Выбрать главу

Воблакі імчалі, абмінаючы месяц. Мора танчыла. Хвалі накатваліся неўпарадкавана, круглыя і раўнамерныя; далёка, у бледным пабліскванні святла мора было парвана, расхвастана, ўскудлачана, лагодна цалавала і падскоквала вострымі, полымнымі агромністымі языкамі, побач з бяздоннымі пеннымі прорвамі раскідвала зубчатыя і неверагодныя фігуры і, здавалася, што яно моцаю жудасных рук шалёна шпурляе пырскі абы-куды, без разбору. Карабель рухаўся з цяжкасцю; пляскаючы, гайдаючыся, і крэкчучы, прабіваўся цераз гармідар, і часам можна было пачуць, як у яго чэраве равуць белы мядзведзь і тыгр, якія пакутавалі ад марской гайданкі. Мужчына ў брэзентавым плашчы, з капюшонам на галаве і ліхтаром, прышпіленым да пояса, хадзіў сюды-туды па палубе, шырака расставіўшы ногі і з цяжкасцю балансуючы. А там ззаду стаяў, нахіліўшыся нізка над бортам, малады чалавек з Гамбурга і ванітаваў. "Божа, – прамовіў ён бязгучным і няроўным голасам, калі ўбачыў Тоніа Крэгера, – толькі паглядзіце на хваляванне стыхій, пане!" Але потым яму зрабілася млосна, і ён паспешліва адвярнуўся.

Тоніа Крэгер трымаўся за нейкую нацягнутую ліну і ўзіраўся ў гэтае суцэльнае неўтаймоўнае шаленства. Яму захацелася крычаць ад радасці, і падалося, што ён дастаткова магутны, каб перакрычаць буру і хвалі. Шалёны сябра маладых гадоў, з табой з’яднаемся мы зноў… Але потым верш закончыўся. Ён быў не гатовы, неаформлены і не распрацаваны спакойна ў нешта адно цэлае… Яго сэрца было жывое…

Ён доўга гэтак стаяў; потым выпрастаўся на лаўцы каля кают-кампаніі і пачаў узірацца ў неба, на якім мігцелі зоркі. Ён нават крыху задрамаў. І калі яму халоднаю пенаю пырснула ў твар, то ў паўсне гэта ўспрымалася пяшчотным дотыкам.

Паказаліся і наблізіліся вертыкальна-стромыя мелавыя скалы, прывідныя ў святле месяца; гэта быў Мэн, востраў. І зноў ім авалодала кароткая дрымота, перабіваная салёнымі рассеянымі пырскамі, якія востра ўціналіся ў твар і ад якіх рысы дранцвелі… Калі ён канчаткова прачнуўся, ужо быў дзень – светла-шэры, свежы дзень; і тады зялёнае мора пачало супакойвацца. За сняданкам ён зноў убачыў маладога гандляра, які моцна зачырванеўся, магчыма, саромеючыся, што ў змроку прамаўляў такія паэтычныя і ганебныя рэчы; ён прыгладзіў усімі пяццю пальцамі свае маленькія рудаватыя вусы і крыкнуў яму па-салдацку бадзёра ранішняе прывітанне, а пазней баязліва пазбягаў яго.

І Тоніа Крэгер дабраўся да Даніі. Ён спыніўся ў Капэнгагене, даваў на чай кожнаму, хто сваім выразам твару паказваў, што ён прэтэндуе на іх; пасяліўшыся ў гатэлі, ён абышоў за тры дні горад, носячы разгорнутым гід-даведнік; і ён паводзіў сябе як выдатны турыст, які жадае ўзбагаціць свае веды. Ён паглядзеў новы Каралеўскі рынак і "каня" пасярэдзіне яго; вельмі паважліва паглядаў на вышыню калонаў Фраўэнкірхе; доўга стаяў перад высакароднымі і пяшчотнымі карцінамі Торвальдсена; падняўся на Круглую Вежу; агледзеў замкі і прабавіў два вясёлыя вечары у Тывалі. Але, шчыра кажучы, гэта было не ўсё, што ён там пабачыў.

На будынках, якія часта мелі той самы выгляд старых дамоў яго бацькоўскага горада з пагнутымі, паламанымі франтонамі, ён бачыў прозвішчы, знаёмыя яму яшчэ з былых дзён, якія, здавалася, згадвалі яму пра нешта пяшчотнае і дарагое, але ў той самы час неслі ў сабе штосьці накшталт папроку, скаргі і тугі па страчаным. І паўсюды, удыхаючы запаволенымі, задумлівымі глыткамі вільготнае марское паветра, ён бачыў вочы, такія сінія, валасы, такія бялявыя, твары, якія былі таго самага тыпу і формы, якія ён заўважаў у дзіўна балючых і пакаянных трызненнях ночы, праведзенай у родным горадзе. Час ад часу здаралася, што позірк, звонкае слова, раптоўны смех краналі ў ім самае задушэўнае.

Ён нядоўга вытрываў у ажыўленым горадзе. Неспакой, салодкі і праставаты, чаканне, змешанае напалову з успамінамі, хвалявалі яго, адначасова з жаданнем знайсці магчымасць паляжаць дзе-небудзь у зацішку на пляжы, а не выдаваць сябе пры выпадку за заўзятага турыста. І ён яшчэ раз уладкаваўся на карабель і ў адзін змрочны дзень (мора аж пачарнела) адплыў на паўночны захад ўздоўж пабярэжжа Зеландыі ў бок Гельсінгёра. Адтуль ён адразу ж прадоўжыў сваю вандроўку на калёсах па шасэйных дарогах, яшчэ цягам сарака пяці хвілін, увесь час каля самага мора, аж пакуль не дасягнуў сваёй канчатковай мэты – маленькага белага гатэля з зялёнымі аканіцамі, які стаяў пасярэдзіне пасёлка з нізкімі домікамі і сваёю драўлянаю вежаю пазіраў на Зунд і шведскае ўзбярэжжа. Тут ён спыніўся, засяліўся ў светлы пакой, які яму ўжо падрыхтавалі, запоўніў усе паліцы і шафы тым, што ў яго было пры сабе, і намерыўся нейкі час пажыць тут.