Дажджу не было, на небе сям-там свяцілі зоркі, і яны не скарысталіся экіпажам. Няспешна, нязмушана размаўляючы, яны ўтраіх крочылі перада мною, а я ішоў за імі на асцярожнай адлегласці, прыгнечаны, церпячы пакуты ад востра балючага, здзеклівага, тужлівага пачуцця… Ісці трэба было недалёка; як толькі яны прайшлі вуліцу да канца ды спыніліся перад салідным домам з простым фасадам, адразу ж бацька з дачкою пасля кароткага развітання са сваім спадарожнікам зніклі ў доме, а ён таксама паспяшаўся адтуль.
На цяжкіх разных дзвярах дома можна было прачытаць імя: "Радца юстыцыі Райнэр".
XIII
Я цвёрда вырашыў давесці гэтыя нататкі да канца, хоць, адчуваючы ўнутранае супраціўленне, мне хацелася б у любы момант падскочыць і ўцячы прэч. У гэтай справе я выпетраны і вычарпаны да знямогі! Мне ўсё гэта абрыдла да агіднасці!..
Не прайшлі і тры месяцы, як газеты праінфармавалі мяне пра "кірмаш", які ў дабрачынных мэтах ладзіўся ў ратушы горада, і менавіта з удзелам шляхетнага свету. Я ўважліва прачытаў гэтую аб’яву і адразу ж вырашыў наведаць той "кірмаш". Яна, напэўна, будзе там, падумаў я, магчыма як прадавачка, і ў такім выпадку нічога не перашкодзіць мне наблізіцца да яе. Спакойна разважыўшы, што я ўсё-такі чалавек адукаваны і з добрай сям’і і што, калі мне спадабаецца гэтая фройляйн Райнэр, то мне ў такім выпадку будзе не ў меншай меры, чым таму пану з дзіўнаю манішкай, дазволена загаварыць з ёй, перакінуцца параю жартаўлівых слоў…
Быў ветраны і дажджлівы надвячорак, калі я накіраваўся да ратушы, перад брамай якой віраваў натоўп людзей і экіпажаў. Я прабіўся ў будынак, заплаціў уваходныя грошы, здаў плашч і капялюш у гардэроб і з пэўным намаганнем трапіў шырокімі, запоўненымі людзьмі сходамі на другі паверх і ў святочную залу, якая сустрэла мяне ўстойлівымі пахамі віна, страў, парфумы і яловых галінак, бязладным шумам рогату, размоў, музыкі, выкрыкаў і ўдараў гонга.
Надзвычай прасторнае шырокае памяшканне было страката ўпрыгожана сцяжкамі і гірляндамі, а каля сцен, як і пасярэдзіне, цягнуліся павільёны, адкрытыя лаўкі і закрытыя кіёскі, наведаць якія на поўныя грудзі запрашалі паны ў фантастычных масках. Жанчыны, якія навокал прадавалі кветкі, самаробныя рэчы, тытунь і ўсялякія напоі, таксама былі касцюміраваныя самым розным чынам. У верхнім канцы залы на эстрадзе, абсаджанай раслінамі, граў аркестрык, у той час як у шырокім праходзе, які гандляры пакінулі вольным, паволі рухалася кампактнае шэсце людзей.
Крыху агаломшаны гукамі музыкі, выклікамі шчаслівых нумароў латарэі, вясёлай рэкламы, я ўключыўся ў людскую плынь, і не прайшла хвіліна, як на адлегласці чатырох крокаў ад увахода я ўбачыў тую паненку, якую шукаў. Яна гандлявала віном і ліманадам у маленькім кіёску, упрыгожаным вянком з яловых галінак, і была апранутая пад італьянку: у стракатай спадніцы, белым чатырохкантовым галаўным уборы і ў кароткай камізэльцы албанак, малыя рукавы якой агалялі яе прывабныя рукі да локцяў. Крыху разгарачаная, яна прыхілілася да прылаўка, гуляючы са сваім стракатым веерам, і вяла нязмушаныя размовы з групай мужчын, якія, палячы, абступілі яе кіёск і сярод якіх я адразу ж заўважыў добра знаёмага; ён стаяў каля прылаўка найбліжэй да яе, схаваўшы па чатыры пальцы кожнай рукі ў бакавыя кішэні свайго пінжака.
Я паволі праціскаўся наперад, поўны рашучасці падысці да яе, як толькі надарыцца такая мажлівасць, калі яна не будзе такая занятая… Ах! Цяпер жа павінна было выявіцца, ці валодаю я яшчэ рэшткамі вясёлай упэўненасці і саманадзейнага спрыту, або змрочнасць і паўадчай маіх апошніх тыдняў былі апраўданымі? Што мяне так заводзіла? Адкуль бярэцца, калі я бачу гэтую дзяўчыну, гэтае пакутнае і мярзотнае змешанае пачуццё зайздрасці, кахання, сораму і раздражнёнай горычы, якое зноў, прызнаюся, распаліла мой твар? Шчырасць! Прыязнасць! Вясёлая і прывабная самазадаволенасць, да д’ябла, ці да твару яны таленавітаму і шчасліваму чалавеку! І я, нервова ўзбуджаны, прыгадаў жартаўлівы зварот, добрае слова, італьянскае вітанне, з якім я меў намер наблізіцца да яе…
Прайшло не так шмат часу, пакуль я, павольна рухаючыся ў натоўпе, пераадолеў шлях вакол залы; і сапраўды: калі я зноў падышоў да віннага кіёска, паўкола мужчын знікла, і толькі добра знаёмы стаяў, абапёршыся на стойку, і самым ажыўленым чынам размаўляў з маладой прадавачкай. Нічога не зробіш, я мусіў сабе дазволіць перарваць гэтую размову… І рэзкім паваротам я пакінуў тую плынь ды трапіў да прылаўка.