Што здарылася? Ах, нічога! Амаль нічога! Размова перапынілася, знаёмы пан адступіў на крок убок, прычым ён усімі пяццю пальцамі згроб сваё незвычайнае пенснэ і пачаў разглядваць мяне праз гэтыя пяць пальцаў, а паненка мімаходзь зірнула на мяне запытальным позіркам – зверху ад касцюма ўніз да ботаў. Гэты касцюм быў зусім не новы, і гэтыя боты былі запэцканыя дарожным брудам, я гэта ведаў. Акрамя таго, я быў распалены, і мая прычоска, зусім магчыма, была не ў парадку. Я быў нястрыманы, несвабодны, не на вышыні сітуацыі. Адчуванне, што я, чужы, непаўнапраўны, старонні, перашкаджаў тут і выстаўляў сябе ў смешным выглядзе, апанавала мяне. Няўпэўненасць, бездапаможнасць, нянавісць і адчуванне сваёй нікчэмнасці азмрочылі мой позірк; адным словам, я выканаў свае адважныя намеры, з пагрозліва зведзенымі бровамі прамовіўшы хрыпатым голасам і коратка, амаль груба:
"Прашу келіх віна".
Цяпер абсалютна ўсё роўна, ці памыліўся я, калі мне здалося, што я заўважыў, як дзяўчына кінула хуткі, насмешлівы, быццам гуллівы, позірк у бок свайго сябра. Ні слова не кажучы, як і мы абодва, яна падала мне віно, і, не падымаючы вачэй, пачырванелы і збянтэжаны ад злосці і болю, я, няшчасная і смешная постаць, стаяў паміж гэтымі дваімі, зрабіў пару глыткоў, паклаў грошы на прылавак, разгублена пакланіўся, пакінуў залу і выскачыў на волю.
З гэтага моманту са мной усё скончана, і я нічога значнага не скажу, калі дадам, што праз пару дзён знайшоў у часопісах аб’яву:
"Маю гонар шчыра паведаміць пра заручэнне маёй дачкі Ганны з панам асэсарам д-рам Альфрэдам Віцнагелем. Радца юстыцыі Райнэр".
XIV
З гэтага моманту са мной усё скончана. Мае апошнія рэшткі ўсведамлення шчасця і самазадаволенасці загнаныя да смерці, зламаныя; я больш не магу, так, я няшчасны, я прызнаюся ў гэтым, у сабе я бачу вартую жалю і смешную фігуру!.. Але я гэтага не вытрываю! Я гіну! Я застрэлюся, сёння ці заўтра!
Маім першым памкненнем, маім інстынктам была хітрая спроба здабыць з гэтай справы літаратурнае зерне, каб перайначыць сваё нікчэмнае самаадчуванне ў "няшчаснае каханне": дурасць, як ужо відаць само па сабе. Ад няшчаснага кахання ніхто не гіне. Няшчаснае каханне – гэта становішча, але не кепскае. У няшчасным каханні ты падабаешся сам сабе. А я гіну ад таго, што з усёй прыязнасцю да самога сябе безнадзейна скончана!
А ці кахаў я, калі, урэшце, гэтае пытанне дазволена, ці кахаў я гэтую дзяўчыну?.. Магчыма… Але як і за што? Ці не было гэтае каханне плёнам майго даўняга раздражнёнага і хваравітага самалюбства, якое пры першым позірку на гэтую недасягальную каштоўнасць было пакутна ўзбурана і выклікала такія пачуцці, як зайздрасць, нянавісць, самапагарду, для якіх каханне было толькі нагодай, выйсцем і ўратаваннем?
Сапраўды, усё гэта было толькі славалюбствам! І ці не назваў мой бацька мяне ўжо аднойчы паяцам?
Не, я не меў права, пагатоў – я, выводзіць сябе з гульні і ігнараваць "грамадства"; я, занадта славалюбны, каб трываць іхнюю непавагу і пагарду; я, які не можа абысціся без іх саміх і іхніх воплескаў!.. Але сутнасць не ў праве? А ў неабходнасці? І маё непатрэбнае блазнаванне было б непрыдатным для любога сацыяльнага становішча? Значыць, якраз з прычыны гэтага блазнавання я ва ўсякім выпадку павінен быў загінуць.
Абыякавасць, я ўпэўнены, была б свайго кшталту шчасцем… Але я не ў змозе быць абыякавым у дачыненні да сябе, я не ў стане глядзець на сябе іншымі вачыма, чым вачыма "людзей", і я загіну ад нячыстага сумлення… цалкам нявінны… Няўжо нячыстае сумленне ніколі не можа быць нічым іншым, як толькі гнілым самалюбствам?..
Існуе толькі адно няшчасце: усведамленне таго, што ты сам сабе не падабаешся. Не падабацца самому сабе – гэта няшчасце… а-а, а я заўсёды адчуваў гэта вельмі выразна! Усё астатняе – гульня і ўзбагачэнне жыцця, ва ўсякіх іншых пакутах можна быць так надзвычайна задаволеным сабою, так выдатна адчуваць сябе выняткам! Толькі разлад з самім сабою, нячыстае сумленне ў пакутах, агрэсія самалюбства ў першую чаргу надаюць табе выгляд, варты жалю і агіды…
Раптам аднекуль з’явіўся стары знаёмы, пан Шылінг, з якім я калісьці служыў на карысць грамадству на вялікім прадпрыемстве пана Шліфогта. Ён па сваіх гандлёвых справах прыехаў у горад і вырашыў наведаць мяне – "скептычны індывід", рукі ў кішэнях штаноў, у пенснэ з чорнымі кантамі і рэалістычна цярплівым пацісканнем плячыма. Ён з’явіўся вечарам і сказаў:
"Я прабуду тут некалькі дзён".
Мы пайшлі ў шынок.
Ён павёў сябе са мною, як быццам я ўсё яшчэ той шчаслівы сябелюб, якім ён ведаў мяне, і ў добрай надзеі, што гэта супадае з маім вясёлым меркаваннем, ён сказаў: