Выбрать главу

Пасля яды, калі ўсе перайшлі ў пакой адпачынку і доктар Леандэр пажадаў, асабліва новым гасцям, каб яда паспрыяла іх здароўю, жонка пана Клётэр’яна зацікавілася сваім візаві.

"Як завуць таго пана? – запыталася яна. – Шпінэлі? Я не зразумела прозвішча".

"Шпінэль… не Шпінэлі, шаноўная пані. Не, ён не італьянец, а родам з Лембэрга, наколькі мне вядома…"

"Што Вы кажаце? Ён пісьменнік? Ці хто?" – спытаў пан Клётэр’ян; ён трымаў рукі ў кішэнях сваіх зручных англійскіх штаноў, схіліўшы вуха да доктара і прыадкрыўшы рот, паводле звычкі некаторых людзей – каб лепш чуць.

"Ну, я не ведаю… ён нешта піша…, – адказаў доктар Леандэр. – Мне здаецца, ён апублікаваў кнігу, штосьці накшталт рамана, я сапраўды не ведаю…"

Гэтае паўторанае "я не ведаю" намякала, што доктар Леандэр не надаваў вялікага значэння пісьменніку і не браў ніякай адказнасці за яго.

"Але ж гэта вельмі цікава!" – сказала жонка пана Клётэр’яна. Яна яшчэ ніколі не бачыла перад сабою ніводнага жывога пісьменніка.

"Так-так, – сказаў доктар Леандэр ветліва. – Кажуць, што ён карыстаецца пэўным аўтарытэтам…" І больш пра пісьменніка там не размаўлялі.

Але крыху пазней, калі новыя госці сышлі і доктар Леандэр хацеў таксама пакінуць пакой, яго затрымаў пан Шпінэль і, са свайго боку, таксама пацікавіўся.

"Як прозвішча гэтай па́ры? – спытаўся ён. – Я, вядома, нічога не зразумеў".

"Клётэр’ян", – адказаў доктар Леандэр і намерыўся зноў пайсці.

"То якое прозвішча ў мужчыны?" – спытаў пан Шпінэль.

"Клётэр’ян іх прозвішча!" – сказаў доктар Леандэр і пайшоў сваёй дарогаю… Ён не надаваў пісьменніку вялікага значэння.

VI

Мы, здаецца, ужо дайшлі да таго моманту, калі пан Клётэр’ян зноў вярнуўся дадому? Напраўду, ён ужо знаходзіўся на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, заняты сваімі справамі і сваім дзіцем, гэтай дзёрзкай і жывою малою істотай, якая каштавала маці вельмі вялікіх пакут і невялікай хваробы трахеі. Яна ж сама, маладая жанчына, засталася ў "Айнфрыдзе", і жонка радцы магістрата Шпаца далучылася да яе як старэйшая сяброўка. Але гэта не перашкаджала таму, што жонка пана Клётэр’яна падтрымлівала прыязныя стасункі таксама і з іншымі кліентамі, напрыклад з панам Шпінэлем, які, на здзіўленне ўсіх (бо ён да гэтага часу з ніводнай душою не падтрымліваў прыязных стасункаў) з самага пачатку выяўляў надзвычайную адданасць і паслужлівасць у дачыненні да яе і з кім яна ў вольныя гадзіны, якія пакідаў ёй строгі парадак дня, з задавальненнем вяла нязмушаныя размовы.

Ён набліжаўся да яе з незвычайнай асцярожнасцю ды пачцівасцю і звяртаўся да яе не інакш, як старанна прыглушаным голасам, так што жонка радцы Шпаца, хворая на вушы, найчасцей увогуле нічога не разумела з таго, што ён казаў. Ён на дыбачках сваіх вялізных ног падступаўся да фатэля, у якім з пяшчотнаю ўсмешкай сядзела, адкінуўшыся назад, жонка пана Клётэр’яна; спыняўся на адлегласці двух крокаў, трымаў адну нагу адстаўленаю назад і, нахіліўшы тулава, пачынаў гаварыць сваім затарможаным і чвякальным голасам ціха, настойліва і з гатоўнасцю ў любы момант хуценька адступіцца і знікнуць, як толькі з’явяцца прыкметы знямогі ці нездавальнення. Але ён не надакучваў ёй; яна запрашала яго сесці побач з ёю і жонкаю радцы, задавала яму нейкае пытанне і слухала яго з усмешкай і цікавасцю, бо слухаць яго было часам гэтак пацешна і дзіўна, як нікога ніколі раней.

"Чаму Вы патрапілі ў "Айнфрыд?"" – пыталася яна. – Якое лячэнне Вам спатрэбілася, пане Шпінэль?"

"Лячэнне?.. Я прымаю невялічкія электрычныя працэдуры. Не, гэта не варта і размовы. Я Вам скажу, шаноўная пані, чаму я тут… Дзеля стылю…"

"А!" – сказала жонка пана Клётэр’яна, абаперла падбароддзе на руку і павярнулася да яго з перабольшанай цікавасцю, якую часта найграна паказваюць дзецям, калі тыя хочуць штосьці распавесці.

"Так, шаноўная пані. "Айнфрыд" – гэта сапраўдны ампір, гэта – былы замак, летняя рэзідэнцыя, як мне кажуць. Гэты бакавы флігель – прыбудова пазнейшага часу, але галоўны корпус – старадаўні й арыгінальны. Бываюць часы, у якія мне ампіру проста не хапае, у якія мне, каб дасягнуць сціплай ступені добрага самаадчування, ён абавязкова патрэбны. Зразумела, сярод мэблі, мяккай і зручнай нават аж да непрыстойнасці, адчуваеш сябе зусім не так, і зусім інакш паміж гэтымі прамалінейнымі сталамі, фатэлямі і драпіроўкамі… Гэтая яркасць і цвёрдасць, гэтая халодная, грубая простасць і ўстойлівая суровасць надаюць мне ўпэўненасці і гонару, шаноўная пані, усё гэта на працяглы час утрымлівае ўва мне чысціню і ўзнаўленне духу, узвышае мяне маральна, несумненна…"