"Сёння падчас майго ранішняга шпацыру я ўбачыў прыгожую жанчыну… О Божа, якая яна была прыгожая!" – сказаў ён, схіліў галаву набок і расставіў рукі.
"Праўда, пане Шпінэль? Апішыце ж мне яе!"
"Не, гэта я не магу! Альбо я Вам падам скажоны яе партрэт. Я даму ўбачыў толькі мімаходзь, слізгануў толькі на нейкія паўвока позіркам, я ў сапраўднасці яе не бачыў. Але расплывістага ценю ад яе, які я ўспрыняў, хапіла, каб раздражніць маю фантазію і пакінуць у мяне вобраз, які – цудоўны… О Божа, ён цудоўны!"
Яна засмяялася. "Гэта такая Ваша манера назіраць за прыгожымі жанчынамі, пане Шпінэль?"
"Але, шаноўная пані; і гэта лепш, чым я, нетактоўна і з прагай рэалістычнасці, утароплюся ў твар і атрымаю ўражанне бездакорнай фактычнасці…"
"Прага рэалістычнасці… Гэта дзіўнае словазлучэнне! Сапраўднае пісьменніцкае слова, пане Шпінэль! Але яно робіць на мяне ўражанне, хачу Вам сказаць. У ім ёсць сёе-тое, што я мала разумею, штосьці незалежнае і вольнае, што нават вызваляе ад павагі да рэчаіснасці, хоць яна самае паважанае з таго, што існуе, нават і ёсць сама павага… І тады я разумею, што ёсць нешта, акрамя рэальнага, штосьці больш тонкае…"
"Я ведаю толькі адзін твар, – раптам сказаў ён з дзіўна радаснай зменаю ў голасе, узняў сціснутыя ў кулакі далоні да плячэй і ў экзальтаванай усмешцы вышчарыў свае карыёзныя зубы. – Я ведаю толькі адзін твар, жаданне палепшыць чыю ўпрыгожаную шляхетнасцю рэчаіснасць маім уяўленнем было б грахом; гэты твар я хацеў бы разглядаць, на ім я хацеў бы засяродзіцца не на хвіліны, не на гадзіны, а на ўсё сваё жыццё, згубіцца цалкам у ім і дзеля яго забыцца на ўсё зямное…"
"Праўда, праўда, пане Шпінэль! Толькі адно – у фройляйн фон Остэрла даволі моцна вытыркаюцца вушы".
Ён прымоўк і нізка пакланіўся. Калі ён зноў выпрастаўся, яго вочы спыніліся з выразам разгубленасці і болю на маленькай дзіўнай жылцы, якая бледна-блакітна і хваравіта адгаліноўвалася на чысціні яе празрыстага лоба.
VII
Дзівак, які незвычайны тып! Жонка пана Клётэр’яна часам думала пра яго, у яе ж было вельмі шмат часу на роздумы. Ці справа палягала ў тым, што змена паветра пачала не апраўдваць надзеі, звязаныя з ёю, ці нейкае шкоднае ўражанне падзейнічала на яе: яе самаадчуванне пагоршала, стан трахеі, здавалася, мог бы быць і лепшым, яна адчувала сябе слабаю, зморанай, апетыт адсутнічаў, часта павышалася тэмпература; і доктар Леандэр самым настойлівым чынам рэкамендаваў ёй спакой, адсутнасць хваляванняў і асцярожнасць. Такім чынам, яна сядзела, калі не вымушана была ляжаць, у кампаніі жонкі радцы Шпаца, паводзіла сябе спакойна, трымаючы на падоле ручную работу, з якой яна нічога не рабіла, і заглыблялася ў свае розныя думкі.
Напраўду, ён займаў яе думкі, гэты незвычайны пан Шпінэль, і – што было дзіўным не толькі адносна яго, але і самой сябе – нейкім чынам ён абуджаў у ёй незвычайную цікаўнасць, невядомую ёй раней цікавасць да свайго ўласнага існавання. У адной размове ён выказаўся:
"Не, гэта ўсё ж такі штосьці загадкавае – жанчыны… здаецца, нічога новага – а ты ніяк не можаш адарвацца ад факта і не дзівіцца з яго. Гэта дзіўнае стварэнне, незямная істота, паветранае ўтварэнне, казачная мара. Што яна робіць? Яна ідзе і аддаецца кірмашоваму асілку ці кулачнаму байцу. Яна ідзе поруч з ім, магчыма, нават схіляе сваю галаву на яго плячо і пры гэтым, хітра ўсміхаючыся, азіраецца, быццам хоча сказаць: "Ну, што ж, ламайце сабе галовы наконт гэтай з’явы!" І мы ламаем іх…"
Гэтыя словы яшчэ раз змусілі задумацца жонку пана Клётэр’яна.
А аднаго разу ўвечары на здзіўленне жонкі радцы Шпаца паміж імі адбыўся наступны дыялог.
"Можна ў Вас, шаноўная пані (але гэта ўжо, мусіць, нясціпла) спытаць, як Вас завуць, як Ваша сапраўднае прозвішча?"
"Маё прозвішча Клётэр’ян, пане Шпінэль!"
"Гм… Гэта я ведаю. Ці лепей: я адмаўляю гэта. Я маю на ўвазе Ваша сапраўднае ўласнае прозвішча, з дому. Вы будзеце мець рацыю і заўважыце, шаноўная пані, што той, хто захацеў бы назваць Вас пані Клётэр’ян, заслугоўвае бізуна".
Яна засмяялася так сардэчна, што сіняя жылка над яе брывом праступіла на страх выразна і надала яе пяшчотнаму міленькаму твару выраз напружання і трывогі, які вельмі занепакоіў.
"Не! Бог барані, пане Шпінэль! Бізун? Няўжо "Клётэр’ян" выклікае ў Вас такі жах?"
"Сапраўды, шаноўная пані, я ўсёю душою ненавіджу гэтае прозвішча з таго часу, як пачуў яго ўпершыню. Яно смешнае, да жаху непрыгожае, і гэта варварства і подласць, калі традыцыя дапускае магчымасць пераносіць прозвішча Вашага пана мужа на Вас".