Выбрать главу

Не ганьбіце гэтую любоў, Лізавета; яна добрая і жыватворчая. Ёсць у ёй гарачае жаданне і тужлівая зайздрасць, і драбок пагарды, і ўся цнатлівая святасць".

Цяжкая часіна

Ён устаў з-за пісьмовага стала, з-за свайго маленькага хісткага сэкрэтніка, устаў, быццам у адчаі, і, звесіўшы галаву, пайшоў у супрацьлеглы куток пакоя да печы, доўгай і зграбнай, як калона. Ён паклаў рукі на кафлю, але яна ўжо амаль зусім астыла, бо поўнач даўно мінулася, і тады ён прытуліўся, не адчуўшы ані трохі ўтульнасці, якую ён шукаў, спінаю да яе, кашляючы, сцягнуў разам абодва крысы халата, з адваротаў якіх вылазіла нясвежае карункавае жабо, і засоп з цяжкасцю праз нос, каб хоць крышку ўдыхнуць паветра: у яго, як заўсёды, быў катар.

Гэта быў асаблівы і непрыемны катар, які амаль ніколі канчаткова не пакідаў яго. Яго павекі былі запаленыя, а краі ноздраў вельмі балелі; у галаве і ва ўсіх органах цела гэты катар ціснуў, як балючае пахмелле. Можа, ва ўсёй яго слабасці і цяжкасці вінавата было яго пакутнае знаходжанне ў чатырох сценах, якое зноў і зноў на працягу месяцаў прапісваў яму лекар? Бог ведае, ці на карысць гэта было. Вечны катар і сутаргі ў грудзях ды ў ніжняй частцы тулава, магчыма, вымушалі гэта рабіць, бо над Енаю панавала дрэннае надвор’е, тыдзень за тыднем; гэта сапраўды было нікчэмнае і зненавіджанае надвор’е, якое адчувалася ўсімі нервамі, – спусташальнае, змрочнае і халоднае, а снежаньскі вецер скавытаў у комінах пустэльна і безнадзейна, так што гэта нагадвала буру і блуканне ды невылечны жах у душы чалавека, які трапіў у бязлюдны стэп. Але паляпшэння гэтае цеснае зняволенне не прыносіла, не прыносіла карысці для думак і рытму крыві, адкуль нараджаліся думкі…

Шасцікутны пакой, халодны, пусты і нязручны, з пабеленаю столлю, пад якою курыўся тытунёвы дым, з косымі клеткамі шпалераў, на якіх віселі сілуэты ў авальных рамках, і з яго чатырма прадметамі мэблі на тонкіх ножках, быў пагружаны ў святло дзвюх свечак, што гарэлі каля верхняй часткі рукапісу на сэкрэтніку. Чырвоныя фіранкі віселі над верхнімі рамамі вокнаў: гэта былі толькі лапікі, сіметрычна сабраныя ў зборку кавалкі паркалю; але яны былі чырвоныя, цёплага, яркага чырвонага колеру, і ён любіў іх, і не хацеў адмаўляцца ад іх, бо яны надавалі беспачуццёва-ўстрыманай нікчэмнасці яго пакоя штосьці напышлівае і пажадлівае.

Ён стаяў каля печкі і, хутка і балюча-напружана міргаючы, глядзеў на працу, ад якой ён уцёк, – ад гэтага цяжару, гэтых пакут сумлення, гэтага мора, якое трэба было выпіць; ад гэтай жахлівай задачы, якая была яго гонарам і яго няшчасцем, яго небам і яго заклёнам. Гэтая праца цягнулася, яна спатыкалася, яна спынялася – і зноў, і зноў! Надвор’е было вінаватае, і яго катар, і яго зняможанасць. Ці твор? Ці сама праца? Можа, яна была няшчасным і асуджаным на адчай зачаццем?

Ён устаў, каб крыху аддаліцца ад гэтага, бо так часта прасторавая адлегласць ад рукапісу дзейнічала гэткім чынам, што атрымлівалася перспектыва, больш аб’ёмны погляд на матэрыял, які даваў магчымасць прыняць рашэнні. Вось жа, здараліся выпадкі, што пачуццё палёгкі, калі адвярнуцца ад месца змагання, прыносіла адчуванне натхнення. І гэта было больш нявіннае натхненне, чым ад выпітага лікёру ці чорнай моцнай кавы… Маленькі кубачак стаяў на століку. Магчыма, яна дапаможа яму пераадолець перашкоду? Не, не, ніколі больш! Не толькі лекар, але і яшчэ адзін чалавек, куды больш аўтарытэтны, таксама адгаворваў яго ад гэтага – яшчэ адзін, там, у Ваймары, якога ён любіў з тужлівай варожасцю. Той чалавек быў мудры. Ён умеў жыць, тварыць; не здзекаваўся з сябе; быў вельмі дбайны ў дачыненні да сябе…

У доме панавала цішыня. Чуўся толькі вецер, які свісцеў у Замкавым завулку, і дождж, калі яго з дробным стукам заганяла ў шыбы. Усе спалі: гаспадар дома і яго хатнія, Лота і дзеці. А ён стаяў самотна без сну каля астылай печкі і пакутліва глядзеў, міргаючы, у бок твора, што прымушаў яго верыць у сваю хваравітую недасканаласць… Яго белая шыя тырчала над гальштукам, а паміж крысамі халата былі відны яго скрыўленыя ўнутр ногі. Яго рудыя валасы былі зачасаныя ад высокага і белага лба, пакідалі навідавоку пабітыя жылкамі ўпадзіны над скронямі і звісалі над вушамі рэдкімі пасмачкамі. Каля пераносся вялікага выгнутага носа, які выразна заканчваўся белаватай дзюбкаю, амаль шчыльна сыходзіліся густыя бровы, цямнейшыя за валасы на галаве, што надавала позірку глыбока залеглых, нездаровых вачэй штосьці трагічнае. Вымушаны дыхаць толькі ротам, ён растульваў тонкія вусны, а шчокі, пабітыя рабаціннем і змарнелыя ад пакаёвага паветра, абвялі і запалі.