў. Яму даюць з разгубленай усмешкаю гэты дазвол, і ён ажыццяўляе свой намер, чытаючы з аркушыка, які ён хаваў пад палой мундзіра, свой твор, штосьці, прысвечанае музыцы і каханню, карацей кажучы, як глыбока прачула, так і нядзейсна. А цяпер я звяртаюся да кожнага: лейтэнант! Уладар свету! Яму ж гэта сапраўды было непатрэбна! І вось адбываецца тое, што павінна было адбыцца: выцягнутыя твары, мёртвае маўчанне, крышку ненатуральных апладысментаў і глыбока непрыемнае адчуванне навокал. Першы душэўны факт, усвядомлены мною, палягаў у тым, што я адчуў сябе таксама вінаватым у сапсаваным гуморы, які стварыў у прысутных гэты неразважлівы малады чалавек; без сумнення – праз гэта на мяне, у чыім рамястве ён выдаў халтуру, скіраваліся кплівыя і адчужаныя позіркі. А другі факт палягае ў тым, што гэты чалавек, да існасці і сутнасці якога я толькі што адчуваў самую шчырую пашану, раптам на маіх вачах падае, падае, падае… Спачувальная зычлівасць ахоплівае мяне. Я падыходжу, як і іншыя адважныя і дабрадушныя паны, да яго і пачынаю запэўніваць яго. "Мае віншаванні, – кажу я, – пане лейтэнант! Якая сімпатычная здольнасць! Не, гэта было выдатна!" І неўзабаве я ледзьве не ляпаю яго па плячы. Але ці ёсць добразычлівасць тым пачуццём, якое трэба выказваць лейтэнанту?.. Сам вінаваты! Вось ён і стаяў, засаромлена раскайваючыся ў памылковай веры, што можна сарваць толькі адзін лісток, адзіны, з лаўровага вянка мастацтва, не заплаціўшы за гэта сваім жыццём. Не, тут я падтрымліваю майго калегу, крымінальнага банкіра… Але ці не здаецца Вам, Лізавета, што ў мяне сёння гамлетаўская гаварлівасць?"
"Вы ўжо закончылі, Тоніа Крэгер?"
"Не. Але я больш нічога не скажу".
"Ды і хопіць… Вы чакаеце адказу?"
"А ў Вас які-небудзь ёсць?"
"Я думаю, што ёсць… Я ўважліва Вас слухала, Тоніа, ад пачатку да канца, і хачу даць Вам адказ, які пасаваў бы да ўсяго, што Вы сёння папаўдні нагаварылі, і які з’яўляецца рашэннем праблемы, што так моцна Вас занепакоіла. Дык слухайце! Рашэнне ў тым, што Вы, такі, які Вы седзіце тут, звычайны абывацель".
"Няўжо?" – спытаў ён і крыху сцяўся…
"Вядома, гэта моцна Вас закранае, а як жа інакш? І таму я хачу трохі змякчыць прысуд, бо на гэта я здольная. Вы – абывацель на аблудным шляху, Тоніа Крэгер, заблукалы абывацель".
Маўчанне. Потым ён рашуча ўстаў і ўзяў капялюш і кіёк.
"Я дзякую Вам, Лізавета Іванаўна; цяпер я магу спакойна ісці дамоў. Я дакончаны".
V
Пад восень Тоніа Крэгер сказаў Лізавеце Іванаўне:
"Ну вось, я зараз ад’язджаю, Лізавета; я павінен праветрыцца, я адбываю, уцякаю".
"А што, бацечка, Вы маеце ласкавы намер зноў паехаць у Італію?"