Выбрать главу

"Шкада, – сказаў ён, – але я не нашу з сабою аніякіх дакументаў".

"Праўда? – спытаў паліцыянт… – Ніякіх-ніякіх?.. Як Ваша прозвішча?"

Тоніа Крэгер назваў.

"І гэта праўда?!" – спытаў паліцыянт, выцягнуўся і раптам надзьмуў ноздры так шырока, як мог…

"Абсалютная праўда", – адказаў Тоніа Крэгер.

"А якая ж у Вас прафесія?"

Тоніа Крэгер зглынуў сліну і цвёрдым голасам назваў свой занятак… Пан Зэегазэ ўзняў галаву і з цікаўнасцю зірнуў яму ў твар.

"Гм! – сказаў паліцыянт. – І Вы заяўляеце, што Вы не той індывідуум з прозвішчам…" Ён прамовіў "індывідуум" і па літарах прачытаў са спісанай паперкі вельмі заблытанае прозвішча, якое, здавалася авантурна змешаным з гукаў розных расаў і якое Тоніа Крэгер у наступны момант зноў забыў. – …які, – працягваў ён, – невядомага паходжання і няпэўных заняткаў расшукваецца мюнхенскай паліцыяй за розныя падманныя дзеянні ды іншыя злачынствы, і, верагодна, знаходзіцца ва ўцёках па дарозе ў Данію?"

"Я не толькі заяўляю гэта", – сказаў Тоніа Крэгер і нервова паціснуў плячыма…Гэта выклікала пэўную рэакцыю.

"Што? А, ну пэўна ж! – сказаў паліцыянт. – А тое, што вы не можаце нічога прад’явіць!"

Пан Зэегазэ таксама ўмяшаўся прымірэнча.

"Усё гэта – адно фармальнасць, – сказаў ён, – і нічога болей! Вам варта ўлічыць, што пан паліцыянт толькі выконвае свой абавязак. Каб Вы толькі як-небудзь маглі легімітызавацца… Дакумент…"

Усе маўчалі. Можа, варта было закончыць усё, назваўшы сябе, прызнаўшыся пану Зэегазэ, што ён не авантурыст няпэўнага занятку, паводле паходжання – не цыган у зялёнай кібітцы, а сын консула Крэгера, з роду Крэгераў? Не, такога жадання ў яго не было. А ці не мелі, у прынцыпе, гэтыя ахоўнікі грамадскага парадку, у нечым рацыю? У пэўнай ступені ён быў з імі абсалютна згодны… Ён паціснуў плячыма і працягваў маўчаць.

"А што ў Вас там? – спытаў паліцыянт. – Там, у партманэ?"

"Тут? Нічога. Гэта карэктура", – адказаў Тоніа Крэгер.

"Карэктура? А што гэта такое? Дазвольце зірнуць".

І Тоніа Крэгер падаў яму сваю працу. Паліцыянт разгарнуў яе на канторцы і пачаў чытаць. І пан Зэегазэ падышоў бліжэй і спрычыніўся да чытання. Тоніа Крэгер глядзеў ім цераз плячо і сачыў, на якім яны месцы. Гэта быў добры момант, кульмінацыя і эфект, які ён распрацаваў выдатна. Ён быў задаволены сабою.

"Бачыце! – сказаў ён. – Тут напісана маё прозвішча. Я напісаў гэта, а цяпер яно будзе апублікавана, разумееце".

"Добра, гэтага дастаткова! – рашуча сказаў пан Зэегазэ, сабраў аркушы, упарадкаваў іх, як былі, і вярнуў яму. – Гэтага павінна хапіць, Петэрзэн", коратка паўтарыў ён, незаўважна прыжмурыўшыся і адмоўна пахітаў галавою. – Мы не маем права больш затрымліваць пана. Карэта чакае. Я вельмі прашу прабачыць нам маленькую затрымку, шаноўны госць. Пан паліцыянт толькі выконваў свой абавязак, але я адразу яму сказаў, што ён памыляецца…"

"Няўжо?" – падумаў Тоніа Крэгер.

Здаецца, паліцыянт быў не зусім згодны; ён штосьці прамовіў яшчэ пра ’індывідуум’ і ’прад’явіць’. Але пан Зэегазэ павёў госця, увесь час паўтараючы словы свайго жалю, праз вестыбюль, праводзіў яго паміж двума львамі да карэты і сам, запэўніваючы ў павазе, зачыніў дзверы за ім. І потым высокія і шырокія дрожкі смешна пакаціліся, падскокваючы ды шумна бразгочучы па крутых завулках уніз да порта.

Такім дзіўным быў побыт Тоніа Крэгера ў родным горадзе.

VII

Надышла ноч, і ў срэбным ззянні ўжо ўсплыў месяц, калі карабель Тоніа Крэгера быў далёка ў адкрытым моры. Ён стаяў каля бушпрыта, захутаўшыся ў паліто ад ветру, які ўсё больш мацнеў, і глядзеў уніз на змрочнае хваляванне дужых, гладкіх валоў, якія гайдаліся адна вакол адной, наляталі з плёскатам адна на адну, разбягаліся ў нечаканых кірунках і раптам ўспыхвалі пенаю.

Ягоны настрой напоўніся гэтай закалыхвальнай і ціхаю радасцю. Да гэтага ён быў крыху прыгнечаны ад таго, што дома яго хацелі арыштаваць як авантурыста, так, – хоць ён палічыў гэта ў нейкай ступені нармальным. Але потым, пасля таго як уладкаваўся на караблі, ён, як часам раней разам з бацькам, назіраў за пагрузкаю тавараў, якімі пад крыкі на мяшанцы дацкай мовы з мясцовым дыялектам запаўняўся вялізны трыбух парахода; як, акрамя цюкаў і скрынак, туды спускалі і белага мядзведзя і каралеўскага тыгра ў закратаванай клетцы, якіх, мусіць, дастаўлялі з Гамбурга і якія былі прызначаны для дацкага звярынца; і гэта развеяла яго. Потым, калі карабель лёгка плыў паміж роўнымі берагамі ракі, ён зусім забыўся пра допыт паліцэйскага Петэрзэна, а ўсё, што было да гэтага – яго салодкія, жалобныя і раскайныя трызненні ночы, шпацыр, вобраз арэхавага дрэва – з новай сілаю прачнулася ў ягонай душы. І вось, калі вачам адкрылася мора, ён убачыў далёкі пляж, на якім ён яшчэ хлопчыкам мог падслухоўваць летнія мары мора; ён убачыў яркае святло маяка і агні курорта, дома, дзе ён жыў разам з бацькамі… Балтыйскае мора! Ён нахіліў галаву насустрач моцнаму прасоленаму ветру, які налятаў вольна, без перашкод, ахутваў вушы і выклікаў лёгкае галавакружэнне, сцішанае здранцвенне, у якім памалу і спакойна знікалі ўспаміны пра ўсё благое, пра пакуты і аблуды, пра жаданні і намаганні. І ў посвісце, плёскаце, пене і рыпенні вакол яго яму чуліся шум і рыпенне старога арэхавага дрэва, скрыгат садовых варотаў… Хутка цямнела.