Выбрать главу

У наступнай хвілі ён ужо ляжаў на канапе, а Тобіяс стаяў перад ім укленчыўшы, прыціскаў тканіну да раны і мармытаў:

"Мая бедная істота! Мая бедная істота! Як гэта ўсё журботна! Якія няшчасныя мы абодва! Ты пакутуеш? Ну, ну, я ведаю, ты пакутуеш… Як маркотна ты тут ляжыш перада мною! Але я, я з табою! Я суцешу цябе! Я сваю найлепшую насоўку…"

Але Ісаў ляжаў і смяртэльна хрыпеў. Яго патухлыя вочы з застылым пытаннем ў іх былі поўныя неўразумення, нявіннасці і жальбы, яны былі скіраваныя на свайго гаспадара… Потым ён яшчэ крыху выцягнуў ногі і сканаў.

Тобіяс жа нерухома застыў у той самай позе. Ён паклаў свой твар на тулава Ісава і несуцешна заплакаў.

Луізхен

І

Бываюць шлюбы, узнікненне якіх не можа ўявіць сабе нават самая літаратурна спрактыкаваная фантазія. Іх трэба ўспрымаць так, як у тэатры ўспрымаюць авантурныя сувязі супрацьлегласцей: старасць і тупасць з прыгажосцю і жыццярадаснасцю, якія даюцца як умова і ўтвараюць аснову для матэматычнай пабудовы анекдота.

Што да жонкі адваката Якобі, то яна была маладой і прыгожай, жанчынаю надзвычайнай прывабнасці. Да, скажам, трыццаці гадоў яна, як яе і ахрысцілі, мела імёны Ганна, Маргарыта, Роза, Амалія, але калі склалі разам іх пачатковыя літары, то яе пачалі называць не інакш як Амра імя, якое сваім экзатычным гучаннем пасавала да яе асобы, як ніякае іншае. Бо хоць цёмны колер яе густых мяккіх валасоў, якія яна насіла з праборам і зачэсанымі ад ілба на два бакі, меў толькі рудаватасць каштана, яе скура вылучалася абсалютна паўднёвай матавай і цёмнай смуглявасцю, і гэтая скура абцягвала формы, якія выспелі пад паўднёвым сонцам і сваёй вегетатыўнай ды неадчувальнай раскошай нагадвалі знешнасць якой-небудзь султанавай жонкі. Гэтае ўражанне, якое выклікалася кожным яе пажадліва няспешным рухам, цалкам супадала з думкаю, што, напэўна, яе розум падпарадкоўваўся сэрцу. Варта было ёй толькі адзін раз, незвычайным чынам ускінуўшы свае прыгожыя бровы гарызантальна на амаль прывабліва вузкі лобік, зірнуць сваімі наіўнымі карымі вачыма, і табе ўсё было зразумела. Але і сама яна не была дастаткова простай, каб не разумець гэтага; яна проста пазбягала выдаваць сябе дарэшты, таму размаўляла рэдка і мала: жанчыну, прыгожую і небалбатлівую, цяжка чым папракнуць. Не, слова "прасцячка" ўвогуле менш за ўсё характарызавала яе. Яе позірк быў не вельмі разумны, але ў ім хаваліся пэўныя пажадлівыя хітрыкі, і добра было відаць, што гэтая жанчына не была настолькі абмежаванай, каб мець схільнасць наклікаць бяду… Магчыма, між іншым, яе нос у профіль здаваўся завялікім і мясістым; але яе прыпухлы і шырокі рот быў дасканала прыгожым – што праўда, акрамя пачуццёвасці, больш нічога не выяўляючы.

Дык вось, гэтая жанчына, якая выклікала хваляванне, была жонкаю прыкладна саракагадовага адваката Якобі, і той, хто бачыў яго, здзіўляўся. Ён быў у целе, гэты адвакат, ён быў больш чым у целе, ён быў сапраўдны мужчына-волат! Яго ногі, заўсёды апранутыя ў шэра-попельнага колеру штаны, сваёй калонападобнай бясформеннасцю нагадвалі ногі слана, яго выгнутая ад набітага тлушчу спіна нагадвала спіну мядзведзя, а неймаверную акругласць яго жывата ахінаў дзіўны зялёна-шэры каптанчык, які ён звычайна насіў туга зашпіленым на адзін гузік, так што крыссё з абодвух бакоў даставала аж да плячэй, як толькі гузік расшпільваўся. Але на гэтым магутным тулаве амаль без пераходу на шыю сядзела адносна маленькая галава з вузкімі і вадзяністымі вочкамі, кароткім тугім носам і вісячымі ад перапоўненасці шчокамі, паміж якімі губляўся зусім маленькі роцік з тужліва абвіслымі краямі вуснаў. Круглы чэрап, як і верхняя губа, быў парослы рэдкім і шорсткім бялявым шчаціннем, сярод якога і там і сям паблісквала голая скура, як у перакормленага сабакі… Але ўсяму свету мелася быць зразумелым, што паўната адвакацкага цела была нездаровага кшталту. Яго як уздоўж, так і ўпоперак агромністае цела было занадта тлустае, без мышцаў, і часта можна было назіраць, як кроў раптам прылівала да яго расплывістага твару, каб гэтак жа сама раптоўна саступіць жаўтаватай бледнасці, у той час як яго вусны расцягваліся ў кіслую грымасу.