"Божа мой, ты як след наладзіў сваё жыццё, малады чалавек! Самастойны, так? Вольны! У прынцыпе, твая праўда, д’ябал цябе забяры! Жывём толькі адзін раз, ці не так? А якая ўвогуле нам справа да ўсяго астатняга? Ты разумнейшы, чым я, тут я павінен прызнацца. Між іншым, ты заўсёды быў геніем…" І, як і калісьці, ён працягваў з ахвотай выказваць мне словы прызнання, быць прыемным мне, не здагадваючыся, што я, у сваю чаргу, быў перапоўнены страхам, што не спадабаюся яму.
З адчайнымі намаганнямі я імкнуўся зацвердзіць за сабою месца, якое я заняў у яго ўяўленні, што я ўсё яшчэ на вышыні, што я шчаслівы і самазадаволены – дарма! У мяне не было ані цвёрдасці характару, ані бадзёрага настрою, ані вытрымкі; я адказваў яму слабай засаромленасцю, змрочнай няўпэўненасцю – і ён зразумеў гэта з неверагоднай хуткасцю! Жахліва было бачыць, як ён, які быў цалкам гатовы прызнаць, што я шчаслівы і вышэйшы за яго чалавек, пачаў разумець маю сутнасць, пазіраць на мяне са здзіўленнем, рабіцца адчужаным, набываць пачуццё перавагі, рабіцца нецярплівым і незычлівым і, нарэшце, кожнаю грымасай выяўляць сваю пагарду да мяне. Ён рана пайшоў, а назаўтра некалькі беглых радкоў паведамілі мне, што ён усё-такі вымушаны ад’ехаць.
Гэта факт, што людзі, занадта ўжо энергічна занятыя самімі сабою, не могуць сур’ёзным чынам сфарміраваць сваё меркаванне пра іншага; яны з інертнай гатоўнасцю ставяцца да цябе з той ступенню павагі, з якой ты ўпэўнена ставішся да сябе. Будзь якім хочаш, жыві як хочаш, але дэманструй дзёрзкую ўпэўненасць, а не нячыстае сумленне, і ні ў кога не хопіць станоўчых маральных якасцей, каб пагарджаць табою. З другога боку, паспытай на сабе страту адзінства з самім сабою, адсутнасць самалюбства, пакажы, што ты пагарджаеш сабою, і табе слепа павераць… Што да мяне, то я зусім прапаў…
Я пакідаю сваю пісаніну, я адкідваю пяро – поўны агіды, поўны агіды!.. Канчаць – але для такога "паяца" ці не было б гэта амаль што гераічным учынкам? Баюся, потым выявіцца, што я зноў буду есці, спаць і крышку нечым займацца і паступова тупа звыкнуся з тым, што я "няшчасны і смешны" тыпус.
Божа мой, хто б падумаў, хто б мог падумаць, што надараецца такі лёс і няшчасце нарадзіцца "паяцам"!
Тобіяс Міндэрнікель
І
Адна з вуліц, якія даволі стромка вялі ад набярэжнай у цэнтр горада, называлася Шэры тракт. Амаль што пасярэдзіне гэтай вуліцы з правага боку, калі ісці ад ракі, стаіць дом № 47, вузкі змрочны будынак, які нічым не адрозніваецца ад суседніх. На яго першым паверсе знаходзіцца крама дробных тавараў, у якой можна набыць гумовы абутак і рыцыну. Калі ісці, зазіраючы ў двор, у якім гойсаюць каты́, цераз яго калідор, то цесная і выцертая нагамі драўляная лесвіца, на якой увесь час адчуваюцца невыносна цяжкія і кепскія пахі, выведзе вас на верхнія паверхі. На другім паверсе злева жыве сталяр, справа – акушэрка. На трэцім паверсе злева жыве шавец, справа – дама, якая, як толькі на лесвіцы пачуюцца крокі, пачынае гучна спяваць. На чацвёртым паверсе злева кватэра пустуе, справа жыве мужчына з прозвішчам Міндэрнікель, які, акрамя таго, мае імя Тобіяс. Пра гэтага чалавека маецца гісторыя, якую варта распавесці, бо яна загадкавая і надзвычай ганебная.
Знешнасць Міндэрнікеля адмысловая, дзіўная і смешная. Калі, напрыклад, назіраць за ім на шпацыры – як яго хударлявая фігура, абапіраючыся на кіёк, рухаецца ўгару па вуліцы – то можна ўбачыць, што ён апрануты ў чорнае з галавы да ног. На ім старамодны, пагнуты і лінялы цыліндр, цесны і выцерты пінжак і такія ж зношаныя штаны, унізе растрапаныя і такія кароткія, што відаць гумкі паўбоцікаў. Але трэба адзначыць, што гэтае адзенне вельмі дбайна вычышчана. Яго хударлявая шыя здаецца яшчэ даўжэйшай, бо яна вытыркаецца з нізкага адкладнога каўняра. Пасівелыя валасы зачасаныя роўна і нізка на скроні, а шырокае поле капелюша зацямняе выгалены бледны твар з упалымі шчокамі і запаленымі вачыма, позірк якіх рэдка адрываецца ад долу, і дзве глыбокія зморшчыны, якія жудасна цягнуцца ад носа да апушчаных уніз куточкаў рота.
Міндэрнікель рэдка выходзіць з дому, і на гэта ёсць прычына. Бо як толькі ён з’яўляецца на вуліцы, збягаецца гурма дзяцей, якія даволі ладны кавалак шляху бягуць за ім, смяюцца, здзекуюцца, спяваюць: "Го, го, Тобіяс!" і тузаюць яго за пінжак, а людзі выходзяць за парог і забаўляюцца відовішчам. А ён ідзе, ніяк не баронячыся, а толькі спалохана азіраючыся, з высока паднятымі плячыма і выцягнутай галавою, як чалавек, які без парасона спяшаецца праз лівень; і хоць яму смяюцца ў твар, ён сям-там вітаецца з пакорлівай ветлівасцю з тымі людзьмі, якія стаяць перад дзвярыма. Потым, калі дзеці адстаюць, калі яго ўжо ніхто не ведае і толькі сёй-той азіраецца на яго, яго паводзіны істотна не мяняюцца. Ён раз за разам баязліва азіраецца і прыгорблена рухаецца, як быццам адчувае на сабе тысячы здзеклівых позіркаў, і калі ён нерашуча і баязліва ўздымае вочы ўгару, то можна заўважыць асаблівасць: ён не ў змозе ўпэўнена і спакойна затрымаць свой позірк на чалавеку, нават на нейкай рэчы. Здаецца, хоць гэта можа гучаць і дзіўна, яму не хапае натуральнай, пачуццёва ўспрымальнай перавагі, з якой асобны індывід глядзіць на свет з’яў, здаецца, што ён адчувае сябе залежным ад любой з’явы, і яго вочы, якія не маюць апірышча, вымушаны спаўзаць з чалавека і рэчы долу…