Выбрать главу

"Добрай раніцы, Ірма! А-а… ты, мусіць… ашаломленая" – хацеў ён сказаць, але сам быў ашаломлены. Уваходзячы ў пакой, ён убачыў, што яна рыўком узнялася ад стала, быццам хацела хуценька нешта забраць, але не ведала што. Яна толькі бездапаможна правяла сурвэткай па вуснах, стоячы на месцы і дзіўнавата паглядаючы на яго вялікімі вачыма. На стале былі кава і печыва. З аднаго боку сядзеў стары, пачцівы пан з беласнежнай вострай бародкай, апрануты вельмі прыстойна, і жаваў; ён зірнуў на яго з вялікім здзіўленнем.

Студэнт хуценька сцягнуў з галавы свой капялюш і пачаў сарамліва круціць яго ў руках.

"О, пардон, – сказаў ён, – я не ведаў, што ў цябе госці".

Пачуўшы "цябе", пан перастаў жаваць і ўтаропіўся ў твар дзяўчыны.

Наш небарака не на жарт спужаўся, бо яна проста спалатнела і ўсё яшчэ стаяла нерухома. А стары выглядаў яшчэ горш! Як нябожчык! Валасы, якія яшчэ засталіся ў яго, здавалася, былі непрычасаныя. Хто ж гэта мог быць? Ён паспешліва ламаў сабе галаву. Яе сваяк? Але ж яна яму нічога не казала?.. Ва ўсякім разе, ён з’явіўся тут не ў час… Як шкада! А ён так радаваўся! Цяпер нічога не заставалася, як пайсці! Гэта было агідна! І ніхто яму нічога не сказаў! І як цяпер паводзіць сябе з ёю?

"Што гэта?" – раптам прамовіў стары і азірнуўся вакол сябе сваімі маленькімі, заглыбленымі шэрымі вачыма, нібы чакаючы адказу на гэтае загадкавае пытанне. У яго галаве, відаць, усё пераблыталася. Грымаса, якая з’явілася на яго твары, выглядала досыць недарэчнай. Ніжняя губа бязвольна і недарэчна адтапырылася.

Нашаму герою раптам прыйшло ў галаву назваць сябе. Ён зрабіў гэта даволі няўпэўнена.

"Мяне завуць ***. Я толькі хацеў… я хацеў толькі выказаць маё шанаванне…"

"Якое дачыненне гэта мае да мяне?! – раззлаваўся раптам ганарысты стары. – Што Вам увогуле трэба?"

"Прабачце, я…"

"Ах, што там! Зрабіце ласку пайсці адсюль. Вы ж тут абсалютна лішні. Што, Маўзі?" – пры гэтым ён ласкава падміргнуў Ірме.

Ну вось, хоць наш герой, відавочна, не быў героем, але тон старога быў несумненна крыўдным… Нават не кажучы пра тое, што расчараванне, якое апанавала яго, зусім папсавала яму добры настрой у такой ступені, што ён адразу змяніў свае паводзіны.

"Дазвольце мне, шаноўны пане, – прамовіў ён спакойна і ўпэўнена, – я сапраўды не разумею, што дае Вам права размаўляць са мной такім чынам. Асабліва таму, што я знаходжуся ў гэтым пакоі, мне здаецца, з гэткім самым правам, як і Вы".

Старому гэта ўжо было занадта. Да такога абыходжання ён не прывык. Ніжняя губа ў вялікім хваляванні захадзіла сюды-туды; ён тройчы пляснуў сурвэткай па каленях і, скарыстаўшы ўсе дапаможныя магчымасці сваіх сціплых галасавых сродкаў, выгукнуў:

"Вы – бязглузды юнак… Вы! Вы – бязглузды юнак… Вы!"

Калі зняважаны такім чынам прытрымаў сваю злосць і дапускаў яшчэ магчымасць, што стары можа быць сваяком Ірмы, то цяпер яго цярпенню надышоў канец. Усведамленне свайго становішча ў дачыненні да дзяўчыны ганарліва ўстала ў ім ва ўвесь рост. Яму было ўжо абыякава, кім быў гэты, іншы. Ён быў зганьбаваны самым грубым чынам і яму падалося, што ён дзейнічае паводле добрых звычаяў свайго "права гаспадара дома", калі ён крута павярнуўся да дзвярэй і з вар’яцкай рэзкасцю запатрабаваў ад шаноўнага старога пана зараз жа пакінуць жыллё.

Стары на нейкі момант знямеў. Потым ён залапатаў то са смехам, то са слязьмі, а яго позірк між тым блукаў па пакоі.

"Не… каб… такое… але, не… каб такое! Божа міласэрны, што… скажаш Ты на гэты конт?" – пры гэтым ён, у пошуках дапамогі, пазіраў наверх у кірунку Ірмы, якая адвярнулася і не адклікалася ніводным гукам.

Калі няшчасны стары зразумеў, што ад яе не варта чакаць ніякай падтрымкі, а, акрамя таго, з-пад яго ўвагі не выслізнула пагрозлівая нецярплівасць, з якой яго праціўнік паўтарыў свой жэст у бок дзвярэй, ён прызнаў сваю паразу.

"Я пайду, – сказаў ён з высакароднай пакораю, – я зараз жа пайду. Але мы яшчэ пагаворым, Вы – хлапчук! Вы!"

"Вядома, мы пагаворым! – закрычаў наш герой. – Абавязкова! Ці Вы думаеце… шаноўны, што Вы так дарма зрушылі мне на галаву Вашую лаянку! А пакуль што – прэч!"

Калоцячыся і стогнучы, стары з цяжкасцю ўстаў з крэсла. Шырокія калашыны штаноў матляліся вакол яго худых ног. Ён трымаўся за паясніцу і ледзьве не ссунуўся зноў на крэсла. Гэта выклікала ў ім сентыментальны настрой.